Праз тры гады наш далёкі сваяк, што служыў у раённым Шклове ў НКВД (я прынцыпова супраць беларусізацыі і гэтага і іншых падобных скаротаў), папярэдзіў дзеда і ягонага брата Ціхана, калгаснага бухгалтара, што на іх і яшчэ на дзесяць вяскоўцаў прыйшоў данос. Хапун, казаў сваяк, чакаўся вялікі, і калі з'ехаць куды-небудзь на данбаскія шахты ці проста зашыцца месяцы на тры ў лес, усё абыдзецца, бо возьмуць іншых.
Дзед з братам сабраў у сваёй хаце сход тых дванаццаці, чые імёны ўжо перадрукоўвалі машыністкі НКВД. Думкі падзяліліся: адны стаялі на тым, каб ратавацца; дзяды Максім і Ціхан лічылі, што хавацца - значыцца прызнаць, што яны і сапраўды ў нечым вінаватыя. Надзвычай дарагая мне і такая драбніца: на той зборні дзед Максім сказаў, што ўсё адно замест хаванцаў схопяць іншых, якіх ніхто нават не папярэдзіў.
Назаўтра трое «ворагаў народа» падаліся ў лес, а дзевяцера засталіся ў вёсцы, спадзеючыся, што там разбяруцца. Людзі верылі, што ўлада, якая ўжо пятнаццаць гадоў называла сябе іхняю, хоць калі-нікалі здатная на справядлівасць.
Па дзеда прыйшлі ў першы дзень 1933-га. Ён сядзеў на палку, плёў рэзгіны і, як запомнілася маме, спяваў:
Што рабіць мне, як мне быць?
Ці пакінуць, ці любіць?
Мама басанож бегла за санямі да аселіцы.
Праз два тыдні бабе Аўгінні і іншым жонкам арыштаваных дазволілі перадаць ім у Шклове харчы і памяняць бялізну. Старую бялізну давялося спаліць, бо яна кішмя кішэла вошамі.
Наступнаю звесткаю пра дзеда была ўжо згаданая даведка на шэрым бланку, дзе не знайшлося месца хоць бы на колькі слоў крывадушнага казённага спачування. Чалавека забілі, але няхай вас суцешыць тое, што яго забілі ні за што, невінаватага. Праўда, я маю моцны сумнеў, што тыя, хто падпісваў такія даведкі ў шасцідзесятыя гады, і тыя, хто падпісвае іх цяпер, шчыра лічаць такіх, як мой дзед, невінаватымі. Яны сапраўды былі вінаватыя - у тым, што ведалі «планэты», што за царскім часам выпісвалі несавецкую газету, што ім людзі верылі болей, чым розным камісарам і люцыпанерам...
Бабуля Аўгіння сустрэлася з дзедам Максімам на небе за два гады да таго, як дзяржава рабочых і сялян ашчаслівіла нас гэтым бланкавым сведчаннем свае гуманнасці і некалькімі рублямі, якія маці з цёткаю адмовіліся атрымліваць.
Імя даносчыка, што загубіў дзевяць душ, пакінуўшы бязбацькавічамі без малога тры тузіны дзяцей, хутка адкрылася. Гэта быў самы недалужны капысіцкі гаспадар камбедавец Цыбулька.
- Наша горніца з Богам не спорніца! - з дурным гонарам весела казаў ён пра сваю хаціну-развалюху, дзе адно на печы маглі сагрэцца ягоныя вечна галодныя дзеці.
Мамін брат дзядзька Язэп шмат разоў, выпіўшы дзеля смеласці гарэлкі, браў уначы стрэльбу і ішоў помсціцца за бацьку. Бабуля Аўгіння і мама з сёстрамі, галосячы, як па нябожчыку, беглі за дзядзькам да Цыбулькавае развалюхі. Ейны гаспадар спярша аднаго за адным выпускаў на падворак усіх сваіх васьмярых дзяцей, потым жонку, потым выходзіў у споднім сам, і дзядзька Язэп, заплакаўшы ад бяссілля, паварочваў дахаты.
- Усё адно заб'ю! - крычаў ён.
- Няхай, сынок, яго Бог уваб'е, - хрысцячыся, казала бабуля Аўгіння.
Бог не спяшаўся, і Цыбулька пераваліў за дзевяць дзесяткаў. Аднойчы, калі я з вясковаю блазнотаю тоўкся каля крамы, дзе вечна выпівалі і пра штосьці спрачаліся капысіцкія мужчыны, сівенькі падпіты дзядок з чырвонымі слязлівымі вачыма паклікаў мяне пальцам, завёў у краму і купіў грамаў трыста зліплых у суцэльны камяк ірысак. Змеціўшы такі манеўр, адзін з падкрамных пітакоў сурова сказаў мне:
- Выкінь цукеркі! Ён твайго дзеда прадаў!
У тым вяку «прадаць дзеда» значыла прыкладна тое самае, што і «прадаць мяне» - малодшая сястра штодня рабіла гэта, паведамляючы бабулі пра кожны мой вылаз у суседчыны вішні або трускаўкі. Адбегшыся ад крамы, я са смакам з'еў падораныя ірыскі, не чуючы да сівога дзядка анічога, апрача ўдзячнасці. Падумаеш, прадаў нейкага там ніколі не бачанага дзеда!..
Трое капысічанаў, што, не паслухаўшыся дзеда Максіма, схаваліся ад роднае ўлады ў лесе, памарозіліся, але засталіся жывыя. Адзін потым не вярнуўся з вайны, другі ўжо даўно перасяліўся на пагост пад старыя бярэзіны, а з трэцім у апошнія пагасціны на мамінай радзіме мы выпілі пляшку гарэлкі.
- Не паслухаўся нас, Воўка, твой дзед, - казаў ён, - а то б цяпер з намі чарачку ўзяць мог. Здаровы быў Дзянісавіч, як гэта, каб яго халера, рускі багатыр Ілля Мурамец. Неяк на станцыі рэйку да грудзей падняў...
Ад маці бабы Аўгінні - маёй прабабкі Пёклы - засталося толькі гэтае імя, амаль зраўнаваны з зямлёю грудок на кладах і згадка пра тое, што прабабка страшэнна не любіла жоўтых кветак. Затое, хоць і страціўшы ўжо сваё імя, трывала ўвайшла ў няпісаныя дагэтуль аналы нашага роду ейная маці - гэта значыць мая прабабка з дзвюма прыстаўкамі «пра».
Паводле маіх падлікаў, тое лета, у якое пры лесе ля капысіцкіх могілак стаяў цыганскі табар, было яшчэ за першым, царскім, прыгонам.