На свята пераносу мошчаў нябеснай апякункі Беларусі з’ехалася шмат палачанаў, якія вучацца ці служаць далёка ад роднага горада. Не выключана, што вунь той юнак з моднымі вусікамі, які далікатна падсаджвае сваю юную спадарожніцу ў пралётку, — Юры Аляксееў. Пакуль яго ведаюць хіба што тэатралы правінцыйных гарадоў, па якіх ён гастралюе з драматычнымі трупамі. Але прыйдзе пара, і Юры Аляксееў стане заснавальнікам беларускага кінематографа Юрыем Тарычам.
Вы маеце шанц сустрэцца і са студэнтам універсітэта ў Юр’еве (Тарту) Сяргеем Сахаравым. Гэты паважны малады палачанін ужо праз год зробіцца сакратаром Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, а пазней — вядомым беларускім этнографам і фалькларыстам, будзе кіраваць беларускім адзьдзелам у міністэрстве асветы незалежнай Латвійскай Рэспублікі, працаваць дырэктарам Дзвінскай (Даўгаўпілскай) беларускай гімназіі, збярэ сотні казак, легендаў і песняў латвійскіх беларусаў. Вернай спадарожніцаю Сахарава на яго цярністай жыццёвай дарозе, дзе давядзецца перажыць і абвінавачванні ў беларускім нацыяналізме ў даваеннай Латвіі і пяць гадоў сталінскіх лагераў, будзе выпускніца Полацкай гімназіі Вольга, дачка святара Нікановіча з Лепельскага павета. Праз шмат гадоў фотаздымак Вольгі Сахаравай сустрэнецца з мужавым партрэтам на суседніх старонках біябібліяграфічнага даведніка «Беларускія пісьменнікі», які назаве найбольш значнай часткаю яе спадчыны два сцэнічныя творы: казачную феерыю «На Полацкім замчышчы» і п’есу ў трох дзеях «Птушка на волі».
А вось пра сялянскага сына з прыдзвінскай вёскі Цельцы Макара Шалая даведнік, на жаль, маўчыць. У дні нашай вандроўкі па Полацку чатырохгадовы Макар бегаў без портак. Бурапенныя 1920-я прынясуць яму аўтарытэт таленавітага крытыка. Ён уступіць у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», а праз нейкі час як «вораг народа» апынецца ў славутай менскай «амерыканцы» — унутранай турме ДПУ, дзе дасць следчаму здзеклівыя паказанні, што разам з сябрамі-пісьменнікамі хацеў адарваць БССР ад Савецкага Саюза і далучыць да Індыі. Са сталінскіх катавальняў Макар выйдзе на волю вар’ятам, не здольным пазнаць ні колішніх сяброў ні роднае маці…
Звестак аб прыездзе ў гэтыя дні 1910 года з Санкт-Пецярбурга ў Полацк прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы няма, аднак візіт ужо масцітага на той час вучонага, выдаўца, апекуна Янкі Купалы і рэдактара яго першай кніжкі выглядае цалкам магчымым. 3 тае простае прычыны, што дзяцінства Браніслава прайшло на Полаччыне ў фальварку Залессе, дзе бацькам належала дваццаць дзесяцін ворнай зямлі і дзесяць дзесяцін лесу. Браніслаў Ігнатавіч быў там штогод: збіраў фальклор, збудаваў двухпавярховы дом, меркаваў адчыніць у ім музей, для якога ўжо назапашана было нямала экспанатаў. Мары пра музей згарэлі ў тым самым 1910-м у полымі пажару — разам з маёнткам, бібліятэкай і экспанатамі. Купала адгукнуўся на бяду старэйшага сябра шчырым вершам-спачуваннем, што, як прызнаваўся ў лісце гаспадар Залесся, «быццам жыватворчы бальзам, вылечыў пачынаўшую балець смутную душу».
У святочным натоўпе можна было спаткаць і юнака П. Арла, які не заваюе шырокай вядомасці, але ў 1959-м, жывучы ў Маскве, напіша свае ўспаміны «Горад Поладк у перадрэвалюцыйныя гады», дзе ўваскрашаюцца шмат якія незваротна сцёртыя часам рысы тагачаснага жыцця. Дзеля стэрэаскапічнасці партрэта горада зірнем на яго праз прамінулыя паўстагоддзя і вачыма былога полацкага кадэта Арла:
«Задзвінне з горадам звязваў паром каля Ніжняга рынку. Паром цягнулі ўручную на канаце, і на ім перавозілі коней з калёсамі. Для пераправы людзей у той і другі бок хадзілі на вёслах лайбы (баркасы). Такія самыя паромы былі ў вусці Палаты — для сувязі з Запалоццем і паблізу мястэчка Экімань — цераз Дзвіну. Перавознікі бралі за пераправу з чалавека па 1 кап., а за коней — па 3 кап.
Амаль увесь гандаль знаходзіўся ў руках яўрэяў і канцэнтраваўся пераважна ў раёне двух базарных пляцаў — Новага і Старога рынкаў. Воддаль іх сустракаліся збольшага адно бакалейныя крамкі; яны мясціліся ў тым жа доме, дзе жыў іх уладальнік. Новы рынак у самым цэнтры горада быў з усіх бакоў абкружаны ў выглядзе чатырохкутніка каменнымі магазінамі з адкрытымі галерэямі. Тут гандлявалі гатовым адзеннем, тканінамі, абуткам, скабянымі і гаспадарчымі таварамі, посудам. У базарныя дні ўвесь пляц запаўнялі сялянскія вазы, чые гаспадары прывозілі на продаж малако, масла, тварог, яйкі, курэй, парасятаў, свіней, садавіну, гародніну. Сям-там на Старым пляцы сядзелі мянялы. За размен бралі з кожнага рубля 3–5 капеек.
Большасць гараджанаў хлеб для сябе пякла дома. У булачных гандлявалі толькі здобай і булкамі з белай мукі…