Больш грунтоўнай гаворкі заслугоўвае Полацкая настаўніцкая семінарыя, на адкрыцці якой у верасні 1872 года прысутнічаў міністр асветы граф Д. Талстой.
Такія ўстановы рыхтавалі выкладчыкаў народных пачатковых вучэльняў. Паступаць ва універсітэты і інстытуты выпускнікі семінарыі не маглі, бо не атрымлівалі агульнай сярэдняй адукацыі. Займаліся тут збольшага дзеці мяшчанаў і сялянаў Віцебскай губерні, якім ужо споўнілася шаснаццаць гадоў, прычым выключна праваслаўныя. Сродкаў на гэтую «кузню педагагічных кадраў» дзяржава адпускала мала. Частка семінарыстаў была сваякоштавая (вучылася за ўласныя грошы), частка атрымлівала стыпендыі ад губернскіх сялянскіх таварыстваў і полацкага царкоўнага брацтва. На адну гадавую сторублёвую стыпендыю раскашэлілася полацкае «благородное собрание».
Праграма навучання ў падрыхтоўчым і ў трох асноўных класах: закон Божы, педагогіка і асновы методыкі, расійская і царкоўнаславянская мовы, арыфметыка, геаметрыя, расійская гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне, гімнастыка. На музычных занятках семінарысты вучыліся спяваць па нотах, граць на скрыпцы і кіраваць хорам. На ўроках ручной працы асвойвалі пераплётнае майстэрства і пляценне кошыкаў. Бібліятэка семінарыі на пачатку стагоддзя налічвала восем тысяч тамоў пры трох з нечым тысячах назваў кніг. Практыкумы на семінарскай метэаралагічнай станцыі падрыхтоўвалі выпускнікоў да самастойных метэаназіранняў у той мясцовасці, куды іх пасылалі народнымі настаўнікамі. Знаёмства з вопісамі навучальных кабінетаў і калекцый змушае з жалем згадаць разрабаваныя зборы Полацкай акадэміі.
У пераліку найважнейшых падзей у жыцці семінарыі знаходзім святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння імператара Аляксандра І, 25-годдзя кіравання цара-«освободителя» Аляксандра II, дня каранацыі цара-«миротворца» Аляксандра III, 50-годдзя «воссоединения» беларускіх уніятаў з праваслаўнай царквой, 100-годдзя смерці Суворава… Дванаццаць тостаў я налічыў у апісанні «дружеского, в полном смысле педагогического обеда», прысвечанага 25-гадоваму юбілею навучальнай установы.
Прыкметная падзея прычынілася ў сакавіку рэвалюцыйнага 1907-га. Навучэнцы адмовіліся выконваць рэлігійныя абрады, а заадно і хадзіць на заняткі. Педагагічная рада зачыніла семінарыю, а ўсіх выхаванцаў абвясціла выключанымі.
Не, я далёкі ад таго, каб глядзець на Полацкую настаўніцкую семінарыю звысоку.
Першым яе дырэктарам быў фалькларыст, этнограф і гісторык Юльян Крачкоўскі. Выпускнік сталічнай духоўнай акадэміі, рэнегат-«обруситель» паводле сваіх поглядаў ён, тым не менш, зрабіў і сёе-тое вартае — напрыклад, пакінуў першую грунтоўную працу пра радзінны абрад беларусаў і традыцыйнае выхаванне дзіцяці. Трэці дырэктар Яўграф Смірноў выдаў курс гісторыі хрысціянскай царквы, што быў навучальным дапаможнікам для духоўных семінарый. Выкладчык закона Божага протаіерэй Міхаіл Дуброўскі даследаваў жыццё святой Еўфрасінні.
За першыя трыццаць гадоў існавання семінарыі (у 1900-м ёй надалі імя Якава Кульнева) пасведчанні народнага настаўніка атрымаў 521 юнак, а апошні з яе сарака чатырох выпускаў адбыўсяў 1918 годзе.
Полацкім семінарыстам быў паэт-«нашанівец» Янка Журба, да літаратурных заслугаў якога далучым і той факт, што менавіта ён пераканаў пісаць па-беларуску будучага аўтара «Міколкі-паравоза» Міхася Лынькова. (Удзячныя нашчадкі будуць так шанаваць паэтаву памяць, што ў 60-я гады мінулага стагоддзя нават імя на ўбогім помнічку з мармуровай крошкі на полацкіх Ксавер’еўскіх могілках напішуць з памылкаю: «Янко».)
Семінарыю скончылі латышскі журналіст Юрыс Крэйц, рэдактар газеты «Витебские губернские ведомости», I. Пілін і даволі шмат будучых рэвалюцыянераў, адзін з якіх, К. Ніканёнак, у гады грамадзянскай вайны стаў старшынёй полацкага рэвалюцыйнага камітэта, а завяршыў кар’еру на пасадзе намесніка наркама асветы рэспублікі паволжскіх немцаў.
Яшчэ адна прыкметная асоба з ліку полацкіх семінарыстаў — Даніла Васілеўскі. Разам з таварышамі па навучанні ў 1909 годзе ён увайшоў у гурток «Вястун ведаў», які знаходзіўся пад уплывам ідэяў народніцтва. Даніла збіраў на Полаччыне фальклор, а паступіўшы ў Віцебскі настаўніцкі інстытут, стаў карэспандэнтам газеты «Наша Ніва». Сярод яго краязнаўчых працаў вылучаецца даследаванне «Лячэбніка» Ганны Шаранды, які быў настольнай кнігаю прыдзвінскіх знахараў і знахарак. Васілеўскі (пісаў ён і пад псеўданімамі А. Вітэнь, Д. Шчыры, М. Дабраведаўскі) лічыў «Лячэбнік» помнікам «чарадзейнай літаратуры» канца XVII - пачатку XVIII стагоддзя. Былы полацкі семінарыст займаўся гісторыяй кнігадрукавання ў Прыдзвінскім краі, вывучаў творчасць Яна Баршчэўскага. У савецкай краіне лёс людзей з такімі інтарэсамі звычайна сканчваўся трагічна. Дэкан Магілёўскага педінстытута Д. Васілеўскі ў 1936-м стаў вязнем ГУЛАГа і «перакваліфікаваўся» ў варкуцінскага буравіка…