Так у 45 гадоў, не абцяжараны матэрыяльна, ён ператварыў сваё жыццё ў бязбеднае існаванне. Гэта была поўная матэрыяльная і духоўная незалежнасць ні ад кога і ні ад чога. Тым больш, весці такі лад жыцця было яму лёгка і проста – сродкі дазвалялі. Яму само ўпала ў рукі тое, чаго іншыя так упарта і такім вялікім коштам дабіваюцца. Яго бацька, вядомы ў свой час архітэктар Яравы, які, праўда, не столькі набудаваў, колькі наламаў, прынёс больш шкоды, чым карысці, і гэтым пакінуў пасля сябе нядобрую памяць, што, аднак, зусім не перашкодзіла яму геніяльна спраектаваць уласны дабрабыт. Дзвюм жонкам, дзвюм дочкам (адна цяпер жыла ў Аўстрыі, другая ў Аўстраліі) і адзінаму любімчыку-сыну ён пакінуў спадчыну: дом, дзве дачы, тры кватэры, а таксама кругленькую суму, якую паспеў перагнаць у валюту і вывесці за межы радзімы ў надзейны еўрабанк, паспяхова абмінуўшы дэфолты і інфляцыі. Менавіта за гэтую суму паміж сёстрамі цяпер вяліся звады, ішлі нейкія бясконцыя суды і разборкі. Аўстрыйка ніколі тут не з’яўлялася, а аўстралійка з перыядычнасцю раз у год прылятала са свайго зялёнага кантынента. Гэта была сапраўдная аўстралійская змяя. Калі яна, не міргаючы, холадна глядзела на Інгу, тую паралізоўвала, як гіпнозам. Сам Яравы ў разборках не ўдзельнічаў, бо, па-першае, стаяў вышэй за мышыную мітусню, а па-другое, яго доля ў завяшчанні была абумоўлена персанальна, і яму нічога не пагражала.
Інга пазнаёмілася з ім 5 гадоў назад у Піцундзе. Яны, студэнты-выпускнікі Белдзяржакадэміі мастацтваў, у якой тады ўпершыню з’явілася спецыяльнасць “Кінатэлезнаўца. Сцэнарыст. Рэдактар”, здымалі ў гарах дыпломны дакументальны фільм, а Яравы прыехаў лячыцца ад захворвання правага лёгкага – дактары параілі не ў сухі Крым, а сюды, дзе ў містычных ваколіцах возера Рыца быў сусветна вядомы рэліктавы сасновы бор з гаючым, лекавым паветрам.
Ён хутка пазнаёміўся з землякамі-студэнтамі, назіраў, як праходзяць здымкі, вечарамі сядзеў з моладдзю каля вогнішча – чорная паўднёвая ноч, камары і цыкады, слухаў вечную гісторыю пра маладую абхазку, якая ад кахання ўтапілася ў возеры, і гэта не здавалася яму банальным, – як раптам адбыўся трагічны выпадак, загінуў, сарваўшыся са скалы, малады рэжысёр. Фільм згарнулі, здымачную групу распусцілі, усе раз’ехаліся, а Інга засталася.
Скончылася тым, што з Піцунды Яравы вярнуўся не толькі з вылечаным лёгкім, але і з маладой красуняй-нявестай – “па каўказскім звычаі”.
І вось ужо 5 гадоў яны мірна жылі ў сваім двухпавярховым невялікім дамку. У іх была шырокая тэраса, любімае месца, дзе яны праводзілі многа часу, асабліва як крыху пацяплее. Сюды, на тэрасу, Інга прынесла рукапіс.
– Толькі, калі ласка, да заўтра. Я затрымліваю людзей.
І пайшла спаць, яна рана клалася. Муж паглядзеў ёй услед, уздыхнуў і, паслініўшы палец, адгарнуў тытульную старонку. Назаўтра раніцай яны сустрэліся на тэрасе. Быў цудоўны сакавіцкі ранак. Ішла вясна, радасная пара. Але не для Інгі. Вясна, асабліва ранняя, прыносіла з сабой алергію. На вясновым актыўным сонцы падсыхалі пасля зімы і насіліся ў паветры рэагенты. Інга пакутавала, чыхала, кашляла, у горле пяршыла. Толькі кроплі – любімыя, надзейныя, заўсёды памагалі. Кожны год трэба было пераходзіць на іх, як на летняе адзенне. Флакон з кроплямі пасяляўся ў яе сумачцы, або, як цяпер, яна трымала яго заціснутым у далоні, нібы губную памаду. Яна дачакалася, пакуль муж паснедае (яечня, храбусткія, тонкія, да сухасці падсмажаныя кавалачкі сала, белы хлеб з маслам і мёдам) і дап’е каву. Збоку каля яго на стале ляжаў рукапіс.
Тэлевізар быў уключаны і гаварыў ціха. Паказвалі Ямала-Ненецкую акругу, снег, аленяў, сабак-лаек, ярангі. Маскоўская журналістка дапытвалася ў безбародага аленявода, нібы старалася выведаць ваенны сакрэт: як вы, паўночныя людзі, прадказваеце мароз? Хітры ямала-ненец адказваў: “А сцоцкі сцыплет – вот і молоз”. У садзе радасна перагукваліся птушкі. Ранішняе сонца наўскос клалася на дрэвы, на зямлю, на сцяну дома. На дрэвах яшчэ не было лісця, таму ценю было мала, і здавалася, што сонца задужа многа. Муж дапіў каву і, закрываючыся далоняй ад святла, то перагортваў старонкі, то загадкава пазіраў на жонку.
– Што ўва мне не так? – хмурачыся, спытала яна, выдатна ведаючы, што ён проста любуецца ёю. Часта ў якасці кампліменту кажуць: выглядае маладзей за свае гады. А трэба, каб чалавек адпавядаў свайму ўзросту. Інга выглядала роўна на свае 30. Усё ў ёй было гарманічна, усяго ў меру: касметыка – някідкая, але дарагая, адзенне – строгі офісны стыль. Чорнае з белым, прычоска-карэ пасавала да славянскага твару з чыстай скурай. Ад яе заўсёды прыемна пахла. Сваімі нейкімі надзвычай цнатлівымі рухамі і паводзінамі яна нечым нагадвала манашку, якая ведае сабе цану, але вымушана стрымліваць сябе. Што да мужа, дык за 5 гадоў ён так і не прывык, што яна цалкам яго. Ён, як і раней, кахаў яе ціхай спакойнай любоўю, якая замяняла яму ўсё, і не ўяўляў, як можна інакш.
– Што скажаш? – спытала яна.
– Не Спілберг і не Феліні, канечне, але цікава. Якасны тэкст. Я б сказаў, камерны. Знікаючая натура. Арт-хаўз.