Читаем Сарока на шыбеніцы полностью

Некаторыя наведнікі могуць тут чытаць, якое кашчунства! Я вось не магу. Спрабаваў, літары не ўспрымаюцца зрокам, як, бывае, ня лезе ў горла ежа. Навошта я тут сяджу, я ж добра ведаю, як выглядае ўлада. Яна – дзяўчына ў чорным дзелавым касьцюме, за сталом зь сьветлага дрэва, ва ўласным кабінэце, дзяўчына, якую я ведаю лепш, чым яна сама, жанчына, якую я з дапамогай свайго няхітрага абсталяваньня, што зусім не зьмянілася за апошнія тысячагодзьдзі, так часта й так безвынікова дасьледаваў, і нічога не знайшоў. Калісьці я пакідаў у ёй сьляды, цяпер ужо ніводнага не засталося. Яна так любіла распавядаць пра сябе. Улада – добрае імя, нядаўна яно пачало ўваходзіць у моду, хаця дзяўчыну завуць зусім ня так, яна – проста ўлада, маленькая матрошка ўлады, адзін з мноства яе твараў, патрэсканы камень з заплюшчанымі вачыма, які я з такім шаленствам тапіў у старой падушцы, а ён усё ўсплываў на паверхню й тыцкаўся мне ў грудзі... Завялікія, як сказаў бы мой сябра-прадавец на рэчавым рынку, вушы, умела схаваныя пад валасамі, разгубленыя вусны, нічога незвычайнага. Можа быць, бровы – мне здавалася, яны ў яе чамусьці былі на рознай вышыні, таму – вечна трохі зьдзіўлены погляд. Пад імі – халодная вада, позьняя восень, шурпатае дрэва. Што такое яе ўлада? Гэты від з акна на пустую плошчу, дзе ўкладваюць асфальт? Партрэты родных на стале ды над галавой? Гузікі Alt і F4 на клявіятуры казённага кампутара? Яе туфлі на высокім абцасе (яна здымае іх, калі садзіцца за стол, і намацвае раз-пораз пальцамі ног, нібы туфлі могуць уцячы)? Стос каляндарыкаў, на адным зь якіх запісаны нечы тэлефонны нумар? Я й так цудоўна ведаю, як яна выглядае, і магу пайсьці адсюль, саступіўшы месца наступнаму наведніку, але застаюся, сяджу, можа, каб сказаць ёй нешта, можа, каб уратаваць. З кабінэту чуецца шум, зьвініць шкло, мне падаецца, яна крычыць, Вераніка, суворае дзяўчо, якое нарэшце знайшло сабе добрую працу.


1.

Ёй здавалася, што з паступленьнем ва ўнівэрсытэт гэта скончыцца: якое там. Ён хапаўся за сьцягнутыя ў тугі хвост валасы, як за канат у спортзалі, і з усяе моцы цягнуў іх уніз, прыцішана грукала аб сьпінку крэсла ягонае напружанае запясьце, боль аўтаматычна ўспыхваў на макаўцы ды імгненна сьціхаў, толькі рэха гудзела ўверсе ілба. Яна ўскрыквала ды, з палымнеючым тварам і шалёнымі вільготнымі вачыма, абарочвалася – ён сядзеў, занураны ў канспэкт, і паволі падымаў на яе зьдзіўлены позірк. Выкладчыкі моршчыліся ды пачыналі сказ спачатку – яна й запісвала яго наноў, не задумваючыся, таму ў яе сшытках, асьветленых пранізьлівым аранжавым маркерам і па-асеньняму прыцярушаных простым алоўкам, шмат было паўтарэньняў: “Ян Каме Ян Каменскі Каменскі”. Адмысловае пісьмовае заіканьне. “Дзіцячы садок”, – казалі адны, “Вы ж дарослыя людзі”, – хапаліся за галаву іншыя, словы былі зьвернутыя да яе, быццам гэта яна правакавала таго ідыёта за сьпінай. Крыўдна ажно да сьлёзаў у прыбіральні. Блаславёная ананімнасьць першага сэмэстру: “Дзяўчына ў белым швэдры, вы мяне чуеце?”, “Мадмуазэль з галёркі, я да вас зьвяртаюся!”. Яна б шчыра зьдзівілася, калі б нехта патлумачыў ёй, што й праўда, правакацыя йдзе ад яе, дакладней, ад яе патыліцы ў сьветлым пуху, ад лесьвічкі раскручаных кароткіх валаскоў, якія ня трапілі ў адну кампанію з забранымі пад вішнёвага колеру шырокую заколку, ад радзімай плямкі, падобнай да забытай прыродай смочкі, што заблукала на целе.

Потым Вераніка выпадкова даведалася прозьвішча колішняга ката – Жвалевіч. Не, школьныя законы сьведчылі, што прычынай такіх нападаў можа быць толькі каханьне, але ж школа засталася ў мінулым, год прамінуў як стагодзьдзе, яна была пэўная, што побач сядзяць дарослыя людзі, дарослыя прынамсі ў тым сэнсе, што яны ўжо дарасьлі да яе куміраў – калі не да Віктара Ветра, то да Магды... (Яна магла слухаць Магду гадзінамі, яна зачыняла дзьверы ў пакой, ставіла касэту й клалася ў музыку, як у труну, на парозе зьяўляліся нейкія знаёмыя постаці, разяўлялі раты, махалі рукамі, а яна толькі прыціскалася бліжэй да дынаміка, аднойчы старэнькі магнітафон зьнямеў, яна скрала бацькоўскую гарэлку ды аддала суседу Юрку, толькі б голас Магды загучаў зноў.) На жаль, і яна запісала гэта 1 кастрычніка ў свой дзёньнік, хлопчыкі на патоку яшчэ гулялі ў салдацікаў, а большасьць дзяўчат былі сапраўдныя калгасьніцы, за выключэньнем хіба што Іны ды яе паслугачак, аднак тыя Веранічку пакуль што папросту ігнаравалі. На курсе за ёй адразу ж замацавалася мянушка Троль. Яна даведалася пра гэта толькі тады, калі пастрыглася, але цяпер ужо сама з жахам глядзела на свае вушы на фатаздымках першага курсу, – хоць бы ты іх нажніцамі падкараціла тады, дурніца.


***

Перейти на страницу:

Похожие книги

Сердце дракона. Том 10
Сердце дракона. Том 10

Он пережил войну за трон родного государства. Он сражался с монстрами и врагами, от одного имени которых дрожали души целых поколений. Он прошел сквозь Море Песка, отыскал мифический город и стал свидетелем разрушения осколков древней цивилизации. Теперь же путь привел его в Даанатан, столицу Империи, в обитель сильнейших воинов. Здесь он ищет знания. Он ищет силу. Он ищет Страну Бессмертных.Ведь все это ради цели. Цели, достойной того, чтобы тысячи лет о ней пели барды, и веками слагали истории за вечерним костром. И чтобы достигнуть этой цели, он пойдет хоть против целого мира.Даже если против него выступит армия – его меч не дрогнет. Даже если император отправит легионы – его шаг не замедлится. Даже если демоны и боги, герои и враги, объединятся против него, то не согнут его железной воли.Его зовут Хаджар и он идет следом за зовом его драконьего сердца.

Кирилл Сергеевич Клеванский

Фантастика / Боевая фантастика / Героическая фантастика / Фэнтези / Самиздат, сетевая литература