Читаем Сны iмператара полностью

Па паглядным князевым твары ў аздобе густых кучаравых валасоў знячэўку прабег цень. Валодшу ўспомнілася, як учора пасля вячэрні гутарыў з ігуменам Лукой. Трасучы ад злосці сівой казлінаю бародкай, шчупленькі Лука выгаворваў князю, што не ў адных святых Барыса ды Глеба з бельчыцкага храма просяць ягоныя кметы ратнай удачы. Манахі высачылі, што ўначы людзі з дружыны таемна пераплываюць на чоўне раку і прабіраюцца на старое капішча каля Валовай азярыны, дзе яшчэ Рагвалодаў унук князь Ізяслаў паліў паганскіх ідалаў. Ён, Валодша, пераказаў ігуменавы словы ваярам. Гаварыў сувора, углядаючыся ў вочы, але шукаць вінаватых не стаў. Не той час, каб сварыцца з дружынаю. Відаць, сёй-той здагадваецца, што не просты паход збірае ён цяпер. Можа, таму і ходзяць на паклон да даўнейшых багоў. Дый сам грэшны, таксама таптаў сцежку да заклятае азярыны. Хоць і даўно тое было, ды, пэўна, ведае ігумен пра грэх. Але не толькі таму чарнарызец так барадою трос. Князь сам сабе ўсміхнуўся. «Рысь стракатая ізвону, а чалавецы лукавыя знутры». Гэта нагадвае яму Лука, што дакляраваў адпісаць манастыру запалоцкі поплаў, а спраўдзіць не спяшаецца. Мала ім трох весяў са смердамі. Цяпер не выкруцішся, трэба на ігуменаў гнеў, як на хвалі, алею выліць. З ім вадзіцца таксама не след, дасць Бог, будзе лепшая пара.

Князь пазваніў у званец, і ў два мігі на парозе вырас халоп з рукамыем заморскае работы. Скінуўшы апратку, Валодша залез у вялізную ліповую балею і з насалодаю падставіў крутыя рамёны і ўсё вялікае, гарачае яшчэ цела пад сцюдзёны струмень з меднай ваўчынае пашчы. Ён радаваўся вадзе і пялёхаўся, як малое дзіця.

— Глядзі, куды льеш! — нязлосна, але зычна крыкнуў на халопа, і той з перапуду бухнуўся валадару ў ногі.

— Хрэсціцца раб Божы Мікола,— гундоса і нараспеў, удаючы ігуменаў голас, прамовіў Валодша і выплюхнуў на саламяную халопаву галаву рэшту вады з рукамыя.

— Не гневайся, княжа...— цягнуў, лежачы ў лужыне, халоп.

— Калі гневаюся, не ваду лью,— памяркоўна сказаў князь.— Давай ручнік і накажы, каб шукалі Барыску. Няхай да мяне ў святліцу ідзе.

Хутка русявы прычасаны Барыска ўжо стаяў у дзвярах і церабіў крысо чырвонага каптанчыка. Было відаць, што і твар і рукі малому вымылі кагадзе. Не вытрымаўшы дапытнага позірку шэрых бацькавых вачэй, хлопчык утупіўся ў маснічыну.

«Падрос Барыска, у плячах пачаў гэтай вясною шырэць. Ваяр расце»,— падумаў князь. Падумаў з цеплынёй, што заўсёды агортвала душу, калі быў з сынам, але ўголас сказаў строга:

— Нягожа, князь Барыс, вочы долу апускаць. Полацкія князі не ў зямлю, а ў неба глядзець мусяць. I не ў парозе іх месца. Хадзі бліжэй!

Барыска нясмела падышоў.

— Дзяк казаў, да навукі ты дужа здатны. Даўно паглядзець збіраюся, чаму ён цябе навучыць паспеў.

Княжыч заліўся чырванню, але пазіраў ужо без боязі.

— Ну-тку скажы, якое цяпер лета ад стварэння свету?

— Лета шэсць тысяч семсот дваццаць чацвёртае*,— як па пісанаму адмалаціў Барыска.

* Паводле сучаснага летазлічэння - 1216.

«Славаю ці ганьбаю маёй застанецца яно ў летапісах?» — укалола князя раптоўная думка, але ён не даў ёй волі.

— А лічыць ці добра ўмееш? — працягваўся іспыт.— Ёсць у мяне пяць крэчатаў, а як выпушчу я іх, саб’е кожны па дзве белыя лебедзі. Колькі будзе лебедзяў?

— Два разы па пяць, а разам дзесяць, як пальцаў на руках,— не задумваючыся адказаў Барыска.

— Гожа.

Князь узяў з падваконца кнігу ў багатых абкладах, адплікнуў залачоную засцежку і прывычна знайшоў «Сказанне аб Індыйскім царстве», якое любіла першая жонка-нябожчыца.

— Чытай!

— «Царства маё такаво,— бойка пачаў Барыска.— Ісці на адну старану дзесяць месяцаў, а на другую няможна дайсці, бо саткнуліся там неба з зямлёю. Ёсць у мяне ў адной зямлі людзі немы, а ў другой зямлі людзі рагаты, а ў іной людзі трохногі, а іныя людзі дзевяці сажняў, іжэ суць валатове...»

— Лепа,— пахваліў князь.— А можа, на памяць зацвердзіў, як малітвы, га? — Ён успомніў, як некалі, на пачатку вучэння, сам рабіў гэтак, каб байчэй атрымлівалася, калі бацька скажа пачытаць гасцям.

Княжыч закруціў галавой, і Валодша пашкадаваў, што скрыўдзіў сына, але, нахмарыўшы бровы, перагарнуў старонку і паказаў:

— Вось тут чытай.

— «Ёсць у маёй зямлі пеўні, на іх людзі ездзяць,— упэўнена разбіраючы цітлы, чытаў Барыска.— Ёсць у мяне птушка нагой, уе сабе гняздо на пятнаццаць дубоў. Ёсць у маім царстве птушка фінікс, звівае сабе гняздо на ноў месяц і прыносіць агню нябеснага і сама паліць гняздо сваё і сама тут згарае і ў тым попеле зараджаецца зноў і пер’ем абрастае, а плоду няма ад той птушкі, а жыве яна пяцьсот лет.— Ад старання на носе ў хлопчыка выступілі расінкі поту.— А пасярод майго царства плыве рака Эдэм з раю, у той рацэ емлюць дарагія камні акінф, і самфір, і памфір, і ізмарагд, сардзік і аспід, цвёрд жэ і, які вугаль, гарыць...»

Барыска перавёў дых і, пэўна, таму, што ніводнага разу не збіўся, насмеліўся запытаць:

— Няўжо гэта праўда ўсё, тата?

Перейти на страницу:

Похожие книги

Мантисса
Мантисса

Джон Фаулз – один из наиболее выдающихся (и заслуженно популярных) британских писателей двадцатого века, современный классик главного калибра, автор всемирных бестселлеров «Коллекционер» и «Волхв», «Любовница французского лейтенанта» и «Башня из черного дерева».В каждом своем творении непохожий на себя прежнего, Фаулз тем не менее всегда остается самим собой – романтическим и загадочным, шокирующим и в то же время влекущим своей необузданной эротикой. «Мантисса» – это роман о романе, звучное эхо написанного и лишь едва угадываемые звуки того, что еще будет написано… И главный герой – писатель, творец, чья чувственная фантазия создает особый мир; в нем бушуют страсти, из плена которых не может вырваться и он сам.

Джон Роберт Фаулз , Джон Фаулз

Проза / Зарубежная классическая проза / Классическая проза / Проза