Мяняўся час — мянялася і ўсё наўкол. Вялікі водны шлях «з вараг у грэкі» страчваў былое значэнне, гандлёвыя шляхі ў Заходнюю Еўропу скараціліся і цяпер ішлі міма Дняпра. І Кіеў, славуты, магутны Кіеў, уступаў другім краінам і гарадам, і сыны Яраслава Мудрага змагаліся за кіеўскі стол, ваявалі з Полацакам…
Даведаўся Алекса і пра паходы Усяслава, пра тое, што хоча полацкі князь узвысіць сваю дзяржаву і зраўняць яе з Кіевам. Расказвалі, што сядзеў Усяслаў на стале кіеўскім, але, кінуўшы яго, уцёк назад у Полацак, не захацеўшы ні ўлады кіеўскай, ні стала…
Алекса не ведаў, якою будзе сустрэча з Усяславам. Можа, не даруе яму князь, загадае ссячы вінную галаву. Можа, сашле ў далёкі манастыр, каб замольваў грэх. Але ў глыбіні душы спадзяваўся, што прачытае Усяслаў кнігу і ацэніць усё, што спазнаў у далёкіх землях Алекса.
Калі ўяўляў, што кнігу, ахвяраваную князю, можа, пакладуць разам з іншымі кнігамі, сэрца сціскалася. Ён прыдумляў узоры для воклада, узважваў, каму можна аддаць яго для аздобы. Але прыходзілі і сумненні — ці вартае ўвагі тое, што напісаў? Але ж колькі рэцэптаў, колькі лекаў назапашана ў ёй. І колькі жыццяў яна ўратуе!
Жыццё клікала яго, клікала радзіма — наперад, хутчэй, каб хаця паспець!
Калі ў першай славянскай хаце, непадалёку ад стэпаў, падалі яму пасля мыцця вышываны ручнік, на якім убачыў Мокаш, або Жытную Бабу, Маці ўсяго жывога — доўга стаяў, трымаючы ручнік, гледзячы на яго, аж пакуль гаспадар не аклікнуў, не пазваў вячэраць.
І зноў успомніў гімны Анахіце — таксама Маці ўсяго жывога, і падзівіўся таму, што розныя на зямлі людзі, але ўсе яны родныя, блізкія ў самым галоўным — жыцці і смерці.1
Ужо набліжаўся да Кіева, каб нарэшце пабачыць яго і пакланіцца Сафіі Кіеўскай, пра якую чуў яшчэ на першым сваім падарожжы.
Калі праз стэпы ішоў перасцярожліва, баючыся торкаўі полаўцаў, што часцяком трывожылі зямлю рускую, то тут выпрастаўся. Па блізкай жа, хрысціянскай зямлі ішоў!
Але калі спыніўся аднойчы ў сяле і сказаў, што ідзе на Полацак, гаспадар не даў яму пераначаваць, — князь Уладзімір Манамах з войскам паліў Полацкую зямлю, і чакаў адтуль гаспадар багатай здабычы, бо з войскам пайшло двое ягоных сыноў.
Асцерагаўся цяпер гаварыць Алекса, хто ён і адкуль. Казаў — падарожны. І ўсё. Ці мала падарожных ходзіць па зямлі, а хто ведае, куды яны ідуць і адкуль?
Ля Чарнігава сеў у ладдзю, якая ішла да Друцеска. Адтуль — рукой падаць да Полацака, шлях ажыўлены. На валоках людзей многа, працуюць там цэлыя арцелі, валакуць ладдзі па бярвеннях, салам змазаных. Знаёмы да болю шлях, па гэтай дарозе ехаў, працаваў вёсламі — аж занылі плечы, як успомніў.
Ладдзя невялікая, людзей мала. Вязуць у Друцеск пліты мармуровыя для новага сабора. Канешне, цяпер не да будоўлі — часы неспакойныя, вайна. Але ж скончыцца яна некалі, скончацца смуты княжацкія, і зноў загахкаюць сякеры, а з патаемнага месца дастануць майстры пліты гладкія, ружова-шэрыя, каб вымасціць імі рызніцу і царскае месца. Вёз мармур прыказчык, вёз і ўсё скардзіўся, што часы цяжкія, а гаспадар на грошы паквапіўся, сам не паехаў, а яго паслаў, хаця прайшло тры гады, як дамоўлена з друцескімі царкоўнымі ўладамі даставіць мармур… Можа, там нікога з жывых няма? Можа, і не заплоцяць грошы, а павернуць яго з тымі плытамі назад?
Маліўся прыказчык, ставіў свечы-ахвяры Міколу-Цудатворцу, а на дубе Сварожжым, што каля новага селішча Рагачова стаіць, павесіў каляровыя стужкі — як абярог.
І ўсё ж не засцярогся: пад’язджалі да Друцеска — перастрэлі ладдзю разбойнікі. Калі неспакойна ў дзяржаве, людзі ліхія не баяцца кары — нікога, ні бога, ні князя, не баяцца.
Рэчка Друць тут вузкая, берагі парослыя густым лесам, з-за альшэўніку, бярозы і сасны не ўбачыш берага.
Дзе, у якой кузні кавалі жалезны наканечнік, што ўпіўся ў Алексу, калі ён стаяў на палубе, а сэрца яго раскрывалася насцеж родным берагам і небу?!
Заспявалі стрэлы, завохкалі грабцы, хто кінуўся пад прыкрыццё, хто за мячом… А Алекса, трымаючы стралу адной рукой, а другой намацваючы борт, пайшоў па свой вышарпаны, выцвілы хурджун — дзе ляжала яго Кніга.
Разбойнікі вяроўкамі, арканамі, як стэпнякі, зачапіўшы ладдзю, цягнулі яе да берага, скакалі ўнутр, хапалі, ірвалі, мацалі…
Галоўны з іх — разгарачаны, звераваты, з бязлітасным тварам, пасечаным і пакрытым блізнамі, скокнуў у ладдзю, аж затрашчалі дошкі, перад Алексам. Схапіў хурджун.
Не вырваў — надта моцна трымалі яго.
— Там толькі кнігі. Толькі кнігі!
Імгненне рабаўнік глядзеў у вочы старога, смуглявага, у паношаным дзіўным халаце чалавека, падпаясанага выцвілай, калісьці каляровай хусткай, які заціскаў худою рукой кроў, што сачылася з-пад абламанай стралы. Другою трымаў сваю суму. На адно імгненне мільганула думка — не чапаць чалавека, бо падобны ён на юродзівага, а ім, як вядома, дапамагаюць вышэйшыя сілы. Але ўстыдаўся таго галавар шайкі — што падумаюць пра яго іншыя?
І ён, коратка ўзмахнуўшы мячом, секануў па руцэ, што трымала сумку.