Ігралі Шэкспіраўскую штуку «Сон у летнюю ноч» у Меерхольдаўскай пастаноўцы. Гэта найнавейшы зварот у тэатральным мастацтве, дзе кожны рух, кожны жэст выстылізаваны, выпрацаваны. Затое сцэна дае сапраўды ўражанне фантастычнага сна, з-пад якога трудна выйсці, нават пакінуўшы тэатр» («Маладосць», 1991, № 1, с. 103).
Пра гэта ж успамінае і Паўліна Мядзёлка: «Надзвычай моцнае ўражанне рабіла ігра маладых актораў, асабліва Косці Саннікава і Стэфы Станюты. Мне цяжка цяпер знайсці слоў, каб выказаць сваё захапленне. Гэта сапраўды быў чароўны сон. Божа мілы! Ці ж магла падумаць там, за мяжой, як быстра ўзнімаецца наша нацыянальная культура!» (Паўліна Мядзёлка. Сцежкамі жыцця // «Полымя», 1993, № 3, с. 206).—