Я ўстрывожана гадала, ці ведаў Юрась, хто даваў Стэле наркотыкі? Ён жа казаў мне, што ня ведае. Але калі яна трызьніла пры мне, напэўна ж, здаралася і пры мужы. Для чаго Баркун гэта рабіў? Няўжо быў гэтым... Як яго... Дылерам? Дыгерам? Не падобна... Са спачуваньня? Але ж ён зьяўляўся ў тыя моманты, калі Стэла, паводле словаў Юрася, была амаль гатовая «завязаць»… Хутчэй, проста хацеў мацней прылучыць да сябе даверлівага сябрука. Юрась браўся за любую працу, каб зарабіць грошы дзеля ратаваньня жонкі... Ну вылечылася б Стэла, зажылі б яны больш-менш шчасьліва, нарадзілі дзіця, і Юрась пасылаў бы да пана Хута ўсялякія сумніўныя заказы і сумніўных кліентаў... Падобна, што Баркун яшчэ і пэўную плату з прыгажуні браў... Так бы мовіць, «натурай». Я ўспомніла круглае, аптымістычнае Аркадзева аблічча, яго чырвоныя, тлустыя вусны, і мне зрабілася нядобра... Нібыта адчыніла ўлюбёны куфэрак з упрыгожваньнямі, а там – пачварны павук. А калі Юрась гэта ведаў, ці ня мог ён сам пакараць сябра? Служыў у арміі, значыць, страляць навучыўся... Ці заплаціў за нечы стрэл?..
Невыносна так думаць... Я накінула на сябе куртку і, забыўшыся на вячэру, пабегла з дому, патлумачыўшы чарняваму ахоўніку Ігару, што стамілася і хачу прагуляцца. Дзіўнаваты пагляд Ігара ў мой бок вытлумачыўся, калі я выскачыла за паслужліва расчыненыя перада мной дзьверы. Халодны дождж, аздоблены шматкамі паміраючага сьнегу, абняў мяне, здавалася, са шчырай радасьцю – відаць, і не спадзяваўся, што нейкая істота ў такую шарую гадзіну захоча падзяліцца з ім сваім цяплом. Зараз жа са мной зьвёў знаёмства і вецер – магчыма, ён лічыў гэта пацалункамі, але атрымаліся сапраўдныя поўхі, ад якіх мае шчокі зьнямелі. Я падняла каўнер сваёй куртачкі і хуткім крокам пайшла між белых плямаў ліхтароў, абы далей, абы ніхто ня бачыў...
Чамусьці я зварочвала на сьцяжынкі, па якіх мы з Юрасём не хадзілі – нібыта не хацела сустракацца з ягонымі сьлядамі... Вярэдзіла раздражненьне – ну навошта ён зноў зьявіўся ў маім жыцьці! Дапамагчы захацеў... Правільна Стэла сказала – старанны дурань... Хутчэй, хутчэй скончыць сваю працу – і выбірацца адсюль! Засталося ўсяго нічога – сфатаграфаваць гадзіньнікі, расставіўшы па крузе. А быў у іх нейкі сакрэт ці не, і які – ну каму справа праз пяцьсот гадоў! Я ўжо ня тая дзяўчынка, што гатовая была адразу ж ехаць у глухую вёску, спрачацца, угаворваць, дашуквацца – бо там мог захавацца ліст расстралянага паэта... Цяпер я працую на людзей, якім нашая гісторыя – толькі дыванок пад дзьвярыма рэсьпектабельнай фірмы... Калісьці я з пенай на вуснах даказвала, што ніколі не напішу таго, што ня думаю, што ў мяне ёсьць прынцыпы і духоўныя каштоўнасьці... А вось зараз напісала дваццаць старонак пра тое, якім высакародным мецэнатам быў чалавек, які зруйнаваў старажытную вежу і даваў наркотыкі жонцы сябра... А Юрась? Наколькі зьмяніўся ён? На што ён здольны сёньня? Вось яшчэ нядаўна я думала пра яго з жалем, з нейкім хваляваньнем, а варта было западозрыць у злачынстве – і я ўнутрана аддзяліла сябе ад яго, здрадзіла яму... Не кахала я нікога ў жыцьці, і мусіць, гэтага і не адбудзецца. Не валодаю я такім талентам... Каб – «і ложа, і пошасьць адны на дваіх»...
У прыцемку нешта бялела. Я зразумела, што дабрыла да калонаў, якія засталіся ад зруйнаванай часткі палаца. Спатыкаючыся аб камяні і карэньне, я пайшла да гэтых сьведкаў былой славы маёнтка... За калонамі сьвятлела нешта, падобнае да маленькага храму. Альтанка! Таксама з калонамі, толькі меншымі, а галоўнае – з дахам! Самотны ліхтар асьвятляў яе прывідным, сьляпым сьвятлом. Круглая, нібыта куфэрак, і нават рэшткі сьценаў ёсьць – між калонамі калісьці былі вітражы... Я паднялася па разваленых прыступках, ледзь ня ўпаўшы. Сховішча ад ветру і дажджу ненадзейнае, але ўсё-ткі – абарона... Цікава, хто сядзеў у гэтай альтанцы пару стагоддзяў таму? Мне не было на што прысесьці, я проста прыхінулася да адной з калонаў і паспрабавала ўслухацца ў сябе...
—Бомммм!...
Што гэта? Гук даносіўся з боку дому. Нібыта сотні маленькіх званоў гралі п’есу звар’яцелага музыкі. Гэта ж гадзіньнікі! Юрась амаль усе адладзіў... А гадзіньнікі ўсё білі і білі, і нават тут, у альтанцы, за сьцяной ветру і дажджу, ад гэтага звону рабілася невымоўна тужліва, нібыта дзесьці ты пакінуў дарагое, апошняе, і калі неадкладна не паімчышся туды, яно зьнікне, ужо зьнікае, і ўсё астатняе жыцьцё станецца пустым, як мёртвы вулей...
Гадзіньнікі змоўклі... Але з дому пачуўся жудасны крык – ці чалавека, ці зьвера... Я яшчэ шчыльней прыціснулася да халоднай калоны. Крыкі паўтараліся праз роўны прамежак... Ды што ж гэта такое? Здавалася, прайшла вечнасьць, пакуль яны сьціхлі... Я асьцярожна рушыла ў бок дому... І якраз пасьпела ўбачыць, як ахоўнікі і Макс садзяць у джып прафесара Зьміцера Патапавіча. Прафесар рухаўся, як лялька, я толькі заўважыла, як у сьвятле ліхтара бліснулі яго акуляры... Джып зьехаў, і вакол запанавала жудасная цішыня... Толькі дождж барабаніў па блясе перад пад’ездам, ды калацілася маё сэрца, як маятнік сапсаванага гадзіньніка...