Лічылася, што камяні жывыя, што яны могуць расці, перасоўвацца на вялікія адлегласці, дапамагаць або шкодзіць людзям. Каб магічная сіла святых валуноў служыла чалавеку, продкі прыносілі ім разнастайныя ахвяры — ад пацеркаў, калі дзяўчаты прасілі сабе жаніха, да парася, ці нават цяля, калі трэба была дапамога цяжка хвораму. На Полаччыне захаваліся паданні аб камянях-краўцах, на якія дастаткова было пакласці звечара кавалак палатна і сказаць, што трэба пашыць, каб на досвітку забраць дыхтоўна пашытую рэч.
Культ камянёў быў агульны для славян і ранейшага балцкага насельніцтва. Найбольш яскрава гэта выяўляецца ў паданнях пра гэтак званыя Чортавы камяні. Навукоўцы вылучаюць сем асноўных сюжэтаў гэтых паданняў, прычым яны вядомыя толькі ў беларусаў, літоўцаў і латышоў, Іначай кажучы, наш чорт — родны брат латышскага і літоўскага.
Кожны, мабыць, чуў паданні пра цэрквы, якія праваліліся пад зямлю. Гаворка, магчыма, ідзе яшчэ пра паганскія святыні, спаленыя ці зруйнаваныя на загад хрысціянскіх валадароў. Цэрквы часта будавалі на месцы ранейшых бажніц — каб больш надзейна сцерці памяць пра іх. Вельмі верагодна, што і наш Сафійскі сабор вырас на рэштках паганскага капішча: надта ж прыдатная мясціна. Калі будзеце каля Сафійкі, паспрабуйце ўбачыць, як выглядала тут усё за тысячу гадоў да нас. Мо так, як пяецца ў адной валачобнай песні?
Цяпер самая пара сказаць пра гэтых сівенькіх дзядкоў, бо яны не проста дзядкі, а вешчуны, што непасрэдна гаварылі з багамі і прыносілі ім ахвяры. Летапісы называюць іх «волхвами» і «кудесниками».
Яны ведалі малітвы і любасныя багам песні. Ведалі заклёны ад засухі, ад чорнае немачы і ад сурокаў. Умелі завіваць бараду Жыценю, перакідацца ў ваўкоў і нават рабіць зацьменні сонца і месяца. Сярод іх былі хмараганяльнікі і кобнікі, што прадказвалі падзеі і чалавечы лёс па палёце птушак. Былі варажбіты, якія чыталі будучыню па самых розных прыкметах: па «вухазвоне» або «куракліку», «варонаграі» ці мышыным піску. Кашчуннікі і баясловы складалі і выконвалі сказанні-кашчуны — пра падземнага караля, перамогу над цмокам, пра залатое гаспадарства цара-Сонца… Зялейнікі ведалі лекавыя травы — зёлкі. Чараўнікі займаліся магічнымі дзеяннямі з вадою і зёльнымі адварамі, дзеля чаго карысталіся адмысловаю пасудзінай — чараю, ад якой і атрымалі сваё найменне.
Вешчунамі за іх складанае і загадкавае майстэрства лічылі кавалёў, блізка знаёмых з Жыжалем і з самім Сварогам. Сапраўдным дзівам выглядала тое, як бясформенны кавалак жалеза ў руках у каваля ператвараўся ў сякеру, меч ці ў наканечнік дзіды. Пра гэтых майстроў казалі, што яны могуць закуць у кайданы нячыстую сілу, выкаваць чалавеку лёс. Менавіта каваль адужаў у паданнях Змея Гарыныча і прыкуў яго за язык.
У вялікай пашаноце жылі «хранильники». Яны рабілі і дапамагалі выбраць абярогі, што прыносілі здароўе, багацце і шчасце, бераглі чалавека ад невідочных злых духаў, якія заўсёды чакалі зручнага моманту, каб высмактаць кроў, або ўчыніць іншае ліха. Абярогамі былі зубы дзікіх звяроў, пярсцёнкі, бурштынавыя пацеркі, бранзалеты, падвескі ў выглядзе качачак, сонца і месяца. Жыццё і ўрадлівасць сімвалізавалі падвескі-конікі, якія археолагі часта знаходзяць па ўсёй Беларусі. Рабілі абярогі і на ўзор побытавых рэчаў: грабянцоў лыжак, ключоў, што «замыкалі» чалавека, не даючы падступідца да яго злыдням.
Ад начніц, ваўкалакаў ды ўсіх нячысцікаў чалавечае жытло баранілі магічныя знакі, найперш розныя выявы сонца. Яно свяціла з дзіцячых зыбак, з прасніц, з карцоў, якімі чэрпалі ваду і хмельны мёд. Сонца мела шмат сімвалаў: кола, крыж, кола з кропкаю ці з крыжам. Знак бога Ярылы — шасціканцовы крыж з роўнымі папярэчынамі — сімвалізаваў вечнае жыццё: на зямлі і ў замагільным свеце. Берагла людзей і вышыўка на адзенні, дзе не было нічога выпадковага, усё — ад простага крыжыка да складанага ўзору — мела свой патайны сэнс. Абавязкова вышывалі каўняры, рукавы і падолы, бо якраз праз іх мерыліся падлезці да чалавечага цела нябачныя злыдні-крывасмокі.
Вяшчун звычайна жыў воддаль паселішча, у лясных нетрах, і, каб трапіць да яго, чалавек мусіў нацярпецца страху.