Читаем Жар кахання [Апавяданні пра жанчын] полностью

Ды, як кажуць, пачну з самага пачатку. Калі помніш, я гаварыў ужо: у маладыя гады жыў далека адгэтуль, у адным з цалінных пасёлкаў, шафёрыў, завочна вучачыся ў аўтатэхнікуме. Праўда, у той час, калі ўсё гэта адбылося, я ўжо дажываў там: сабраўшы грошай i апытаўшы праз сваіх родзічаў у родных мясцінах хаціну, адправіў туды сям'ю, з паўмесяца жыў адзін амаль у пустой кватэры, маючыся праз тыдні два дачакацца разліку i выехаць.

I трэба ж так, браце, здарыцца, што аднаго разу даволі позна, калі ўлеглася ноч i ярка свяціліся вокны пасялковых кватэр, а вакол, за платамі i тылавымі сценамі, чарнелі цені, я вяртаўся з гаража дадому i набрыў на вуліцы на недалёкіх суседзяў — на Жэню i на яе Сашу. Жанчына крычала, плакала, спрабуючы падняць з долу i валачы мужчыну, а той, як заўсёды, п'яны, што гразь, не мог устояць на нагах, падаў, злосна мацюкаўся, а то i адбіваўся, брыдка абражаючы i адштурхоўваючы жонку.

Гэтая Жэня — так называлі яе мы, прыезджыя са славянскіх мясцін, а яна на самай справе была Жамал, — дачка былога зэка-рускага i тутэйшай казашкі, недзе мая равесніца, гадоў за трыццаць, працавала ў нашай канторы бухгалтарам, была добрая i паважлівая кабеціна, а вось яе Сашка-разанец, шафёр, слесар, пастух, a ў апошні час Куды Пашлюць альбо Хто Падасць, быў зусім непуцёвы. Цвярозы быў ціхі, замкнёны, нават паслужлівы, а вось на падпітку мяняўся. Не раз i не два біў Жэню, ганяўся за ёй у двары i па вёсцы з сякерай, глуміў мэблю, падпальваў кватэру. Яго часта брала міліцыя, нават адседзеў тры гады, але са сваёй цяжкай планіды не вылузаўся, падаў усё ніжэй i цяжэй. Спачатку яго ўшчувалі, спрабавалі памагчы яму ачалавечыцца, а пасля, калі знясіліў усіхнае цярпенне, махнулі на яго рукой, як на прапалага ўжо. Яго нават не ўстрапянула i не змусіла ўзяцца за розум тое, што з-за яго п'яных дэбошаў захварэла дачка на нервовую хваробу, не змагла хадзіць у школу, надоўга трапіла ў бальніцу, а пасля памерла. Жэня з бяды i гора, з-за мужавых паводзін марнела проста на вачах.

Хоць было цёмна, Жэня мяне папрасіла:

— Вась, помоги дотянуть домой этого негодяя.

Сашка быў дробны, ад п'янства, курэння i недаядання худы i выпетраны, дык я, значна вышэйшы i дзебялейшы, легка падхапіў яго, закінуў ягоную руку сабе за шыю, другой рукой падчапіў яго пад паху i панёс. Той, адчуўшы, што трапіў у дужыя лапы, здаўся, толькі раз за разам брыдка лаяўся, плёў-вёрз штосьці бесталковае. Жэня ішла збоку i, плачучы, скардзілася мне як блізкаму суседу i сябру:

— Божа, як гэты мярзотнік скалечыў мне жыццё! Лепш бы я ўтапілася альбо трапіла пад машыну малая, чым пасля згадзілася звязаць з ім свой лёс! Многія выпіваюць, п'юць, але такога прагнага жлукты, бацай, нідзе больш няма. Калі бывае паўцвярозы, больш-менш пры розуме, дык дзень-два ў месяц.

У невялікі двор, дзе заўсёды былі паломаныя вароты i частаколіны ў плоце, дзе ўсё валялася абы-як i абы-дзе, Жэня зайшла першая, адчыніла дзверы ў недабудаваную цагляную веранду, a ў ёй — у сваю двухпакаёвую кватэру, уключыла святло ў калідоры.

— Кідай, Вась, яго тут. На падлогу.

Які ні гнюсны гэты Сашка, але ўсё ж чалавек. Дык няёмка было апускаць яго проста на старэнькі ходнік; я нейкі міг пачакаў, падумаўшы, што Жэня скажа зараз інакш, запаліць святло ў залі ці ў спальні i пакажа, куды пакласці там мужа.

— Кідай, Вась, — яна, аднак, i не збіралася адумвацца. — Ён пагнаіў ужо ўсе пасцелі. Яго месца тут, як цюцьку.

Што зробіш, асцярожна апусціў п'яніцу на дол. Сашка — даўно ўжо няголены, нездарова-чырвоны — адразу ж скруціўся ў абаранак, прыціснуўся да сцяны, хвіліну-другую памармытаў, а потым праваліўся не то ў сон, не то ў забыццё. Жэня, па-ранейшаму плачучы, адступіла ў паўасветленую залю, паспрабавала ўключыць там люстру, каб, можа, хвіліну-другую пасядзець са мной i выплакаць мне свой боль, a калі лямпачкі не загарэліся, прыперлася да вушака i цяжка застагнала:

— Вась, каб ты ведаў, як я яго ненавіджу, колькі разоў хацела накінуць яму, п'янаму, на твар падушку i задушыць! Сама не ведаю, чаму я ўсё цярплю, не кідаю яго i не бягу адсюль у свет божы? Ён загубіў дзіця, маю i сваю маладосць, ужо наперад атруціў кожны мой дзень. Мне трыццаць першы год, а я ўжо, здаецца, зусім старая, у маёй душы ўсё перагарэла. Там адзін попел... Твая Ірынка — аднагодка мне, у адзін год разам у школу пайшлі, але хіба цяпер параўнаеш яе i мяне? Яна здаровая, поўная, як кажуць, кроў з малаком, а я... Я ж гадоў сем ужо спакойна не сплю, усмак не ем, весела не ўсміхаюся. Я заўсёды нібы пад зямлёй, не магу адкрыта зірнуць людзям у вочы.

Што так, то так. Каму-каму, a Жэні дастаецца нашмат больш, чым іншай якой жанчыне. Хоць кажуць, што мужчынскае сэрца не вельмі мяккае ды чуллівае, нават эгаістычнае, але маё цяпер зашчымела ад шкадобы. Не ведаў i не ведаю, браце, чаму, але ступіў да яе, паспачуваў:

— Трымайся, Жэнечка.

Перейти на страницу:

Похожие книги