— Я ж казаў – шырокай душы чалавек! Гадзіньнікаў старых у яго сотні з дзьве. І маленькія, і большыя за гэтыя... Калі ня знойдзем дакладна з вашае вежы – дык падбяруцца падобныя. Галоўнае, каб дванаццаць! І каб на вечарыне ў памяць Аркадзя яны цікалі!
Юрась запярэчыў:
— Можа не атрымаецца ўсе адрамантаваць.
— Э! Не праблема! – Віталь схаваў сотавы ва ўнутраную кішэню пінжака. — У Пятра Апанасавіча ў катэджы пад Старавежскам майстэрня па рамоньце антыкварных аўтамабіляў. Апошні віск тэхнікі – абсталявана. Гадзіньнікі, калі трэба, таксама там рамантуюць – з калекцыі ў катэджы. А калі яшчэ ты, Юрась, возьмешся – дакладна адладзім!
Ліля запытальна зірнула на Юрася. Той пакруціў галавою.
— Ня ведаю... Пашкоджаныя скульптуры, вядома, за месяц не адновіш... Хіба збольшага. А механізмы, у прынцыпе, тады рабілі на вякі...
— Ну вось і бярыся неадкладна! — уладарна загаварыў Віталь. — Фігуры – Бог з імі, пасьля дапрацуеш. Галоўнае – каб цікалі. Якіх дэталяў не хапае – ты толькі намалюй, за суткі зробяць. Пяць тысячаў баксаў гарантую, калі атрымаецца. Вось што... Гэтыя скрынкі ўсё адно трэба ставіць у вежу... Напачатку завязем іх у майстэрню, і Юрась разьбярэцца, што да чаго, складзе «чароўную дванаццатку». Ён жа – майстар-цуда! І Ганначку з сабой возьмем – будзе там пісаць, фатаграфаваць... Усе архіўныя дакументы, якія трэба, даставім. А на саракавіны ўрачыста адчынім у ратушы музей імя Аркадзя Баркуна. Я праязджаў учора, зірнуў — там ужо ўсё амаль расчысьцілі, трэба толькі вокны зашкліць. Пятро Апанасавіч прафінансуе. Дый мы ўсе скінемся. Усе ж пад Богам ходзім... У Калыванава пару гадоў таму таксама нейкі гад страляў. Ня любяць у вялікім бізнэсе сумленных людзей... Вось пра што пісаць трэба было, — гэта Віталь дакорліва кінуў мне на разьвітаньне.
Мы ехалі ў звычайным гарадскім тралейбусе, і раскоша Баркунова дома здавалася мне прысьнёнай. За вокнамі імчаліся агні начнога гораду, быццам згубныя балотныя агеньчыкі. Уяўляю, якімі нечувана прыгожымі здаюцца гэтыя падсьвечаныя фасады дамоў на сталічным прасьпекце якой-небудзь дзяўчынцы з Аляхновіч, дзе ўзімку трэба вучыцца ў школе, не здымаючы футра, а ўвечары гэтая дзяўчынка стаіць разам з усімі месьцічамі на чыгуначнай станцыі і выглядае, калі прывязуць цыстэрну саляркі, якая хоць на нейкі час верне цяпло ў кватэры... А міма, не спыняючыся, пралятаюць цягнікі далёкага накірунку, вокны якіх гараць нетутэйшымі прыветнымі агнямі... Як цікава было б гэтай дзяўчынцы, якой магла б быць я, ехаць у гэтым тралейбусе вось тут, на задняй пляцоўцы, і разглядаць залітыя сьвятлом дамы...
Але я развучылася радавацца таму, што жыву ў вялікім горадзе. Юрась зацята маўчаў, абапершыся локцямі на парэнчы і ўглядаючыся ў зьбягаючую назад бліскучую чорную стужку мокрага асфальту. Чорны швэдар на локці зацыраваны... Няўжо так мала зарабляе сваёй рэстаўрацыяй, што на куртку сабе не агорае? Я ведала, што Юрасёў бацька памёр. Але ж нібыта і рэстаўратары такога палёту не жабруюць... Напэўна, проста ня сочыць за сабой. Так, немагчыма паверыць, што калісьці між мною і гэтым мужчынам былі нейкія... іскры цікаўнасьці.
Паўпусты тралейбус пагрукваў, нібыта развальваўся. Я на хвілю ўявіла, што так можа выглядаць сучасны Харонаў транспарт. Вось прыпыніўся, каб прыняць у сябе новыя памерлыя душы...
Раптам Юрась азірнуўся і ўвесь напружыўся, і нібыта між намі ўпала нейкая сьцяна. Ён пільна глядзеў на дваіх, што ўвайшлі ў сярэднія дзьверы і ўсаджваліся на адно з абабітых карычневым, скрэмзаным шматлікімі непаўналетнімі пасажырамі дэрмацінам, сядзеньне. Высокая худая дзяўчына ў чорным скураным плашчы і капелюшы і хлопец у джынсоўцы. Неахайныя пасмы валасоў амаль закрывалі яго твар. Пара была дзіўная. Ня п’яныя, але рухаліся неяк нязграбна, нібыта толькі што, пасьля доўгага блуканьня, выйшлі з цемры сутарэньняў на сьляпучае сьвятло. Юрась ірвануўся да іх, нават нічога мне не патлумачыўшы. Я бачыла, як ён схіліўся над дзяўчынай, нешта ціха ёй сказаў, пасьля пацягнуў за руку да дзьвярэй. Я здагадалася, што хутчэй за ўсё прысутнічаю пры сямейнай разборцы, і з прыкрасьцю адвярнулася.
— Адкасьніся... – голас дзяўчыны быў гучны, але нейкі санлівы.
— Стэла, дадому! Уставай!
Бач, які ўладарны! Я зноў кінула пагляд у іх бок... Юрась падвёў дзяўчыну да дзьвярэй. Дзіўна, але хлопец, з якім тая зайшла ў тралейбус, нават галавы не павярнуў. І тут Юрасёва кабета паглядзела на мяне... Божа, якая прыгажосьць! Эльфійская князёўна... Твар бледны, як парцаляна, і худы, з тонкімі рысамі, вочы вялізныя, бліскуча-цёмныя... І чорныя прамыя пасмы валасоў зьвісаюць з-пад капелюша, нібыта не выпадкова, а нейкі мастак доўга падбіраў, як іх укласьці, каб падкрэсьліць незвычайную, нейкую трагічную і хваравітую гожасьць уладальніцы. Я глядзела на ўсе вочы, забыўшыся на прыстойнасьць. Тралейбус спыніўся. Дзяўчына ўсьміхнулася – горкай, імгненнай усьмешкай, і выйшла ў ноч і восень, у суправаджэньні ўнуранага, напружанага Юрася, які, дарэчы, нават і не зірнуў у мой бок...