— Пакланіся цемры, і дух агню будзе табе служыць, верне табе золата і сяброў; будзь хітры і празорлівы, бо слабасць натуры згубіць цябе.
— Што трэба зрабіць, каб дух служыў мне?
— Слухай і адразу выконвай мае парады. Здабудзь кроплю крыві са свайго пальца. (Альберт здабывае кроў з пальца.) Яна адна, адна кропля, — сказаў незнаёмы, — напоўніць гадзюку ядам. Дык ідзі цяпер з гэтаю крывёю; выходзячы з лесу, узыдзеш на гару. Там поўзае гадзюка, якая хацела ўкусіць дзіця, але, перапалоханая крыкам маці, страціла яд і цяпер, выгнаная іншымі гадамі блукае адна. Пазнаеш яе лёгка[143]
: жоўты хвост значыць адсутнасць сіл, дай лізнуць ёй кроплю твае крыві: умомант займее яд і сіл набярэцца, а потым ідзі за ёй, яна дасць табе сваю мудрасць і багацце, убачыш духа ў кожнай іскрынцы агню, а слугою тваім будзе Нікітрон[144], на кожны твой кліч ён народзіцца з полымя.Сказаўшы гэта, незнаёмы ўстаў, пайшоў у гушчар лесу і знік з вачэй. Праз дзікія бары ідзе Альберт у той бок, у які яму паказаў незнаёмец; выйшаў з-пад лясных шатаў, калі быў самы поўдзень; узышоў на вяршыню пясчанае гары, сустракае велізарную гадзюку з жоўтым хвастом, якая, убачыўшы чалавека, не мела сілы ўцякаць, а толькі, падняўшы галаву, пазірала вогненнымі вачыма. Альберт на бярозавым лістку паднёс ёй кроплю свае крыві; гадзюка праглынула, і адразу пачала знікаць жоўтая масць на ёй, а праз паўгадзіны і зусім яна акрыяла.
Вылечаная гадзюка пакінула гару, паўзе па хмызах і верасе, усё далей і далей паглыбляючыся ў лес, і Альберт ідзе за ёю хуткай ступою.
Калі на захадзе тухла сонца і пачало вечарэць, ён убачыў між дрэў вялікі палац, дзе ў кожным акне было відаць святло запаленых агнёў. Гадзюка, хутка віючыся па прыступках, трапіла ў вялікую залу-гасцёўню, а з ёю і Альберт; там сталы застаўлены ежаю і віном, чуваць чароўная музыка, люстэркі і карціны на сценах — у залатых каштоўных асадах. Доўга дзівіўся Альберт на загадкавыя дзівосы, разглядаючы ўсялякія аздобы гэтага палаца; пачуўся голас, які запрашаў яго сесці за стол, есці і піць — бо ўсё дзеля яго прыгатавана. Пасля вячэры з’явілася перад Альбертам гадзюка, трымаючы ў роце залатую манету, падняла высока галаву, каб аддаць яго госцю; Альберт узяў; на тым дукаце[145]
з аднаго боку выбіта полымя, а з другога — карона і выява гадзюкі.Калі задумліва пазіраў на дукат, зноў пачуў голас: «Пакуль маеш яго, будзеш мець золата столькі, колькі захочаш».
Гадзюка знікла, і ён адзін застаўся ў гасцёўні; успомніў параду незнаёмага, якога сустрэў у лесе, і, гледзячы на язычок свечкі, што стаяла на стале, паклікаў:
— Нікітрон!
Полымя свечкі ўсё вышэй і вышэй падымаецца ўгору, і тут з яго ўзнікае высокая лёгкая і гнуткая чалавечая постаць, саскоквае на падлогу, і вось ужо стаў перад ім чалавек у пунсовай вопратцы.
— Якія ў пана будуць загады? — спытаўся дух.
— Хачу імгненна вярнуцца дахаты.
Альберт ляцеў у небе вышэй гор і лясоў і праз колькі хвілін быў ужо ў сваім пакоі.
Вярнуўшыся дадому, ён выняў з кішэні залаты пенязь, які атрымаў ад гадзюкі, і, кладучы яе ў шкатулку, падумаў сам сабе: «Эх, каб была яна поўная золата!» — і ў міг вока шкатулка напоўнілася дукатамі. Цешыцца ён, гледзячы на скарб гэткі і не верыць, што бачыць тое наяве; доўга стаяў, не адводзячы вачэй ад золата, баючыся, каб не знікла яно.
Бачаць суседзі дзіва нечуванае: Альберт купляе найдаражэйшыя люстры, гадзіннікі, дом яго свеціцца золатам і срэбрам; коні і карэты — шыкоўныя, лёкаі ў дарагіх ліўрэях, — быццам меў ён некалькі тысяч душ у маёнтку; запрашае да сябе гасцей, дае балі; найдаражэйшых він ў яго невычэрпная крыніца.
Мальвіна, чуючы пра гэтую неспадзяваную перамену лёсу, дзівіцца, як і іншыя: адкуль узяліся ў яго такія вялікія грошы? Доўга спадзявалася, што ён, можа, калі наведае яе; прайшло колькі месяцаў — не прыязджае; перамяніўся ўжо, дарэмна чакаць! У яго душы цяпер — толькі адна пыха.
Прыйшла восень, доўгія вечары. Альберт, стомлены забавамі, у якіх доўга бавіў час з гуртам лісліўцаў, вырашыў застацца дома адзін; сухія бярозавыя дрэвы гарэлі ў печы, настольны гадзіннік іграў мелодыю, за сцяною шумеў восеньскі вецер; ён сеў перад агнём і, гледзячы на яго, аддаўся марам, думаў пра сваё мінулае, пра няўдзячнасць і здраду сяброў, якія некалі кінулі яго, бачачы, што ён зазнаў няшчасця і роспачы.
Калі так пераходзіў ад аднае думкі да другое — успомніў Мальвіну. Памяць ярка малявала яму прыемныя з ёю забавы да позняе ночы і той апошні вечар, калі голас гадзінніка з зязюляй пачаў тую размову, што давяла яго да невыноснае роспачы. Гэтыя ўспаміны абудзілі ў яго сэрцы забытае каханне, і прыйшло жаданне абавязкова яе ўбачыць.
Ужо вырашыў быў ехаць да яе, але крыху задумаўся:
— О, не! — кажа. — Яна любіць багацце, а я цяпер багаты і ўладар яе пачуццяў; не буду зневажаць сябе сёння так, як некалі. Я пашлю ёй багаты прэзент, і яна сама адразу з’явіцца ў маім доме.
Сказаўшы гэта, паклікаў, гледзячы на полымя:
— Нікітрон!