Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
УДК 821.162.1(476)-31
ББК 84(Беи-Пол)-44
Б26
Укладанне, пераклад з польскай мовы, пасляслоўе і каментарыі Міколы Хаўстовіча
ISBN 985-02-0786-8
НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА
Сярод беларускага люду захоўваюцца яшчэ і цяпер асобныя паданні даўніх часоў, якія, пераходзячы ад чалавека да чалавека, зрабіліся такія ж цьмяныя, як і міфалогія старажытных народаў. Жыхары гэтага краю, а менавіта Полацкага, Невельскага і Себежскага паветаў, спрадвеку пакутуючы, зусім змяніліся характарам; на іх тварах заўсёды адбіты нейкі смутак і змрочная задумлівасць. У іх фантазіях увесь час блукаюць нядобрыя духі, якія, аднак, служаць злым панам, чараўнікам і ўсім непрыяцелям простага люду.
Я нарадзіўся там і вырас, іх скаргі і журботныя апавяданні, як гоман дзікіх лясоў, навявалі на мяне заўсёды змрочныя думкі і з дзяцінства былі маёй адзінаю марай.
Асобныя з гэтых родных успамінаў я прыгадаў у баладах1; гэта быў мой самотны напеў. Балады былі пачаткам таго, пра што я меў намер сказаць падрабязней. Гэта ў чалавечай натуры – ад песні пераходзім да апавядання пра тое, што нас найбольш займае. Павінны выйсці адзін за адным шэсць2 томікаў гэтых аповесцяў, якія малююць пераважна мясціны паўночнае Беларусі, бо гэты куток зямлі заўсёды выклікае ў мяне наймілейшы ўспамін.
Я не пераймаю формаў, якія ўжывалі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія; лічу, што чужаземнае не будзе пасаваць негаваркому жыхару Беларусі. Узяў я форму з самое прыроды. Сірата штодзённа наракае на сваю нядолю, апавядае пра розныя пакуты, якія ён мусіў трываць на гэтым свеце, і яго скаргі на працягу ўсяго жыцця зліваюцца ў адну аповесць, хоць ён і не думаў сёння пра тое, што будзе апавядаць заўтра.
Ян Баршчэўскі
Пецярбург,
1844, 8 верасня3
НАРЫС ПАЎНОЧНАЕ БЕЛАРУСІ
Той, хто падарожнічае з поўначы ў бок Беларусі, бачыць перад сабою велізарныя вёскі накшталт мястэчак, белыя мураваныя цэрквы і камяніцы двароў4, шырокія засеяныя палі, сям-там невялічкія хваёвы пушчы або бярозавыя гаі, чуе няраз працяглы і гучны спеў селяніна, які далёка, наколькі сягае вока, разносіцца па палях або пералятае горы і даліны з мелодыяй пастухоўскага ражка. У нядзелю, калі сонца набліжаецца да захаду, сустракае ён вясковых дзяўчат у святочных паркалёвых, а часам і ў ядвабных сарафанах у атачэнні юнакоў-залётнікаў; водзяць яны карагоды, спяваючы народныя песні, а старыя, седзячы на прызбах, разважаюць пра мінулыя і сённяшнія часы…
Аднак калі ён набліжаецца да межаў Себежскага і Невельскага паветаў, то бачыць перад сабою разлеглыя цёмныя пушчы, якія, быццам хмары, навісаюць на даляглядзе, паміж лясоў – саламяныя стрэхі бедных жыхароў; дзе-нідзе позірк сустракае вытырклы паміж хвоямі жалезны крыж пакрытае мохам каплічкі, перад дзвярыма якой на двух хваёвых слупах вісяць або два, або тры званы; па ваколіцах раскіданы магільныя крыжы і камяні. Рэдка натрапіш там на прыстойна збудаваны панскі дом; няшмат і касцёлаў такіх, дзе можна было б бачыць густ архітэктара або выдаткі багатага фундатара; і гэты выгляд зямлі, змрочны і дзікі, пачынаючыся ад ракі Ловаць, распасціраецца да берагоў Дзвіны, дзе канчаюцца Палата і Дрыса.
На ўсім гэтым абшары вузкія камяністыя дарогі, пераразаючы гарыстыя мясціны і мінаючы дзікія берагі азёраў, хаваюцца ў пушчах. У бедных вёсках у святочныя і будзённыя дні заўсёды пануе нейкая панурая цішыня; рэдка адгукнецца песня жняца або ратая, і па гэтым спеве можна лёгка зразумець яго заклапочаныя думкі, бо няўрод часта ашуквае тут надзеі працавітага земляроба…
У гэтых краях прайшлі дзіцячыя мае гады. Тут я пасля таго, як разлучыўся з маладымі сваімі таварышамі па Полацкай акадэміі5, не могучы мець пры сабе іншых кніг, апрача некалькіх лацінскіх і грэцкіх класікаў, блукаў у прыемных марах дзе-небудзь у цёмнай пушчы або па бязлюдным беразе возера; любіў чытаць у кнізе прыроды, калі вечаровай парою адкрыецца старонка, на якой мільёнамі зіхоткіх угары зорак напісана Божая Ўсемагутнасць. На зямлі, пакрытай безліччу раслін і жывёл, я чытаў аб Міласэрнасці і Волі Творцы. Гэтая кніга прыроды вучыла мяне сапраўднай паэзіі, сапраўдным пачуццям лепей, чым сённяшнія гаваркія крытыкі, якія чужыя пачуцці і розныя здольнасці, дадзеныя чалавеку ад Бога, хочуць, быццам фрак, перашыць на сваю фігуру.
Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў іх народных аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў.