У Вялікім Свеце — В’етнам, падрыхтоўка Еўрапейскай нарады, працэс над Анджэлай Дэвіс.
Вымярзае пшаніца на Кубані.
Разважанне Талстога: «У каждого человека должен быть свой врожденный стыд, и это прекрасно, что он закрывает одеждой все то, что не нужно, и оставляет открытым только то, в чем выражается духовное, т. е. лицо».
Творчы эгаізм, відаць, непазбыўны ў нас (у мне). Радасць сваёй творчай удачы, безумоўна, большая, чьт радасць .за іншых. Ды справа не ў мерцы: больш-менш. — а ў самой сутнасці ўспрыняцця.
Творчасць, як і адносіны да жанчыны, выдаюць нашу эгаістычнасць. Недзе ў 2-м класе (7 гадоў) я збіраўся напісаць заметку ў піянерскую газету пра тое, што ў нашым класе вучыцца на двойкі «Белка» (здаецца, нават мой таварыш па парце). Я пачынаў і кідаў, было незразумелае мне гідкае адчуванне — хацеў, каб была заметка з маім імем, і адчуваў нікчэмнасць гэтага стымулу.
Сярод рабочых загатовак Чэхава: «О пошлые женщины, как я вас ненавижу!»
Так, так. Але чым лепш пошлыя мужчыны.
15.ІІ.
У «ЛіМе» — артыкул Замскага «Жорсткасць», дзе апісана, як на Толю Урбановіч нацкаваў сабаку. Пра мяне: «стаў прасіць». Не мог чамусьці зразумець, што прасіць (калі твая правата) — прыніжэнне.
Схадзіў яшчэ раз на могілкі да Ігара і Сербантовіча. Цудоўны партрэт Сербантовіча і надпіс:
Тых, з кім дзеліцца неба сакрэтам,
Маладым забірае зямля.
8.ІІІ
Быў на могілках. Схадзіў да ўсіх «сваіх». Плач — галашэнне ішоў за мною метраў сто ад могілак; а затым Сўстрэўся з вясёлай песняй радыёлы, і быў нейкі момант балючай раўнавагі.
У тэатры Купалы «Залатая карэта», слабы спектакль з рускім вымаўленнем, натужнае абмеркаванне.
Напісаў для «Немана» пра «Тартак».
1 .IV.
Адбылася аварыя, абваліўся футлярны цэх Мінскага радыёзавода. Трывожна і горка было каля магіл загінуўшых — я тройчы хадзіў на могілкі.
Навокал распаўсюджваецца ржавая ілжа, буяе прыстасавальніцтва, угодніцтва і г. д. Не прыніжаць свае прынцыпы прыстасаванствам і адступніцтвам!
У «Полымя» напісаў пра нарысы Сіпакова. Зараз апошняе слова пра Сербантовіча.
3 музея Купалы — Юрэвіч, каб выступіў і сказаў пра Куляшова.
1..IV.
Учора — больш за тры гадзіны размовы з Арк. Куляшовым у яго дома. Тыдзень раней я выступаў з «дакладам» пра яго ў Купалаўскім музеі. Патрапіў некалькі істотных момантаў.
Вольга Васільеўна Казлова, мой даўні універсітэцкі куратар. У сэрцы ўдзячнасць ёй (здаўна) за ўсё добрае, гаварыла мне добрыя сардэчныя словы.
Учора ж вечарам радыё і тэлебачанне паведамілі пра вынікі расследвання аварыі на радыёзаводзе. Праектныя парушэнні і тэхніка бяспекі.
Я. Брыль. «Сцежкі, дарогі, прастор» («Полымя», 3— 70). «Веліч смутку і подзвігу».
«I дзве бярозы... такія, што ў нашых лясах, пры дарогах, такія, што гарэлі разам з хатамі, з людзьмі... Яны, бярозы, сказалі мне тут, здаецца, найбольш».
24..IV..
У суботу ноччу трапіў у Першамайскую міліцыю (хлопец біў на вуліцы дзяўчыну; потым высветлілася, што гэта яе муж; болей таго — сёння запісаліся; болей таго — біў і ўчора; а яна толькі выйшла з бальніцы — кесарава сячэнне). Была ў непрытомнасці, але ў міліцыі стала прасіць, каб адпусцілі яго. Адпусцілі. Было шкада гэтай непуцёвай дзяўчынёхі (сірата, працуе з шаснаццаці гадоў, была ўжо на лесараспрацоўках у Карэліі). Людзі, лёсы.
Нагледзеўся (крыху) чыста міліцэйскага. Старшына тыцнуў кулаком — такі сам мешкаваты, нягеглы — хлопец паляцеў як пёрка. Расказаў, як адзін пасля ўдару не вылазіў з-пад канапы.
27..IV.
Праблема: жаніцца ці не жаніцца? Стаіць роўны, трывалы, нязменны холад. Сталі зноў тапіць батарэі.
Доўга гаварылі з N. Нн не прызнае «Тартак» і многае іншае. Яго шырыня — у нечым тая ж абмежаванасць.
Творчасць, вядома, заўсёды цягне мастацтва на эксперимент — гэта не толькі патрэба зместу, але і жаданне праверыць свае магчымасці; увесці ў лексікон новыя словы, апробаваць новыя сітуацыі, пераставіць хады. ...Але ў канчатковым пошук павінен быць апраўданы, эксперымент — не адчувацца.
5. V.
Майскі вечар, калі неба лягло на шыбы і ваду, і здавалася, зямля люстрылася ў небе, ціхая спакойнасць ішла ў паветра і душы. Але душа не ведала ўжо маладога трымцення, а толькі памятала яго.
19. V.
Духотна, млосна. Пануе сонца, раскашуе трава, ніяк не збяруцца дажджы. На лёс Раскольнікава ўплывала тое, што лета было спякотнае, а пакой нагадваў дамавіну. Лёсы людзей вырашаюць і духата, дажджы, сонца...
Усе дні выклёўваем з Вярцінскім у яг8 дома дыялог аб паэзіі. Дыялог скончылі. Вярцінскі думае шырокаг
глядзіць у розныя бакі, попусту не чытае. Адчуванне грунтоўнай пісьменніцкай зацікаўленасці ў сэнсе быцця і яго праяў.Любая сутнасць — дыялектычная, з палярнасцю, супрацьлегласцю адзінства. Вымысел і вернасць рэчаіснасці:
1) Мастацтва без вымыслу не існуе;
2) Не існуе мастацтва без вернасці рэчаіснасці.
27.V.
Перад смерцю Платон памыў сам сябе, каб другім не давялося. Трэба абмываць сябе кожны дзень. Мне здаецца, што я не вытрымаю новай восені — пустаты і сцюдзёнкі, а між тым і вясна ідзе наўскос.