– Як у футбаліста, якога купляюць і садзяць на лаўку, абы не гуляў за чужую каманду. Я нават даў распіску. Канечне, юрыдычнай сілы яна не мае, хаця, можа, і мае.
– Пішыце пад псеўданімам.
– Якія цяпер псеўданімы? Ды яшчэ ў нас, у Беларусі, дзе ўсе пішучыя практычна адно аднаго ведаюць. Няма ўжо такой рэчы, як ананімнасць.
– Пераходзьце на асноўную студыю.
– Не так усё проста, – уздыхнуў Вечка. – Я прывязаны тут намёртва. Прыкуты нябачнымі ланцугамі. Да таго ж, калі нават сапраўды забыцца на распіску, каму я цікавы? Каму патрэбен стары, сівы, бесперспектыўны? Нават без уласнага імені.
Рэжысёр сказаў:
– Ведаеце гэты стары анекдот? Як адна таленавітая, але пажылая пісьменніца пасылала замест сябе насіць па рэдакцыях тэксты маладую і прыгожую. Рэдактары млелі ад яе, друкавалі без чаргі і выпісвалі найбольшы ганарар, які дзве разумныя жанчыны дзялілі пароўну. Так і вы. Знайдзіце каго, пішыце спакойна, а ён хай падпісваецца і ад свайго імя пасылае ці носіць.
Тут дзед як бы крыху здзівіўся. Нават працверазеў. Паглядзеў на рэжысёра іншымі вачамі. Прамовіў:
– У мяне ўжо ёсць такі чалавек.
Рэжысёр адразу падумаў, што гэта ён. Цёплая хваля ўдзячнасці накрыла яго, як пуховая коўдра. Ён запунсавеў, заірдзеўся ад задавальнення, як чалавек, якому мала перападала пахвальбы, хоць ён мае ў гэтым штодзённую патрэбу. Яму таксама захацелася аддзячыць добраму дзеду.
– Яшчэ? – паслужліва прапанаваў ён, убачыўшы, што Вечка пазірае на пусты графін.
– Не. Дзякую. Трэба ісці. Правядзеш мяне?
3
Каля стойкі-вешака рэжысёр падаў Вечку шалік, капялюш, сам надзеў куртку, насунуў на галаву брылем назад бейсболку, якую насіў нават зімой, балазе, у горадзе не холадна. Яны выйшлі на вуліцу. Стаяў ясны, здаровы, з марозікам, бадзёры вечар. Неба на захадзе перакрэслівала сіне-чырвоная паласа – на пагоду, на вясну. Толькі шум гарадскі перашкаджаў. Але вось звярнулі ў двор, затым у нейкую вулічку, шум сціх, сталі чуваць крокі.
– А вы па-ранейшаму адзін? – спытаў рэжысёр.
І замёр у чаканні адказу. Неяк яшчэ ўвосень Вечка меў неасцярожнасць прагаварыцца, што застаўся адзін: “Уся сям’я не са мною. Жонка, дзеці – у Паставах, будуюць дом, толькі наездамі тут бываюць”, – сказаў і пашкадаваў, бо Скіндзер, беспрытульны бабыль, які вечна жыў на нейкіх здымных кватэрах, адразу ажывіўся: “Дык вы адзін?” – “Часова адзін, – зразумеўшы, куды ён хіліць, заспяшаўся Вечка. – Гэта выключана. Мы мужчыны, любім выпіць, а тут у любы момант жонка можа заспець… Не, не!” З таго часу рэжысёр гэтай тэмы не падымаў. Але цяпер атрымлівалася – раз Вечка сам прапаноўвае правесці яго ды яшчэ запрашае суаўтарам (а Скіндзер не сумняваўся, што пад маладым чалавекам, які будзе падпісваць чужыя сцэнары, стары меў на ўвазе яго), дык можна паспрабаваць зноў закінуць вуду наконт жытла. Таму ён перапытаў:
– Яшчэ не прыехала жонка?
– Не, – адказаў Вечка. – Яна, падобна, ужо ўвогуле туды жыць перабралася.
Спыніліся каля дома. Ёсць гэты момант, калі пасля сумеснай цёплай выпіўкі трэба развітвацца, а не хочацца, і ніхто першы не адважваецца сказаць: “да пабачэння”. Рэжысёр працягнуў руку. Але Вечка яе не паціснуў.
– Зойдзем? – прапанаваў ён.
У рэжысёра другі раз за вечар прыемна тахнула сэрца. Упершыню стары запрашаў яго да сябе. Дзеля блізіру ён крыху паламаўся, маўляў, цяпер ты мяне крыху паўпрошвай.
– Мне яшчэ доўг аддаць… Заехаць у адно месца.
– Рыба свежая смажаная ёсць.
– Рыба? – перапытаў Скіндзер, міжвольна аблізнуўшыся. Вочы ў яго бліснулі галодным маладым бляскам. – Смажаная?
– Зяць ловіць у Паставах, мне перадаюць пакункі з рэйсавай маршруткай. Што з ёю рабіць, з тою рыбай? Не глядзець жа на яе.
Гэта вырашыла ўсё. Падняліся новым ліфтам на сёмы паверх. Увайшлі. І тут рэжысёр, які не спадзяваўся нікога сустрэць, ад нечаканасці застыў у калідорчыку каля вушака. Бо гарэла святло, шумела вада ў ванным пакоі. Малады хлопец, высокі, няўклюдны, з жоўта-саламянай галавой, выскачыў з ванны, выцягнуўшы перад сабой мокрыя рукі, з ручніком на плячы, і хутка прашмыгнуў у пакой.
– А… гэта хто?!
– Кватарант мой, – адказаў Вечка, задаволены эфектам. – Цёзка! – паклікаў. – Ідзі сюды! Пазнаёмся.
Хлопец падышоў, выціраючы адна аб адну рукі, сарамліва, не гледзячы ў вочы, назваўся баском:
– Іван Лагун.
Рэжысёр моўчкі, даволі бесцырымонна ўставіўся ў яго. Гадоў 18-19. Даўгалыгі, па-падлеткаваму нязграбны. Лапавухі – вушы тырчаць, як у маладой рысі, толькі без кутасікаў на канцах. Хвалюецца, і таму сімпатычны гэтай сарамлівасцю, якую цяпер так рэдка пабачыш. Прыгожыя рукі, доўгія пальцы, тонкія рысы твару. Рэжысёр спытаў: адкуль родам? Хлопец адказаў: з Рудабелкі. На тым і адпусцілі яго. А самі пайшлі на кухню.
– Што, спадабаўся? – Вечка расстаўляў талеркі і чаркі. – Гэта ён і ёсць. Той чалавек, пра якога я казаў.
– Ды гэта ясна, – рэжысёр адчуваў расчараванне, лёгкую крыўду і нават зайздрасць. – Колькі ён вам плаціць? – спытаў ён.
– Ніколькі, што ты. Як можна. Лепш скажы, праўда, ёсць у ім нешта? Як ты лічыш?
– Ёсць, ёсць. Сімпатычны хлопчык. Яму б пластыку зрабіць – вушы падрэзаць, і можна ў кіно здымацца. У амплуа беднага сваяка.