Лагун паехаў. А раптам? Пахадзіў па калідорах. Падыхаў творчым паветрам. Бачыў шыльды на дзвярах. Паглядзеў у высачэнную столь. Пастаяў каля дзвярэй аддзела кадраў, зайшоў. Сапраўды, сказала строгая жанчына, пакуль не патрабаваліся нават статысты, ды і грошы былі мізэрныя. Каля студыі быў гіпермаркет. Лагун зайшоў купіць чыпсаў і вады. Каля дзвярэй – абвестка: “Патрабуецца… зборшчык вазкоў і кошыкаў у гандлёвай зале, праца 4 гадзіны”. Праца? Ён, канечне, звяртаў увагу, але нават не ведаў, што ёсць спецыяльны чалавек, які ходзіць па зале і збірае кошыкі. Прычым усяго 4 гадзіны, а потым тры дні дома. Ахоўнік правёў яго у канец гандлёвай залы ў падсобнае памяшканне да, як ён выказаўся, начальніцы дворнікаў. Яна ўхапіліся за Лагуна вачамі, рукамі і нагамі. Ён сказаў завучана, як абавязковы штамп, ужо не чырванеючы і не саромеючыся: студэнт, сірата. Стыпендыі няма.
“Ды гэта для студэнтаў знарок прыдумана, – усклікнула начальніца. – Раней разгружалі вагоны, а цяпер кошыкі і вазкі ў гіпермаркетах збіраюць. Калі не саромеешся і не лянуешся, разлічвай на 150-200 даляраў. Практычна пад нагамі на дарозе валяюцца”.
– А праўда, што ўсяго чатыры гадзіны?
– Праўда. Лёгкая праца.
Банкаўская картка, сацыяльны пакет, працоўная кніжка, усё як належыць. Афіцыйна праца называлася “дворнік”. Вячэрняя змена, з 19 да 23. Праўда, далёка дабірацца, на другі канец горада, паўтары гадзіны, але сама праца напачатку была да несур’ёзнасці лёгкая. Лагун, як у фільме “Тэрмінал”, дзе галоўны герой тым самым займаўся, збіраў па зале, састаўляў адзін у адзін вазкі, наверх – кошыкі; а часцей дысцыплінаваныя пакупнікі самі вярталі іх куды трэба, на месца. У яго быў дзед-зменшчык, які працаваў ад раніцы да прыходу Лагуна; выконваў сёе-тое дворніцкае: прыбіраў ад паперак і акуркаў прылеглую да гіпера тэрыторыю, падмятаў задні двор. Там стаялі сметніцы, і Лагун раз бачыў, як дзед па-гаспадарску корпаецца ў іх. Пераадольваючы гідлівасць, Лагун падышоў бліжэй, паглядзеў і быў здзіўлены яго здабычай: усё якаснае, ва ўпакоўках каўбаса і сыр, садавіна-гародніна не горшыя, чым у краме ў скрынках.
Акрамя зменшчыка, Лагун меў справу з ахоўнікамі. Гэта была асобная каста. Яны стаялі каля касаў, у некаторых рукі за спінай ці складзеныя на грудзях. Усе ганарыстыя, асабліва тыя, хто сядзеў у аператарскай – сядзелі, пільна ўзіраючыся ў маніторы. Лагуна адразу папярэдзілі, што ўсё пад камерамі назірання. Калі хто што ўбачыць ці знойдзе, імгненна дакладваць ахове. Таму, ведаючы, што кожны яго крок адсочваецца, Лагун знарок стараўся трымацца відных месцаў. Ён нават не заходзіў у пакой адпачынку – стол, дзве лавы, дзе пілі каву і перакусвалі. Тым больш, не было патрэбы, бо напачатку за чатыры гадзіны ён проста не паспяваў стаміцца і прагаладацца. Аднак неўзабаве стала ясна, чаму на такую нібыта лёгкую працу так мала ахвочых. Пачала балець, колам станавіцца спіна. Холад, скразнякі, голад да моташнасці. Твары, твары, рукі, рукі. У вачах мільгацелі каўбасы, масла, мяса, хлеб, звінелі бутэлькі спіртнога, галасы, касы, крокі, людзі. Начны аўтобус, метро, засынанне на лекцыях. І зноў кошыкі. Гэта было зусім не тое, аб чым ён марыў. Нейкая безвыходнасць, безнадзейнасць пачынала авалодваць ім. Што наперадзе, аб тым стараўся нават не думаць. І толькі зрэдку, урыўкамі, па-ранейшаму тупа верыў у нейкую сваю зорку, наіўна лічачы, што калі нешта моцна хацець, дык яно ўжо напалову выкананае. (Зрэшты, ён нават не ўяўляў, да чаго блізка быў ад ісціны і як крута неўзабаве зменіцца яго жыццё.)
Праз тыдзень пасля Новага года стаяў калядны мароз, дзьмуў вецер, мяла завіруха. Лагун сядзеў на кукішках каля камер захоўвання, прыхінуўшыся да сцяны. У жываце хадзілі моташныя хвалі ад голаду, па спіне беглі дрыжыкі. Ён глядзеў праз шкляныя дзверы на зоркі, якія таксама свецяць зараз над родным домам, і думаў: усё, хопіць, трэба вяртацца – хай сабе і пераможаным, ні з чым. Ён зайшоў у гандлёвую залу і ўбачыў у адным з вазкоў пальчаткі, а пад імі смартфон. Ён схапіў іх і кінуўся да дзвярэй. Каля выхаду сутыкнуўся нос у нос з задыханым дзедам.
– Успомніў, калі рукі замерзлі. Вось дзякую, добрая душа. Я твой даўжнік.
– Ну што вы. Тут відэакамеры паўсюль.
– Ну, не толькі ж камеры. Ёсць яшчэ такая рэч, як сумленне. Студэнт?
– Студэнт.
– Не мясцовы?
– Не мясцовы.
Дзед хацеў нешта яшчэ спытаць, ды не паспеў, бо Лагуна паклікалі. Скончылася змена. Гіпер вось-вось зачыніцца. Калі Лагун выпраўляўся дамоў, убачыў, што каля ячэек камер захоўвання яго чакаюць. Той самы дзед.
– Можна цябе папрасіць? Правесці мяне? Я жыву недалёка.
Пасля, калі ішлі, быў студзёны студзеньскі калядны вечар, свяцілі ліхтары і іскрыўся сіні снег. Дзед гаварыў, Лагун напаўвуха слухаў.
– Мне галоўнае тэлефон, надта многа там інфармацыі, ён мне адначасова і блакнот, і дыктафон – так зручна, ідзеш сабе і надыктоўваеш ціха, ніхто ўвагі не звяртае, думаюць, проста размаўляе з кімсьці чалавек.
– А навошта вы надыктоўваеце? – спытаў Лагун.
– Для кінастудыі. Я там працую. Сцэнарыстам.