Што ж, можа й так, думаў я. Шкада, што тое да мяне яшчэ не дайшло — раней дайшло да яе. Моўчкі я прыгарнуў да сябе дзяўчыну, і яна не адхінулася. Здаецца, яна ўжо давяралася мне, хаця штосьці яшчэ не да канца адоленае стрымлівала яе адказаць на мае пяшчоты. Але пяшчота гоіць усё, мабыць, пачала яна гаіць і Франіна гора. Нясьмела яшчэ, з далікатнай стрыманасьцю яна пацалавала мяне і зьнерухомела. Я зьнерухомеў таксама.
Гэта быў мой першы пацалунак, дагэтуль ніводная зь дзяўчат не цалавала мяне. Ды й я таксама. Я быў удзячны лёсу, што ён падарыў нам гэтую пару на зыходзе дня. Падумалася, можа, падорыць і шчасьлівую ноч? Я адчуваў сябе дужым, удачлівым і пачаў даваць волю рукам. Яна, падобна было, хмялела ў маіх абдымках, маўчала, толькі цалавала мой твар. А пасьля і зусім расслабілася, аддаючыся на маю хлапечую ўладу.
— Любая...
I раптам страпянулася, спрабуючы вырвацца з маіх абдымкаў.
— Ня трэба! Пашкадуй мяне. Потым... Я ж сірата...
Тыя словы раптам ацьверазілі мяне, і я адхіснуўся. На самой справе, што ж гэта я? Як жа я? Я ж кахаю яе.
— Я ж нікога яшчэ не цалавала, Міцечка. Цябе першага. Пашкадуй мяне.
Ну ведама, я ж цябе не пакрыўджу. Я добры. Я справядлівы, бо я кахаю цябе...
— Любая!..
Я адчуў, яна не давяраецца інстынктам, не дае заснуць розуму. I ашчаджае мяне. Усё ж я не такі, як тыя, што траплялі на яе шляху. Я кахаю яе і шкадую. Найперш, можа, шкадую. Ці не — найперш кахаю. А каханьне — заўсёды сіла, так мне здавалася...
Глухі грукат у дзьверы не адразу данёсься ў нашую шкляную вежу, сьпярша падумалася, што гэта дзесьці страляюць. Але Франя нядобра напружылася ў маіх руках і ўскочыла.
— Міця!!
— Гэта за мной, — здагадаўся я.
Як не скруціўшы сабе галаву па цёмнай і стромкай лесьвіцы, я скаціўся ўніз, навобмацак знайшоў у вэстыбюлі дзьверы, у якіх гулка грукаталі знадворку.
— Таварыш лейтэнант!..
Франя ледзьве ўправілася зь цяжкім засовам, а як адчыніла дзьверы, і я выскачыў на цёмны падворак, Кананок абвясьціў:
— Камбат кліча.
— Што такое?
— Кажуць, зьнімацца нам.
Ну, усё зразумела, таго трэба было чакаць.
У суцэльнай цемрадзі мы дабрылі да агнявой, на якой ужо тоўпіўся разьлік, і Мядзьведзеў, як заўжды ўначы, сьцішана вытлумачыў:
— Загад — згортвацца. За машынай паслаў, зараз прыедзе. А вас камбат патрабуе.
Я ўлез у змрочны равок, навобмацак пераняў з рукі Мухі тэлефонную трубку.
— Ты дзе там блудзіш? — загучаў устрывожаны голас камбата. — Гадзіну чакаць цябе трэба. Зараз жа згортвай баявы парадак, грузі боепрыпасы і — на дарогу. Чакайце мяне.
Пачыналася звычайная ліхаманка пасьпешлівых збораў. Зь цьмяным сьвятлом падфарнікаў прыпоўз на агнявую аграмадны “студэбэкер”, другі побач пабрыў каля плота ў суседні разьлік. Гэты пачаў разварочвацца, здаваць да агнявой задам; неўзабаве праз расчынены борт хлопцы ўзяліся грузіць цяжкія скрынкі нерасстраляных снарадаў, брызэнты, зброю, рознае салдацкае майно. Усе працавалі радасна і спорна, бо падобна было на тое, што рушым ня ў бой, а мабыць, з бою, туды, дзе ўжо скончылася вайна. Урэшце канец вайне, і мы ўсе жывыя, здаровыя. Во дзіва дзівоснае! Цуд!
У маёй душы быў вэрхал пачуцьцяў — радасьць перамогі ўсё ж засмучалася клопатам ростані. Ведаў, адчуваў, што паедзем адсюль. Але куды? Ці далёка? Я хацеў вярнуцца сюды, мне дужа патрэбна было тое. Хоць на гадзіну, хоць на пятнаццаць хвілінаў. Я ж нічога не сказаў ёй. I нічога ад яе не пачуў.
Не стрываў, пакуль чакалі другую гармату, я выбег на пустку і прыпусьціў да мастка. Брамка на гэты раз была не зачыненая, і толькі я ўскочыў на падворак, як расчыніліся дзьверы у катэдж. На парозе стаяла Франя. За ёй нерухома шарэлі два цені яе старых.
— Франя, мы едзем!..
Франя маўчала. Застыла, бы зьнямелая, і не краталася.
— Мы едзем! Ты чакай! Я вярнуся...
Зь цемры вэстыбюля на мяне пазіралі старыя, і я, недарэчна засаромеўшыся, нават не пацалаваў яе. Толькі абняў крышку за плечы ў цесных дзьвярах і адхіснуўся. Я ня мог бавіцца тут: на дарозе, чуваць было, пачынаўся ўжо рух, ішлі аўтамашыны. Некаторыя нават сьвяцілі фарамі, чаго ніколі не было на фронце. Ужо ж, мабыць, сапраўды вайна скончылася. Я перабег масток і ўскочыў на шырокую падножку “студэбэкера”, што з маёй апошняй гарматай вырульваў на шашу.
Над горнай далінай днела: праясьнелася неба, на закрайку яго цьмянымі зубамі вяршыняў азначыліся горы. Бліжняя гара за катэджам яшчэ ўся была, бы змрочны маналіт — і гара, і дрэвы пад ёй. Толькі шэры сілуэт катэджа вылучаўся сьвятляваю плямай на змрочным, зьлітым у адно фоне. Здаля я усё пазіраў туды, намагаючыся згледзець маленькую постаць на ганку, ды нічога ня згледзеў. Яшчэ б паўгадзіны пастаяць тут, калі б лепей стала відаць...