Читаем Знаёмы салдат (на белорусском языке) полностью

Зноў танюткiм галаском пiскнула iвалга i тут жа змоўкла, вырашыла, што не пасуе ёй, дзённай птушцы, спяваць сярод начы.

* * *

Да шашы было далёка. Гужам iшлi яны вузкай сцяжынай, пратаптанай цераз поле, i Вiлюс крочыў апошнi. Дзецi хутка ўцiхамiрылiся, але потым сталi ныць, i маткi моўчкi цягнулi iх за рукi, быццам баючыся спазнiцца. А спяшацца не было куды.

Нарэшце паказалася шаша. Здалёку свяцiўся аўтобусны прыпынак, адзначаны жоўтым дыскам.

Дошка з раскладам аблупiлася. Але Рычардасу ўдалося неяк разабраць, што аўтобус на Вiльню прыйдзе праз гадзiну. Ён азiрнуўся.

Вiлюс стаяў убаку i глядзеў некуды ўдалеч.

- Паслухай... - сказаў, падышоўшы да яго, Рычардас. - Не, бадай, не варта...

- Ды кажы.

- Лухта, - махнуў рукой Рычардас. - Праўда, часам усялякае глупства ў галаву лезе. Нават дзiўна... Давай пагуляем, чаго тут тырчаць...

Вiлюс паслухмяна пайшоў за Рычардасам.

Крочылi яны ўскрай шашы. Прайшлi даволi далёка, але Вiлюс нi пра што не пытаўся - куды яны iдуць, што хацеў сказаць Рычардас. Бадай, Вiлюс нават не заўважыў, як далёка яны адышлi ад прыпынку.

- Мне ўвесь час здаецца, што я ўжо бачыў гэтага салдата, - нарэшце загаварыў Рычардас. - Сапраўды дзiўна.

- Трэба было спытацца.

- Я толькi сёння ўзгадаў.

- Шмат ездзiш. Сустракаешся з людзьмi.

- Вось менавiта, сустракаюся...

Трохi далей ад шашы стаяў доўгi цагляны будынак, абнесены жывой загароджай з глогу. У двор вяла пасыпаная друзам дарожка.

- Школа, - паведамiў Рычардас. - Зойдзем?

Вiлюс толькi пацiснуў плячыма. Часу яшчэ было багата, i яму ўсё роўна, куды iсцi. Не хацелася вяртацца на прыпанак, яму не было пра што размаўляць з жонкай.

Калiдор з белымi сценамi, на якiх вiселi плакаты, дыяграмы i насценгазеты, пуставаў. Толькi ў класах, за дзвярыма, на якiх чарнелi таблiчкi з светлымi рымскiмi лiчбамi, прыглушана гучалi галасы настаўнiкаў.

- Усе на ўроках, - сказаў Вiлюс i чамусьцi груба дадаў: - А ты, вядома, надумаў карэспандэнцыю напiсаць? На аўтобус не паспеем.

- Спадзяюся, дзверы не замкнёныя...

Вiлюс не зразумеў.

Рычардас штурхнуў адны дзверы, i яны прачынiлiся.

На палiцах былi раскладзены пагнутыя шлемы, iржавае дула кулямёта, асколкi снарадаў, пажоўклы сшытак. Насупраць, на сцяне, вiсеў вялiкi партрэт салдата, вiдаць, перазняты са старой фатаграфii.

- Я ведаў, што гэта ён, - нягучна сказаў Рычардас. - Не памылiўся...

Пад партрэтам чарнеў надпiс: "Загiнуў 22 чэрвеня 1941 года, узрываючы мост з фашысцкiмi танкамi".

- Не! - закрычаў Вiлюс. - Не!..

Перейти на страницу:

Похожие книги