Читаем Скокі смерці полностью

Унікальны выпадак! Ён мусіць вывучыць яго – дзеля навукі і... сусьветнага парадку. Калі дзяўчына змагла выжыць у карагодзе сьмерці, вытрымае і досьледы, якія даўно трэба было зьдзейсьніць.

Бернацоні ўладна загадаў:

— Пакажы свае ногі. Не саромся, я лекар.

І ў пацьверджаньне дакрануўся да залатога ланцуга. Анэта, памарудзіўшы, прыўзьняла край сукні… Так, хадзіць гэтая дзяўчына ня зможа яшчэ з месяц... Але калекай не застанецца. Выдатна…

— Я дапамагу табе.

Бернацоні накінуў на дзяўчыну свой плашч і падхапіў яе на рукі. Ніхто ня бачыў, як ён зайшоў у вежу.


Я неўразумела глядзела проста перад сабой, на сьцяну, абклееную белымі ў тонкую брунатную палоску шпалерамі (каб гэта была мая кватэра, я паклеіла б проста белыя)… Заснула за пісьмовым сталом! Непрыстойна прыгожы эпізод для пісьменьніцкай біяграфіі. Толькі я не прэтэндую на званьне пісьменьніка. Журналіст цягнецца да літаратуры, як архітэктар да выяўленчага мастацтва… Вечная нязьдзейсьненасьць ды незьнішчальная вера, што табе дадзеныя крылы, толькі чамусьці не распростваюцца… Званок у дзьверы, які мяне, відаць, і пабудзіў, не змаўкаў. Я пайшла адчыняць, кінуўшы па дарозе сярдзіты погляд на гравюру, якая спрыяла маім начным жахам.

Зірнула праз дзьвярное вочка… На пляцоўцы стаяў Юрась.

За нейкі ашмётак хвілі я пасьпела пераканаць сябе, што выглядаю цалкам спакойна, прычасацца і спырснуцца рэшткамі французскай парфумы.

Юрась, у адрозьненьне ад мяне, не падумаў пра зьнешні выгляд. Твар змучаны, вочы пачырванелыя, у тым жа швэдары, у якім я бачыла яго на кірмашы. Такі… звычайны мужчына. І чым ён калісьці мяне прывабіў?

— Можна зайсьці?

Я моўчкі адышлася ўглыб калідору. Юрась павольна ступіў цераз парог… І ў мяне зьявілася адчуваньне, што аб нябачную ракавінку, у якую схавалася маё жыцьцё, стукнуў каменьчык. Я ледзь не закрычала: «Што табе тут трэба?»

Былы муж абвёў вачыма небагаты пакой, адрывістым жэстам прыгладзіў стрыжаныя, але ўсё гэтак жа непаслухмяныя валасы (ага, таксама бянтэжыцца!), яшчэ больш зьбянтэжыўся, калі заўважыў у куце скураныя пантофлі майго апошняга бойфрэнда, дакладней, чарговага нязьдзейсьненага Вялікага Каханьня.

— Прабач, што патурбаваў… Ды яшчэ так рана… Але ты ведаеш, што ўчора здарылася.

— Ты… пра сьмерць Аркадзя? Жах… А ад чаго ён памёр?

Юрась пільна зірнуў на мяне.

— А табе хіба ніхто не сказаў?

— Не… Выглядаў здаровым. Можа, аварыя?

Мужчына, у якога ператварыўся мой колішні знаёмы юнак, адмоўна пакруціў галавой.

— Яго забілі.

— Што?!!—той Юрась мог падобным чынам пажартаваць.

— Забілі, калі вяртаўся дадому. У пад’езьдзе, — цярпліва патлумачыў гэты Юрась. — Застрэлілі.

Мне зрабілася млосна. Мой маленькі, спакойны, няяркі сьвет распаўзаўся, як сатлелы сувой.

— Чакай, я ж яму ўчора званіла… Гаварыла з сакратаром…

Дамагурскі нявесела засьмяяўся.

— Які сакратар… З табой размаўляў сьледчы. А я ў гэты час сядзеў у куце пакою ў якасьці сьведкі. Мы ж з Аркадзем разам вярталіся. Хачу спытаць у цябе пра тое-сёе...

Я зразумела, што Юрасёў візіт ня мае лірычна-настальгічнае мэты, і гэта значна ўсё спрашчала. Таму я зварыла моцнай кавы і нават паставіла на часопісны столік два гліняныя кубкі, якія да гэтага пару стагоддзяў праляжалі ў зямлі менскага гарадзішча. Юрась ацаніў – пакруціў у руках, як найвялікшую каштоўнасьць, і нават дакладна вызначыў час, калі гэтыя пасудзіны ўзьніклі з гліны. Потым паказаў на мае гравюры:

— Ня ведаў, што ты аматар змрочнасьцяў сярэднявечча. Адкуль?

— Са Старавежску. Калі зьбірала матэрыял для артыкулу, мне мясцовы краязнавец падарыў, Пётр Піліпавіч Калейка. Ён выявы гэтых гравюраў у нейкім італьянскім альбоме знайшоў. Нібыта гэта ў Старавежску намалявана. Я асабіста сумняваюся…

Юрась ледзь ня ўскочыў з крэсла.

— Ды я ж да цябе менавіта з нагоды твайго артыкулу і прыйшоў!

Я спахмурнела.

— Прабач, але я лічу за лепшае сваё журналісцкае мінулае ня згадваць.

Юрась вінавата паглядзеў на мяне сваймі абуральна сінімі вачыма.

— Я не пытаўся б, калі б ня думаў, што сьмерць Аркадзя была зьвязаная са Старавежскам і яго ратушай.

Я недаверліва хмыкнула. Юрась цярпліва патлумачыў:

Перейти на страницу:

Похожие книги