Цяпер вярнуся да таго, як выехаў гасудар у месяцы снежні лета 7071 у Мажайск, дзе стаяла ўжо войска маскоўскае. Ехалі з ім цары казанскія Аляксандр і Сімяон, царэвічы Ібак, Тахтамыш, Бекбулат ды Кайбула, дванаццаць баяраў думскіх, пяць акольнічых і шаснаццаць дзякаў. Людзей вайсковых меў гасудар 200 тысяч конных, ды 60 тысяч пешых, ды людзей абозных тысяч 80. Кажуць, аднак, што разы ў тры, а мо і ў чатыры гэтую сілу прыменшыць належыць, каб супроць праўды не саграшыць, але ўсё адно здавалася, нібыта цэлая дзяржава Маскоўская на вайну сабралася. Мела войска 200 гарматаў, з якіх чатыры - сцены біць, 36 - такія, што агонь і камяні кідаюць, а яшчэ - абложныя, палявыя, паўгарматы і чвэрцьгарматы, фальканеты і іншыя. Ішлі яшчэ з намі шэсць тысяч грабараў дарогі правіць. Было таксама колькі тысяч мяхоў, з радна пашытых, каб у іх зямлю ды жвір насіць і абложныя туры наладоўваць. А гарматы, і порах, і кулі, і ўвесь рыштунак везлі на сабе сорак тысяч чорных людзей, бо цар і вялікі князь загадаў коней берагчы.
І пайшла сіла нашая да літоўскіх межаў. З Мажайска на Тарапец пайшла, дзе некалі ва Уваскрасенскай царкве князь Аляксандр Яраславіч, пазней Неўскім названы, з полацкай князёўнаю Параскеваю вянчаўся. З Тарапца рушылі мы на Вялікія Лукі, і цар загадаў дарогу перад сабою чысціць і на рэках масты ладзіць. З Вялікіх Лукаў на Невель пайшлі, а адтуль дарогаю лясною і цеснаю - на Полацак, места на той час у Вялікім Княстве Літоўскім найбуйнейшае і найбагацейшае, што на гандлёвай рацэ Дзвіне стаяла, якая з Варажскім морам каля Рыгі зліваецца. Так зрабілася вайна Літоўская вайною Полацкаю. Я ж сярод царскіх пісцоў і перапісчыкаў ехаў, таму шмат чаго мне ведаць дадзена было, ад іншых вачэй схаванага.
Лета 7071* студзеня 31 узялі мы галоўную цвярдыню варожую ў аблогу і адразу пачалі каля места вялікія туры ставіць, што ў лесе за тры вярсты адтуль зрабілі, і загадаў гасудар Іван Васілевіч дзецям баярскім з баярскімі людзьмі быць каля тураў і ягоную царову справу рабіць. І агонь з ядрамі праз сцены кідаць пачалі, так што назаўтра ўжо чорны дым над местам паплыў.
* Паводле сучаснага летазлічэння - 1563.
Бараніўся Полацак сілаю невялікаю, але мужна і ўмела, аднае начы палачане нават на вылаз адважыліся, каб гарматы ў нас адбіць, аднак няроўныя сілы былі, і хутка мы непрыяцеля назад утапталі. А ваявода полацкі Станіслаў Давойна спудлаваў ды нам, не хочучы таго, услужыў. Выправіў ён з места дзве тысячы сялянаў, што сцены мацавалі, нашыя ж людзі іх палавілі ды змусілі ямы паказаць, дзе палачане харч хавалі. А потым ваявода Давойна ізноў безразважнасцю нам паспрыяў: людзей сваіх у замкі адвёў, а пасады падпаліў. Нашыя ж стральцы, і мне між іх быць давялося, у дыме густым у места ўварваліся і гарматы туды перацягнулі.
Вывелі мы ў той дзень палон - адзінаццаць тысяч чорных людзей. Цар і вялікі князь Іван Васілевіч загадаў той палон па князях, і баярах, і дзецях баярскіх, і па ўсіх прыказных людзях раздаць. Мне з царскае ласкі дзесяць мужыкоў з жонкамі і з дзецьмі дасталося, якіх я слугам маім Сценьку Разносаву ды Фяську Сухарукаму да вас, бацюхна і матухна, у Суздальскую зямлю весці наказаў. Не ведаю, ці дайшлі яны тымі снягамі ды маразамі, бо ніякай весткі ад вас пра тое не маю, але і пры сабе пакінуць іх не мог, бо не меў ім корму. Калі ж дайшлі, прашу абыходзіцца з імі па-хрысціянску. Таму што адной яны з намі веры, толькі цэрквы іхнія канстанцінопальскаму патрыярху падлеглыя.
Пасля таго гарматы нашыя зусім блізка ад замкаў стаялі і білі ў сцены прыцэльна. Апрача таго, падвялі мы падкоп і вялікі прыпас парахавы ўзарвалі, так што трыста сажняў сцяны выгарала. А неўзабаве татары казанскія, што ў царскім войску былі, прывялі да гасудара двух літоўцаў злоўленых - Марка Іваніча ды Фядка Хлябовіча, і тыя літоўцы сказалі, што ідзе на падмогу Полацку гетман Мікалай Радзівіл, што даў каралю слова места абложанае ад ганьбы ўратаваць, і стаіць ужо з дваццаццю гарматамі пад Глыбокім. Пасланыя былі пераняць яго князі Юры Рапнін ды Сімяон Паліцкі, і не адважыўся непрыяцель на бітву, бо меў і жаўнераў толькі тры з паловаю тысячы. Тым часам пустошыла наша воінства Полацкую зямлю і ад замка Дрысы да Дзісны ўсе воласці па Дзвіне выпаліла.
Цар і вялікі князь Іван Васілевіч стаяў тыя дні паблізу Спасаўскага манастыра, цвярдыні багатай і аздобнай, а фундаванай найпадобнейшаю Еўфрасінняю, прапрапраўнучкаю святога князя Ўладзіміра Хрысціцеля. Вёз гасудар у скарбе сваім крыж, той ігуменняю Еўфрасінняй некалі ў манастырскім саборы пакладзены, а пазней смаленскімі князямі ўзяты і ад іх у Маскву вывезены. І загадаў ён, просячы ў неба перамогі, на належнае месца святыню вярнуць. Быў то чын дагодны Богу, ды хутка, як бы купіўшы сабе тым крыжам адпушчэнне грахоў будучых, узяў цар на душу новыя злачынствы крывавыя. Набліжаўся гасудар наш да веку Хрыстовага, але нават імя яго на пісьме побач з імем Збавіцеля ставіць мне боязна.