Нядаўнi гiмназiст Iгар Забела зь яўнаю неахвотай улез у яму, пераняў з рук Мяцельскага цёплы ад натруджаных далоняў тронак рыдлёўкi. Неяк так сталася, што ён хутка перажыў сваё напружаньне; стрэл, а затым i скрываўленая галава Аўстрыякi вярнулi яго да самотнай рэальнасьцi, якая абяцала неўзабаве паставiць вялiкую кропку на ўсiм. Усьвядомiўшы тое, Iгар адчуў рэзкi iнстынктыўны пратэст - як было добраахвотна класьцiся ў зямлю ў свае няпоўныя дзевятнаццаць гадоў? Але няўмольная сiла абставiн, якая ўсе апошнiя гады люта ўладарыла над людзкiмi лёсамi, гнула ягоную волю ў дугу, заўсёды дамагаючыся свайго. Рэдка калi тыя абставiны выяўлялi паслабку, давалi зрабiць, як сам хочаш. Дзiўна, але тады, у той самы рашучы вечар, калi ён мог бы зрабiць iнакш, ён iнакш не зрабiў. Праз боязь, страх i трывогу ён зрабiў так, як вымагаў ад яго сяброўскi абавязак, па-свойму зразуметае высакародзтва. Ён не адмовiў Алегу Блажэвiчу, ён пайшоў зь iм. Ранiчкай, як мацi яшчэ спала, таропка сабраў свой небагаты набытак - пару бялiзны, башлык, пачак папярос, Лёльчына фота i шаснуў праз чорны ход на зборны пункт у гiмназiю. Сярод пракуранай людзкой гаманы не адразу знайшоў свойго старэйшага сябра Блажэвiча, якi, пацiскаючы яму руку, каротка кiнуў: "Малайчына, умееш трымаць слова гонару" i запiсаў у сваё аддзяленьне. Тады, можа, першы i адзiны раз Iгар цiха паганарыўся ў душы за сваё высакародзтва, што намогся i стрымаў слова. Што, калi спатрэбiлася, можа на справе абаранiць незалежнасьць народнай рэспублiкi, пра якую сказана столькi прыгожых i рашучых словаў. Цi ён думаў тады, што праз колькi тыдняў будзе выцягваць скрываўленае цела Блажэвiча з засьнежанага поля пад Семежавам - цяжкапаранены ўранку, той да вечара сьцякаў крывёй пад бальшавiцкiм агнём, увесь дзень да яго нельга было падабрацца. Iгару ў тых баях наогул пашчасьцiла, можа, пашчасьцiла i пазьней, нiводная бальшавiцкая куля яго не зачапiла. Мусiць бы, куды лепш было яму легчы разам з Блажэвiчам, прынамсi, не спазнаў бы таго, што давялося спазнаць затым i што ня дай Бог спазнаць нiкому. I ня толькi iхны жахлiвы паўстанцкi лёс, але i трохi iншае. Яшчэ да таго, як спалiць усе дакумэнты, неяк лежачы надвячоркам у кустоўi, ён спалiў Лёльчына фота, як дазнаўся ад людзей, што яго сьветлае, незямное каханьне стала жонкаю чырвонага слуцкага ваенкома. Ён узьненавiдзеў яе за здраду, без агiды ня мог сабе ўявiць, як яна цалуецца там са сьмярдзючым бальшавiцкiм камiсарам, не разумеў, чаму яна стала не такой, як была раней, чужой, нават варожай. Але неяк памалу тая яго нелюбоў выпетрылася, Лёлька рабiлася для яго ўсё больш абыякавай, i ён болей думаў пра маму, дужа дакараў сябе за ўсё тое, што прычынiў ёй сваiм гэтым свавольствам. А найбольш ён шкадаваў сябе, сваё кароткае жыцьцё. Жыцьцё, канечне, не ўдалося, чаго было за яго трымацца, чаго шкадаваць? Але ўсё роўна было шкада, хацелася жыць хоць як-небудзь, хай у той iх калатнечы. Ды было неяк. Неяк, бо ён дужа любiў сваю маму, што ўжо страцiла на мiнулай вайне ягонага айчыма, штабс-капiтана Левандоўскага, любiў-шкадаваў меншага брацiка Паўлiка. Як iм будзе жыць пры такiм iх сынку i братку?
Забела капаў ня так каб i ўвiшна. Глыбiня стала, мусiць, такой, якой i патрэбна было, кiдаць жвiр ён намагаўся высока, ды глыжы ўсё скочвалiся зь берагоў у яму - ужо не ставала сiлы кiдаць вышэй i далей. Зноў жа падмянiць яго, мусiць, не засталося нiкога, пэўна, усе ўжо адбылi сваю чаргу. Апроч, вядома, параненых Кажухара i камандзiра. Значыць, яму i давяршаць гэтую невясёлую справу.
Камандзiр ня мог скрануць шыяй, павярнуць галавы, але ён дбаў усё рабiць як належыць i кожную справу даводзiць да канца. Гэта было ягоным правiлам са студэнцкай маладосьцi, як вучыўся ў сэмiнарыi, затым выкладаў у гiмназii, а таксама ў вайну, калi, стаўшы прапаршчыкам, камандаваў паўротай у iнгерманлядзкiм палку. I калi ў яго што-нiшто не атрымлiвалася, не знаходзiла завяршэньня, дык часьцей не зь ягонай вiны - з прычыны ўмяшаньня вышэйшых камандзiраў цi зьбегу зьменлiвых абставiн. Як з гэтым iх партызанствам. Калi б ён быў на месцы камандзiра батальёна, дык шмат што, асаблiва спачатку, рабiў бы iнакш, ня лез бы на злом галавы супраць пэўнай сiлы, i, можа б, тады яны не дайшлi да гэтае ямы як да нейкай мiстычнай расплаты за ўсё ранейшае. Цi да апошняй кропкi ў тупiку, куды iх загнаў немiласэрны паўстанцкi лёс.