Лагун ледзь не плакаў ад страху. У гэты момант з двара пачуліся крокі, і ў тэрасу хуткім крокам увайшла Інга. Лагун ускочыў з месца, як вінаваты вучань пры з’яўленні строгай настаўніцы. Міхалевіч не зварухнуўся. Убачыўшы мужа з палюбоўнікам разам, за адным сталом, Інга, канечне, спатыкнулася, застыла, але змагла патушыць у вачах трывогу.
– Прабач, – сказаў Міхалевіч, – але ты так жыва яго апісвала. Я не ўтрымаўся, з’ездзіў да яго і запрасіў. Спадзяюся, ты не супраць?
– Што вы тут рабілі? Чым вы займаліся столькі часу?
– Пасядзелі, пагаварылі. Вось прашу застацца вячэраць. Мо ён цябе паслухае?
– Не, не! – замахаў рукамі Лагун.
Калі ён, забыўшы развітацца, сышоў на ватных нагах, Інга кінула сумачку на канапу і стомлена апусцілася побач.
– Пазнаёміліся?
– Яшчэ як. Цяпер я цябе разумею.
– Пра што ты?
– Пра аўтара. Харошы ён вельмі хлопец. Толькі сціплы аж цераз край. Баюся, я перастараўся, хацеў яму спадабацца ды перахваліў. А ты чаму так рана? – нарэшце спытаў муж. – Здарылася што?
– Здарылася.
16
А здарылася наступнае. Яшчэ некалькі гадзін назад стол з закускамі і рознакалібернымі бутэлькамі падзяляў папалам вялікі, на чатыры шырокія акны, кабінет гендырэктара. Было вельмі душна, як бы ціснула нешта, не хапала паветра, хоць усе вокны былі расчынены і вецярок варушыў жалюзі і лісткі на вазонах, якія ляпіліся на падаконніку. Каля супрацьлеглай ад вакон сцяны стаялі асобныя столікі з крэсламі і скуранымі канапкамі, каб можна было прысесці – для пажылых ці самых ганаровых гасцей. Увогуле людзей было даволі многа. Пакуль прытрымліваліся ранжыру: наперадзе каля стала займалі месца чыноўнікі з вышэйшых сфераў, бамонд; ззаду тапталася менш ганаровая публіка, другі, так бы мовіць, гатунак: рэжысёры-няўдачнікі, сцэнарысты-эпігоны, безгалосыя акцёры. Аднак усе запрошаныя, незалежна ад рангу і сацыяльнага статусу, былі аднаго поля ягады, людзі творчыя, паміж сабой знаёмыя. У пачатку, як чамусьці заўсёды на такіх мерапрыемствах бывае, ішло не надта гладка. Не назіралася радасці, уздыму, госці былі заціснутыя, скаваныя. Але патроху расслабіліся, развязаліся языкі; пайшлі тосты, паляцелі здравіцы, панесліся кампліменты імянінніку.
Інга стаяла побач з Рытай, да якой з нядаўняга часу адчувала своеасаблівае сваяцтва душ. Яна падняла вочы. Насупраць, праз стол, ёй усміхаўся сцэнарыст Вечка. Ён стаяў разам з рэжысёрам Скіндзерам. На студыі падсмейваліся з іх дзіўнаватага сяброўства – старога з маладым. Інга міла ўсміхнулася яму ў адказ і падумала, як ён, гэты Вечка, да смешнага не падыходзіць на ролю творцы. У яго вясковы, просты твар. Дужыя рукі, хоць і белыя, якія даўно не ведалі фізічнай працы. Не новы касцюм. Бачыліся яны не часта, але Інзе заўсёды было няўтульна, ніякавата пад яго нібыта цёплым, а насамрэч пранізлівым, як рэнтген, позіркам. І цяпер Інга, усміхнуўшыся яму, прашаптала Рыце:
– Непрыемны тып. Нашто такіх трымаць на кінастудыі?
– А чаму ён так на цябе пазірае?
– Зямляк мой нібыта. З-пад Гомеля. Прынамсі, набіваецца ў землякі.
– Ён падобны на вясковага дзядзьку, – ціха падхапіла Рыта, – які прыехаў у госці ў горад і засядзеўся.
– Адзін палец адначасова тры клавішы на ноўтбуку разам захопіць.
– Нізашто не паверу, што ён можа нешта людскае стварыць.
– Асабліва калі ведаеш, якая таленавітая цяпер моладзь. Узяць хоць бы гэтага Лагуна. Уся біяграфія – школа ды паездка ў цягніку. А як піша!
– Не кажы. Я неяк…
Так яны ціха пляткарылі, а чарговы выступоўца важна і важка казаў:
– …Такая дата бывае раз у жыцці! – і, пачаўшы з гэтага глупства, бо нібыта любая іншая дата бывае некалькі разоў у жыцці, працягваў: – Наш дарагі… не толькі падняў на новую вышыню… але і ўнёс свой вагомы ўклад… аб чым сведчаць такія рэчы, як… магутны, толькі ў апошні час раскрыты талент выдатнага сцэнарыста…
– Охо-хо, – ціха ўздыхнуў Вечка. Скіндзер пачуў і нахіліўся да яго.
– А вы паслядоўны чалавек, – сказаў ён. – Ваш пратэжэ паказвае поспехі.
– Прашу цябе, не трэба, – спалохаўся дзед. – Я ў ім так расчараваўся!
– Не бойцеся, я нікому не скажу. Аднак як ваш план? Як рухаецца справа з трыма зайцамі?
– Ніяк, – адказаў Вечка. – Хочаш насмяшыць Сапраўднага Сцэнарыста, раскажы яму пра свае планы.
Яму было сорамна, што яго, старога, вопытнага, разумнага, якім ён сябе лічыў, чалавека, так лёгка і прымітыўна падманулі. Лагун абяцаў “прадаць ідэю”, ды не прадаў, а ўрэшце і зусім перастаў адказваць на званкі. Тым часам падняўся з чаркаю ў руцэ імяніннік, сам Хрушчанка, чырвоны, абсыпаны кропелькамі поту.
– Сябры, – расчулена прамовіў. Хацеў сказаць яшчэ нешта – не змог, паспрабаваў зноў – і зноў не змог, як чалавек, які без паперкі забывае тэкст. Паглядзеў тужліва на вокны, паправіў гальштук на шыі і раптам, выгнуўшыся ўсім целам, як акцёр у кіно, споўз пад стол на падлогу. Як пасля ўспаміналі тыя, хто стаяў блізка і ўсё бачыў, найбольш іх уразіла, што, падаючы, Хрушчанка не выпусціў чарку з рукі і не разбіў яе. Усчаўся пярэпалах.
– Кепска чалавеку!
– Душна! Вокны адчыніце!
А вокны і так расчыненыя.
– Ён мёртвы! Не дыхае!
– Не, ён жывы.