Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

Хоць Я. Баршчэўскі ў другой палове 30-х гг. і не надрукаваў аніводнага твора, аднак пісаў даволі шмат. На працягу 1837–1839 гадоў у шаснаццаці лістах іх было змешчана васемнаццаць — больш за 700 вершаваных радкоў. Сёе-тое будзе пазней надрукавана ў альманаху «Niezabudka», але большасць так і застанецца ў рукапісным архіве Я. Баршчэўскага, неадшуканым да сённяшняга дня.

Зусім верагодна, што напрыканцы 30-х — пачатку 40-х гг. Я. Баршчэўскі сустракаўся ў Пецярбургу з Тарасам Шаўчэнкам.

Увосень 1839 г. пецярбургскія студэнты, што паходзілі з Беларусі, Літвы і Польшчы, дамовіліся аб стварэнні друкаванага выдання. Назвалі яго «Niezabudka», як напамін пра родны край, ды звярнуліся да Я. Баршчэўскага з просьбаю прыняць на сябе абавязкі выдаўца альманаха. І паэт, апрача свае штодзённае выкладчыцкае працы, клапатліва пачаў збіраць падпіску. Ён меў шмат знаёмых у Пецярбургу, нават сярод арыстакратаў, але надзвычай прыдаліся сувязі ў Беларусі. Сярод падпісчыкаў на зборнік бачым імёны Адама Міцкевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Рамуальда Падбярэскага, кампазітара Антона Абрамовіча.

У альманах Я. Баршчэўскі змяшчае шэраг сваіх вершаў, элегій, санетаў, а таксама баладаў паводле беларускіх народных легендаў ды паданняў — «Русалка-спакусніца», «Дзве бярозы», «Дзявочая крыніца», «Зарослае возера». З’яўленне гэтых твораў сталася значнай падзеяй у тагачасным літаратурным жыцці. Балады Я. Баршчэўскага з іх падкрэслена рэгіянальным, полацкім каларытам выклікалі захопленыя водгукі ў тагачаснай перыёдыцы: крытыкі рэкамендавалі Я. Баршчэўскаму перадаць змест беларускіх паданняў прозаю.

Так нарадзілася ідэя зборніку «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», які справядліва называюць галоўнаю справаю Я. Баршчэўскага. Кампазіцыйна «Шляхціц Завальня» складаецца з трыццаці васьмі частак: апавяданняў-прытчаў, устаўных навелаў, лірычных адступленняў ды ўспамінаў. Усё звязвае паміж сабою прысутнасць слухача ды каментатара шляхціца Завальні — прыём вядомы са старажытнасці.

Пэўнае значэнне ў кампазіцыйнай структуры твора адыгрывае і вобраз пляменніка Завальні — Янкі. А вось даручыўшы ролі асноўных апавядальнікаў розным асобам — сялянам, падарожным, шляхціцам і нават цыгану, — пісьменнік мае мажлівасць пазнаёміць чытача з насельнікамі Беларусі, што належаць да розных сацыяльных пластоў, з іх уяўленнямі, настроямі, і ў той жа час сукупнасць апавяданняў дазваляе выводзіць асноўную ідэю твора — любоў да роднага краю, пашана да спрадвечных звычаяў ды традыцый уласціва прадстаўнікам усіх пластоў грамадства.

У «Шляхціцы Завальні» пісьменнік закранае шэраг пытанняў, звязаных з беларускаю нацыянальнаю думкаю. Пра гэта сведчыць спроба геаграфічнага апісання краю, ягонае гісторыі і нават эканамічнага стану. Але з большаю паўнатою Я. Баршчэўскі падае своеасаблівасці нацыянальнага характару беларуса, ягоны светапогляд, раскрывае ўнутраную прыгажосць ягонае душы. Пры дапамозе сістэмы вобразаў-сімвалаў выказваецца асноўная думка кнігі: Беларусь — гэта край, які мае сваю гісторыю; гэта край, мінулае якога было куды больш шчаслівае, чым сённяшні дзень; гэта край, насельніцтва якога — асобны народ — можа і павінен жыць без дыктату з боку суседзяў. Жыць паводле законаў ды традыцый сваіх продкаў, а не па звычаях ды парадках іншых народаў. Беларусам трэба адно толькі ўспомніць сваё слаўнае мінулае, тых, хто загінуў за волю ды незалежнасць Бацькаўшчыны. Гонар за продкаў здольны ўмацаваць сэрцы мужнасцю, здольны надаць адвагі ісці сваім, а не паказаным суседзямі шляхам.

Найбольш яскрава ідэю кнігі Я. Баршчэўскага выяўляе сімвалічны вобраз Плачкі. Толькі згадаўшы пра Яе ў першым томіку (чатыры першыя апавяданні), Я. Баршчэўскі робіць Плачку цэнтральным вобразам ва ўсіх астатніх. Цяпер Яна так ці інакш будзе з’яўляцца ў кожным апавяданні, а адно з іх — шостае — цалкам прысвечана гэтай гераіні. Плачку бачаць толькі ў Беларусі, на месцах вялікіх бітваў, на могілках, дзе пахаваны славутыя героі краю. Яна плача па сваіх дзецях, якім не можа «даверыць таямніцу свайго сэрца». Просты люд з прычыны прыгнечанасці не можа зразумець Плачку. А паны і шляхта пагарджаюць сіратою ў сялянскім строі. Край свой яны самі аддаюць пад уладу шыкоўнай Белай Сарокі ды вартуюць яе багацці ў мядзвежым вобліку, звязваюцца з чарнакніжнікамі, наводзяць асташоў, якія нішчаць прыроду ды псуюць норавы людзей.

Амаль усе апавяданні маюць алегарычную накіраванасць. Я. Баршчэўскі звярнуўся да жанру прытчы, бо ў тагачаснай грамадскай атмасферы толькі з дапамогаю алегорый, іншасказанняў можна было ўплываць на чытача (больш дакладна — толькі літаратурны твор прытчавага характару мог трапіць да чытача).

Перейти на страницу:

Похожие книги