У тое ж лета, як гаспадар наш Вітаўт і кароль Ягайла каля вёскі, званае Грунвальд, а па-нашаму - Зялёны Гай, пабілі тэўтонаў і радасць была вялікая ў нашым месце і ва ўсёй дзяржаве нашай, быў ужо я памагаты бацьку майму ў майстэрні, гліну вымешваў, перадзіраў яе на тарках ды прывучаўся круціць кружар, стаўбункі ды латушкі выштукоўваючы. Дні складваліся ў месяцы, месяцы ў гады, і агортваў мяне почасту чорны смутак: не баяўся я работы, ды баяўся, што так вакол кружара жыццё маё і абернецца, а прасіў я ва ўсявышняга інакшае долі, бо жыла ў сэрцы маім, быццам птах дзівосны ў клетцы, любасць нязводная да кніжнае навукі, і не адзін дубец зламаў бацька на спіне маёй, калі засынаў я над кружарам, праседзеўшы ноч у Багдана-перапісчыка ў келлі. Жылі ж мы з бацькам са свайго мазаля; вялікаму князю падатак заплоціш, царкве дзесяціну, а яшчэ ардыншчыну з сярэбшчынай, вось і голы, як бізун.
А калі мінула мне шаснаццаць летаў, даў мне Бог, акрамя кніг Багданавых, яшчэ адну радасць. Імя ёй было Міхаліна, і цяпер нават, калі ляжаць паміж мною і той парой незлічоныя вёрсты і дні і не ведаю я, ці жыве Міхаліна на свеце, прыходзіць яна ў сны мае і змушае мацней біцца сэрца, бо не было ў мяне большага шчасця, чым стаяць з ёю ў садку над Віцьбаю да самае дзянніцы. І паслаў бацька ў Спасаў дзень сватоў да Сцяпана-кушняра, ды вынесла ім Міхаліна са слязамі на вейках гарбуз; не хачу, сказаў Сцяпан, з галаштанцамі радніцца, і была ў словах ягоных праўда, бо на яго восем чаляднікаў спіну гнулі, але праўда гэтая была горшая за крыўду.
Міхаліну ж, каб не прычынілася якое ліха, аддалі скора за злотніка Міколу, і, як уведаў я пра гэта, стала ў мяне ўваччу, як ясачка мая ў вясельную ноч другога разувае, ласкі ягоныя прымаючы, і нічога, апрача гэтага, вочы мае не бачылі. Выйшаў я на бераг за замкам, дзе самыя віры, і благую думку на камені пад алешынай задумаў. Да граху было, як да цёмнай вады, але пачуў я нейкі голас таемны. Няўжо ты, Лаўрын, голас гэты казаў, дзеля таго дасюль па зямлі хадзіў, каб кругі па рацэ пайшлі і рыба з цябе наедак мела? Ходзіш па зямлі, дык пакінь па сабе не адно гаршкі, што ад любога каменя на чарапкі разляцяцца. І акрыяла душа мая, бо прыняў я голас як знак, што зменіцца жыццё маё.
І не зманіў той голас.
Лета ад нараджэння Сына Божага 1413 у месяц красавік прыйшлі па Дзвіне велікакняжыя стругі і ладдзі з войскам і почтам* і прысталі да берага проці Альгердавага замка. І спяшалі з двух бакоў насустрач ім людзі лацінскае веры і людзі нашай дзедаўскай веры са сваімі мошчамі і харугвамі. І пабачыў я гаспадара нашага Вітаўта, што трымаў пад сваёй рукою дзяржаву ад мора да мора; былі на ім латы з сабалінаю накідкаю і шалом з пяром паўлінавым, і меў гаспадар наш бараду, быццам срэбра, сівую, а веку меў болей за шэсцьдзесят летаў, але відаць было, што не кожны яшчэ малады рыцар патрапіць яго з сядла выбіць. І пабачыў я разам з людам паспалітым места Віцебскага таго нашай крыві воя, што тры леты таму ў Грунвальдскай сечы ўваткнуў у гарляк тэўтонскаму магістру рацішча і адправіў душу ягоную ў пекла, а паказаў мне таго воя бацька мой, бо быў і ён у векапомнае сечы і меў напамінкам пра яе шнар безвалосы на галаве і не меў левага вуха. І была пагудка, што разам з княжымі людзьмі едзе муж вучоны Геранім Пражскі, пасланы ў нашу зямлю вялікім бязбожнікам Янам Гусам, якому паводле ўказу папы рымскага спявалі анафему ва ўсіх цэрквах Чэшскае зямлі.
Гаспадар жа наш Вітаўт на дзвінскім беразе лагадней на лацінцаў-аднавернікаў пазіраў і галавою ім ківаў ласкава. І прычынілася тады такое, што многія людзі хрысціцца пачалі, а біскупа віленскага ажно перасмыкнула, нібыта ён карэц палыновага адвару выпіў. Выступіў з княжага почту муж паважны ў карзне нетутэйшага крою і перад людам паспалітым лікам чатыры ці пяць тысяч мужчын, жанчын і дзяцей укленчыў і людзей нашай старой веры назваў добрымі хрысціянамі, а святыні нашыя назваў праўдзівымі святынямі; імя ж гэтаму мужу было Геранім.
Успамінайце настаўнікаў вашых, вучыў апостал Павел, і часта ўспамінаю я Гераніма, бо, калі раўнаваць чалавека з глінаю на кружары, бачыць Бог, быў ён добры ганчар. Жыццё чалавечае мінулася з таго дня, як казаў ён нам казань сваю першую, я ж і цяпер яе чую, быццам зноў у храме Іаана Багаслова з бацькам маім стаю.
Нашаю моваю казаў ён, і хоць перакручваў на свой капыл словы, не смяяўся ніхто, бо словы тыя былі, як зярняты, і надышла пара, калі прараслі яны ў душах, і закаласіліся; і не смяяўся ніхто, бо казань тая была, як бура над дзвінскаю плынню, і надышла пара, калі закінула бура гэтая многіх свайчакоў маіх далёка ад родных агменяў.