Пасля таго як лёс закінуў мяне ў далёкія мясціны, як жа часта самотныя думкі мае з берагоў Нявы вяртаюцца ў гэты край, дзе прайшлі лепшыя гады майго жыцця, дзе столькі мілых успамінаў малюе мне памяць! Успамінаю недалёкія ад Невеля ваколіцы Рабшчызны[6], дзе прырода ўзняла высокія горы, быццам паверхі велізарных гмахаў, якія стагоддзі пакрылі ценем лясоў, а некаторыя пад пагодлівым сонцам ззяюць залатым пяском. Якія там разнастайныя краявіды, якія цудоўныя малюнкі! Калі хто, будучы ў гэтым краі, узышоў на вяршыню Пачаноўскае гары[7] і глядзеў на дзікія ваколіцы, што ляжаць навокал, дык бачыў, як азёры тут і там, нібы люстэркі, адбіваюць дзённы прамень, а над іх берагамі дрэмлюць густыя лясы, як дзе-нідзе па схілах чарнеюць бедныя сялянскія хаціны; але не ўбачыш тут нідзе ні гарадскіх муроў, ні вежаў старога замка. Там чалавек забывае пра свет. Не гучаць там спрэчкі французскае палаты ў справе Егіпта і Турцыі[8], не чуваць там пра англійскі парламент[9], пра вайну з кітайцамі[10], не гамоняць там ні пра чыгункі[11], ні пра дзівосную вынаходку Дагера[12]. І толькі голас пастушка, стрэл паляўнічага ў лесе або вецер, што гойсае ў вяршалінах пушчы, парушаюць на хвіліну цішыню ваколіцы…
Бліжэй да Полацка возера Нешчарда на некалькі міль залівае абшар, падмывае хвалямі ўзбярэжныя пясчаныя горы, на поўдзень — шырокія паплавы, усеяныя купамі лазняку, сям-там рэчкі, бегучы здалёк сярод чароту, хаваюцца ў разліве азёрнае вады. Там вясна — рай; самыя розныя птушкі, здаецца, збіраюцца з усіх канцоў свету, тысячы розных меладычных, дзікіх і чуллівых галасоў адгукаюцца над вадою па лугах і лясах: енк зязюлі, пошчак салаўёў, голас бугая ў чароце, рэзкія крыкі качак… Гэтая дзівосная суладнасць і гэты канцэрт прыроды пераносілі мае ўяўленні ў нейкі чарадзейны край.
І цяпер гэтыя мясціны, дзе ў маленстве я бачыў столькі цудаў прыроды, гэтыя гаі, гэтыя зялёныя берагі Нешчарды памяць малюе мне, нібы прыснёны сад. Прыпамінаю народныя апавяданні пра паданні гэтага краю, пра горы, дрэвы, Нешчарду, якія ходзяць сярод люду; і хоць у яго апавяданнях цяжка знайсці поўную праўду, аднак можна бачыць нейкі след мінуўшчыны гэтага краю, бо яшчэ дагэтуль у некаторых мясцінах можна назіраць валы, узнятыя чалавечаю рукою; гэта, бясспрэчна, сляды войнаў, пра якія не ўспомніў аніводзін гісторык. Часам пагляд сустракае курганы, пакрытыя лесам. Можа, у ценю шумлівых хвояў спачывае там які-небудзь ваяўнік, імя якога даўно забытае. Я няраз чуў аповяды простага народа пра даўнія войны, але да іх столькі дамешана казак і цудаў, што застаўся толькі слабы след мінуўшчыны, без імёнаў дзейных асоб. Раскажу адно простанароднае паданне гэтае ваколіцы.
На паўднёвым баку возера Нешчарды ёсць гара, якую з трох бакоў амывае вада, на той гары — драўляны маленькі касцёлак і некалькі хвояў. Там часта знаходзяць у пяску сцёртыя вякамі срэбныя манеты, шкляныя прадметы, якія выкарыстоўваліся як упрыгожанні, іржавыя рэшткі разнастайнае старасвецкае зброі. Кажуць, на той паўвыспе быў некалі горад. Аднак чый горад, хто ў ім уладарыў, невядома. Тамтэйшы люд, які жыве ў аддаленых лясістых ваколіцах, доўга не ведаў нападаў розных плямёнаў, што блукалі ў гэтым краі дзеля рабунку. Праз некаторы час страшны волат, якога звалі