Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

З таго часу ён не прыходзіў дадому. Антон, бачачы ўсё большую яго зацятасць, супакоіўся і чакаў, што з гэтага выйдзе. Знаёмыя прыносілі розныя весткі пра Васіля. Адны казалі, што знайшоў ён нейкую гультайскую хеўру, крадзе з сябрукамі, а набытыя грошы прапівае ў карчме. Іншыя — што жыве ў Арыны, вучыцца чарам, і нават бачылі, як з Алютай і Арынаю хадзіў па лесе і балоце каля азёраў, збіраючы зёлкі, на якіх ніколі раса не высыхае[58]. Трэція сцвярджалі, што з-за куста нават чулі, як Арына, вырваўшы з зямлі нейкую расліну, апавядала пра страшную яе моц.

Марцін, настойлівы ў сваіх задумах, імкнуўся дзе-небудзь сустрэцца з ім, але не выпадала. Не асмельваўся ісці да Арынінае хаты, баяўся гасціннасці чараўніцы.

Аднаго разу ў нядзелю пад вечар хто са знаёмым, хто з кумам ідуць у карчму, каб там пры гарэлцы пагаманіць, параіцца пра тое ды пра сёе і весела час прабавіць. З надзеяю, што, можа, спаткаецца з Васілём, ідзе туды і Марцін.

Сядаюць за стол. Жыд Ёсель рады гасцям, налівае гарэлку, ставіць на стол і крэйдаю запісвае на сцяне, умаўляючыся, што калі ўвосень будзе новы хлеб, дык прыедзе да іх, пачастуе гаспадара і гаспадыню гарэлкаю, а тыя сустрэнуць яго ветліва і аддзячаць розным збожжам.

Заходзіць Марцін. Сёй-той рады, што яго ўбачыў. Просяць госця за стол, частуюць гарэлкаю. Пачалася гаворка пра Васіля і яго каханую; адны хвалілі Алюту, што добрая дзяўчына і была б добраю жонкаю, калі б выйшла замуж за добрага чалавека, а не за Васіля, які пабратаўся з д’яблам; было колькі п’яных, што і Васіля хвалілі; іншыя ж Васіля, Алюту і Арыну называлі найнягоднейшымі людзьмі.

Калі гэтая спрэчка і шум зацягнуліся, Ёсель, што стаяў у канцы стала, кажа:

— Паслухайце, вы несправядліва гаворыце пра Васіля. Васіль — чалавек добры і акуратны; калі прыйдзе з таварышамі да мяне, дык заўсёды плаціць гатоўкаю, заўсёды мае грошы. А Алюта, ай да Алюта, добрая дзяўчына, апранаецца добра, як паненка, ды і ў Арыны я нічога дрэннага не бачу. Ну і што, калі яна чаруе? Яна чаруе, каб мець грошы, а грошы вельмі патрэбныя кожнаму; яна і дапамагае: лечыць зёлкамі людзей.

Калі ішла гэтая размова, імкліва і са стукам адчыняюцца дзверы, заходзіць Васіль з узнятай галавою, шапка ссунута набакір, і з ім некалькі сябрукоў; агледзеўся, убачыў Марціна і насупіў бровы.

— Як маешся, Васіль? — кажа Ёсель. — Даўно цябе не бачыў, ужо дні тры. Я і мая Сора думалі, што з ім такое, а цяпер вось толькі што гаманіў з людзьмі пра цябе.

— Я ведаю, што людзі пра мяне кажуць: сабакі брэшуць, а вецер носіць. Мне ўсё адно. — Ён сеў на лаве, узлокціўся на стол, закрычаў: — Дай нам гарэлкі, але добрае.

— А можа, Васіль просіць гарэлкі салодкае? Я прывёз з горада, хоць яна і каштуе дорага.

— Дай дарагое. — І кідае колькі грывеннікаў[59] на стол.

Жыд у міг вока падае кілішак і бутэльку гарэлкі.

Людзі за другім сталом глядзелі на гэта здзіўлена, некаторыя пазіралі спадылба, шэпчучыся між сабою і здзекліва ўсміхаючыся. Максім, які раней за іншых прыйшоў у карчму і быў ужо добра падвяселены, гучна засмяяўся і закрычаў:

— Ого! Як бачу, ты, брат Васіль, мусіш быць багаты не па-нашаму, ужо п’еш панскую гарэлку. Пэўна, начаваў пры Цмокавым Камені і знайшоў грошы або, можа, Арына, што мае быць тваёй цешчаю, нейкімі чарамі насыпала табе срэбра поўныя кішэні. Ну й зух!

Васіль паглядзеў са злосцю.

— З табою, — кажа, — ніхто з нашае сябрыны не гаворыць і ніхто да размовы не просіць, дык не ўмешвайся, а то так завяжу табе вусны, што другі раз ніколі не адважышся лухту вярзці.

— Завяжаш мне вусны? Вой, Вой! Глядзіце, вывучыўся ўжо чараваць ад Арыны, умее вусны завязваць! Вой, вой! Глядзі, каб не быў кульгавы, як твая будучая цешча. А ці ведаеш, чаму яна на левую нагу трохі кульгавая?

— Маўчы, калі з табою ніхто не хоча гаварыць.

— Ніхто не хоча гаварыць, дык будуць слухаць. А я раскажу ўсім — паслухайце! — раскажу вам, чаму Арына кульгавая. Гэта ў яе Грышкаў падарунак. Сам апавядаў мне пад сакрэтам.

Аднаго разу ўвечары, як сонца села, вяртаўся ён з касою з поля дамоў і пачуў голас чараўніцы, якая выклікала каровы, называючы кожную паводле масці. У вечаровай цішы чуваць было, як па вёсках адзываліся рыкам каровы; зарыкалі таксама і ў ягонай аборы. Ён перапалохаўся, што застанецца без малака, бяжыць туды, адкуль чуўся голас, каб даведацца, хто тая чараўніца, падкрадваецца аселіцаю і што ж бачыць? Арына, седзячы на плоце з ускудлачанымі валасамі, дзікім спевам спраўляла чары.

«Будзе дрэнна, — падумаў сабе. — Трэба ёй як-небудзь перашкодзіць». Дык бяжыць дадому і кладзе над дзвярамі ў аборы свянцоныя зёлкі і васковую свечку. Ледзь адышоў колькі крокаў, бачыць, прылятае сарока, разграбае зёлкі і дзяўбе свечку. Грышка бяжыць у хату, хапае стрэльбу, набітую дробным шротам. Стрэліў — пасыпаліся пёркі, аднак сарока паляцела прэч.

На другі дзень пачуў, што Арына параненая ў левую нагу і хворая ляжыць у ложку. Зразумеў усё і думае сабе: «Мае памятку». Аднак баяўся помсты, бо хутка завязала на яго залом у жыце. Але залом ён спаліў на асінавых дрывах, і чараўніца сама ледзь не загінула.

Перейти на страницу:

Похожие книги