Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

Між тым, калі ён перабіраў у думках розныя спосабы, як павялічыць свае ўладанні, на зямлю апусціўся вечар і шэры змрок. Нечакана над яго жытлом павіслі хмары, зашумеў за сцяною вецер і лінуў дождж. У пакоі цёмна, толькі цьмяна свяціліся шыбы.

Ледзь Скамароха ачнуўся ад думак, як бліскавіца асвяціла пакой і ён убачыў, што нейкая дзіўная і страшная постаць стаіць у кутку ля дзвярэй. Пан спалохана закрычаў, стаў клікаць да сябе лёкаяў, але грымоты і шум ветру глушылі крык, ніхто не пачуў яго і не прыбег.

Высокая худая постаць падышла да пана.

— Не крычы, — сказала яна. — Ніхто не пачуе твой голас, і твой чорны сабака моцна спіць.

— Хто ты і як сюды трапіў?

— Пачакай крыху і пра ўсё даведаешся, — кажучы гэта, прывід выкрасаў агонь і запаліў свечку, якая стаяла на стале перад люстэркам.

Пры святле Скамароха ўбачыў дзіўнае стварэнне: чалавек на танюсенькіх нагах, худы, вочы круглыя, дробным і вострым тварам падобны да птушкі.

Закрычаў пан дрыготкім голасам:

— Які жахлівы твар! Відаць, перада мною злы дух.

— Не крычы, я падобны да цябе і магу табе шмат добрага зрабіць.

— Чаго ты сюды прыйшоў, ды так ціха, што і сабака не ўчуў?

— Чуеш шум навальніцы? Я схаваўся тут ад залевы і перуноў, а сабака зараз спіць моцным сном і датуль будзе спаць, пакуль я не абуджу яго.

— Скажы, хто ты?

— Сядзь у сваё крэсла, супакойся, і ўсё раскажу табе. Я днём адпачываю, а пасля захаду сонца блукаю па свеце і выведваю, пра што людзі думаюць, пра што гавораць, што ядуць і п’юць. Ведаю сакрэт, як наслаць моцны сон на сабак і варту; слухаю, пра што гаворыць прасталюдзін і выведваю думкі паноў; маё вока хуткае, а слых такі тонкі, што за сцяною (няхай гэта будуць найтаўсцейшыя муры) магу чуць шэпт; па рысах твару пазнаю характары людзей, змушаю іх гаварыць паміж сабою і памятаю пра ўсё; заходжу праз маленькую шчылінку, і дзверы не скрыпяць, калі я іх адчыняю.

Скамароха свіснуў, клічучы да сябе людзей, і штурхануў нагою сабаку.

— Дарэмна свішчаш: ніхто не пачуе. Шуміць вецер, лье дождж, і сабаку не абудзіш.

— Чаго ты блукаеш па свеце? Навошта ты ўсё выведваеш?

— Я — пасланец Белае Сарокі, даведаўся пра твае памысныя думкі і прывабныя намеры.

— І хто ж тая Белая Сарока, якую ты ўспомніў?

— О! Белая Сарока мудрасцю свет здзіўляе, яе твар — цуд прыгажосці, постаць высокая, велічная; адзенне з дарагіх дыяментаў і перлаў, жыве ў палацы, якога ты яшчэ ніколі не бачыў; ёй кланяюцца багатыя паны і мудрыя галовы, духі па яе загадзе здабываюць скарбы з зямлі і мора, дзікіх мядзведзяў прывучыла да сябе, і яны, як пакорлівыя сабакі, заўсёды гатовыя ёй служыць. Словам, яна мацнейшая за ўсіх чарнакніжнікаў. Толькі часам убіраецца ў пёры белае птушкі, калі хоча бачыць тых, хто спрыяе ёй; і іх узнагароджвае, узбагачае, робіць шчаслівымі.

Бледны Скамароха, гледзячы на пасланца, вымавіў:

— Дзіўныя і незразумелыя рэчы мне гаворыш.

— Заўтра гэтай парою я буду ў цябе, і Белая Сарока прыляціць пад твой дах адпачыць. Пастарайся прыняць яе добра і будзь у размове абачлівы; апоўначы лёкаі няхай не заходзяць у твой пакой, няхай першы візіт гэтае пані будзе таемны.

Ён адчыніў вакно, паглядзеў угору:

— Хмары разышліся, толькі вецер шуміць. Здаецца, стрэлы перуноў не спаткаюць мяне на дарозе, не міне і паўгадзіны, як буду размаўляць пра цябе з Белай Сарокаю.

Сказаў гэта і выскачыў у вакно. Гаспадар бачыў толькі, быццам нейкі чорны звер прабег праз панадворак і імгненна знік.

Доўга Скамароха стаяў, нібыта слуп, сярод пакоя; нейкая трывога апанавала думкі, і дрыготка прабегла па целе. Што значыць гэты прывід? Няўжо гэта відма? А можа, злы дух хоча ўблытаць яго ў нейкае няшчасце? На сцяне прабіў гадзіннік.

Скамароха глянуў на яго і ўбачыў, што ўжо поўнач. Свіснуў. Сабака прачнуўся, натапырыў поўсць, вочы загарэліся агнём, і ён, скуголячы, абышоў пакой. Прыбеглі лёкаі і, стоячы ля дзвярэй, чакалі панскага загаду.

— Таму з паўгадзіны, не больш, я клікаў вас да сябе, але аніводзін не з’явіўся.

Што гэта значыць? Мружыце вочы на святле — спалі, мала вам ночы, гультаі!

Першы лёкай. Не ведаю, пане, што гэта такое, але на нас напала нейкая туга. Мы доўга сядзелі моўчкі, не маглі слова прамовіць адзін да аднаго. Потым адчулі ў сабе незвычайны цяжар, стомленыя вочы не маглі глядзець, і мы ўсе мімаволі заснулі.

Скамароха нейкі час стаяў задуманы.

— А ці мроілася вам што-небудзь у сне?

Перейти на страницу:

Похожие книги