Недалёка ад Барысава французы з вялікімі стратамі пераправіліся цераз раку Бярэзіну. Іх адступленне ўсё больш нагадвала ўцёкі. Ад магутнай Вялікай арміі засталіся галодныя, абмарожаныя купкі жаўнераў, што панура брылі на захад, туды, адкуль прыйшлі.
У беларускім мястэчку Смаргонь Напалеон пераапрануўся ў чужы мундзір і пад чужым імем пакінуў войска, спяшаючыся ў Парыж. Ён казаў сваім прыдворным, што праз год прывядзе трыста тысяч жаўнераў і ўсё адно паставіць Расею на калені.
Гэтыя планы не здзейсніліся. Недзе на беларускай зямлі, магчыма на дне аднаго з нашых шматлікіх азёраў, застаўся ляжаць кінуты Напалеонам пад час уцёкаў яго залаты скарб.
* * *
У 1812 годзе Беларусь страціла мільён жыхароў, чвэрць усяго насельніцтва. Адны загінулі ў баях, другія памерлі ад голаду і пошасцяў. Тысячы нашых землякоў, што служылі ў напалеонаўскім войску, мусілі адступіць за мяжу і ваяваць на чужыне за чужыя інтарэсы.
Пасля вайны 1812 года тыя, хто марыў вызваліць Бацькаўшчыну, зразумелі, што трэба разлічваць толькі на ўласныя сілы.
Пытанні і заданні
Кастусь Каліноўскі
За нашу і вашу свабоду
Вальналюбны дух паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі і Якуба Ясінскага быў жывы. Як тлее пад попелам гарачае вуголле, так у душах беларусаў увесь час не патухала нянавісць да царскіх прыгнятальнікаў.
Увесну 1831 года Беларусь услед за Польшчаю зноў паўстала.
Найбольш чынная барацьба разгарнулася ў Ашмянскім, Браслаўскім, Дзісенскім і Віленскім паветах, а таксама ў наваколлі Белавежскай пушчы. Трохтысячны аддзел з сялянаў і шляхты ўзяў і некалькі дзён утрымліваў горад Дзісну.
На мяжы Віцебшчыны і Віленшчыны паспяхова дзейнічалі паўстанцы на чале з графіняй Эміліяй Плятэр. Гэтай адважнай жанчыне было ўсяго дваццаць пяць гадоў. У мірны час яна збірала беларускія песні і казкі, сама пісала вершы.
Калі Беларусь узялася за зброю, Эмілія пакінула багаты ўтульны дом, балі, вольнае жыццё і далучылася да змагароў. Вось калі ёй спатрэбіліся яшчэ дзіцячыя захапленні верхавой яздой і стральбою.
Графіня пераапранулася ў мужчынскае аддзенне і стала на чале аддзела з чатырох сотняў адважных ваяроў. За свой гераізм яна атрымала званне капітана. Вестка пра нашу мужную суайчынніцу шырока разляцелася па свеце. Свае вершы ёй прысвячалі паэты ў Францыі, Англіі, Італіі, Нямеччыне.
Паўстанцы заклікалі лепшых сыноў Расеі разам ваяваць супроць царызму “за нашу і вашу свабоду”, але гэты заклік застаўся непачуты.
Царскія войскі задушылі паўстанне. Улады адбіралі ў паўстанцаў маёнткі і шляхецкія правы. Быў зачынены Віленскі універсітэт ды іншыя навучальныя ўстановы. За тое, што беларускія вуніяцкія святары і манахі падтрымлівалі змагароў за свабоду, цар загадаў зачыняць іхнія манастыры, якія называў “вражескими крепостями”.
Але ніякія здзекі не паставілі народ на калені. Праз тры дзесяцігоддзі ён зноў узяў у рукі зброю.
Паўстанцаў вёў на барацьбу сын Беларусі Кастусь Каліноўскі.
Юнацтва героя
Кастусь Каліноўскі нарадзіўся 2 лютага 1838 года ў вёсцы Мастаўляны недалёка ад Горадні (цяпер гэтая вёска знаходзіцца ў Польшчы) у сям’і беларускага шляхціча. Спачатку будучы герой вучыўся ў хатняга настаўніка-“дарэктара”, а потым у павятовай навучальні ў мястэчку Свіслач. Кастусь вельмі сябраваў са сваім старэйшым братам Віктарам. Той быў студэнтам Маскоўскага універсітэта, добра ведаў гісторыю, якую вывучаў па старадаўніх рукапісах і кнігах. Ад брата Кастусь шмат даведаўся пра слаўнае мінулае Беларусі, пра тыя часы, калі нашая зямля была свабодная. Кастусь ненавідзеў царскую ўладу і прыгоннае права, што трымала ў няволі сялянаў.
Пасля навучальні Каліноўскі паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта. З Масквы ў Пецярбург у гэтым часе пераехаў і брат Віктар. Разам з сябрамі Кастусь і Віктар стварылі падпольны гурток. Яны марылі пра вызваленне Бацькаўшчыны і рыхтаваліся да будучай барацьбы. Кастусь пакляўся прысвяціць гэтай справе ўсё сваё жыццё.