Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі
Правадыр змагароў
Тадэвуш Касцюшка належаў да старажытнага беларускага роду. Ягонае дзяцінства прайшло ў бацькоўскім маёнтку Мерачоўшчына паблізу ад мястэчка Косава (цяпер Івацэвіцкі раён Берасцейскай вобласці). Сям’я Касцюшкаў жыла ў сціплым драўляным доме пад саламянай страхой. Шмат вандруючы па свеце, Тадэвуш потым часта ўспамінаў прыгожыя беларускія краявіды вакол ракі Шчары, у якой у дзіцячыя гады любіў купацца і вудзіць рыбу.
Спачатку хлопчык засвойваў навуку ў недалёкай ад роднага дома навучальні манахаў-піяраў. Тут ён вывучаў гісторыю і лацінскую мову, матэматыку і фізіку, красамоўства і культуру паводзінаў.
Пасля вучэльні Касцюшка паступіў у Варшаўскі кадэцкі корпус. Такія корпусы рыхтавалі афіцэраў для войскаў Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. У тыя гады сябры празвалі Тадэвуша “Шведам з-пад Берасьця”.
Такую незвычайную мянушку ён атрымаў за тое, што хацеў быць падобным да выдатнага палкаводца — шведскага караля Карла XII. Беручы з яго прыклад, Касцюшка штодня падымаўся а чацвертай гадзіне раніцы. Каб не заснуць, ён апускаў ногі ў пастаўленую пры ложку балею з ледзяной вадой. Так ён загартоўваў сваю волю.
Вайсковую навуку Тадэвуш працягваў у Парыжы. Грошай ён меў мала, і часта сняданак і вячэра ў яго былі аднолькавыя — булка і шклянка кавы. І ў кадэцкім корпусе, і ў Парыжы Касцюшка займаўся яшчэ і маляваннем. З яго мог бы атрымацца добры мастак, але лёс склаўся іначай.
У Амерыцы
Сталася так, што, прыехаўшы з Парыжа, Тадэвуш пражыў на радзіме вельмі мала. Якраз у тыя гады Паўночная Амерыка ваявала з Англіяй за сваю незалежнасць. Касцюшка сеў на карабель і выправіўся за акіян. У Амерыцы ён стаў у шэрагі змагароў за свабоду і дзевяць гадоў ваяваў на іх баку. Ён удзельнічаў ва ўсіх буйных бітвах з англічанамі, атрымаў чын генерала і стаў ганаровым грамадзянінам Злучаных Штатаў Амерыкі.
У тым часе Тадэвуш Касцюшка найбольш праславіўся як таленавіты ваенны інжынер. Пад ягоным кіраўніцтвам былі пабудаваныя некалькі моцных фартэцаў. Яны дапамаглі амерыканцам атрымаць важныя перамогі.
Самая магутная з гэтых фартэцаў была ўзведзеная ў Вест-Пойнце. Яна стаяла на рацэ Гудзон. Каб англічане не здолелі падысці да Вест-Пойнта па вадзе, Касцюшка “замкнуў” раку велізарным жалезным ланцугом даўжынёю на паўкіламетра.
Наш знакаміты суайчыннік сябраваў з Томасам Джэферсанам, які склаў Дэкларацыю незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі. За выдатныя заслугі ў змаганні за свабоду Касцюшку ўзнагародзілі ордэнам Цынцыната. Гэтую высокую ўзнагароду нашаму земляку ўручыў сам Джордж Вашынгтон, першы амерыканскі прэзідэнт. Ордэн Цынцыната атрымалі ўсяго тры іншаземцы.
Амаль усю заробленую ім у Амерыцы маёмасць Касцюшка перадаў свайму сябру Джэферсану. Ён папрасіў, каб той пусціў грошы на выкуп чарнаскурых рабоў.