Максім Багдановіч
Дзяцiнства
Адным з найбольш таленавiтых прадаўжальнiкаў справы Францiшка Багушэвiча стаў выдатны беларускi паэт Максiм Багдановiч.
Максiм нарадзiўся ў 1891 годзе ў Менску. Ягоны бацька Адам Багдановiч быў добра адукаваным чалавекам. Ён вывучаў звычаi i абрады старажытных беларусаў, надрукаваў некалькi сваiх працаў. Максiмава мацi Марыя таксама мела лiтаратурныя здольнасцi.
Пасля нараджэння Максiма сям’я пераехала з Менска ў Горадню. У гэтым горадзе прайшлi самыя раннiя i бесклапотныя гады будучага паэта. Але, калi Максiму iшоў шосты год, сям’ю напаткала вялiкае гора: раптоўна памерла ягоная мацi.
Неўзабаве Адама Багдановiча перавялi на службу ў расейскi горад Нiжнi Ноўгарад. Там Максiм пражыў дванаццаць гадоў. Ён рос здольным i дапытлiвым хлопчыкам, вельмi любiў чытаць. Максiмаў бацька меў багатую бiблiятэку. У ёй былі кнігі вядомых ва ўсім свеце пісьменнікаў, а таксама зборнікі беларускай народнай паэзіі.
У доме Багдановiчаў часта збiралiся пiсьменнiкi, артысты, мастакi ды iншыя творчыя людзi. Максiм не толькi прыслухоўваўся да iхнiх размоваў. Ён ужо i сам спрабаваў сiлы ў творчасцi.
Першыя вершы
Аднаго разу, калi Максiму споўнiлася дзесяць гадоў, ён паказаў бацьку свой верш на беларускай мове. Гэта было сапраўднае дзiва! Хлопчык жыў у расейскiм горадзе, у сям’i гаварылi па-расейску, а ён пачаў пiсаць на мове, якую чуў толькi ў першыя гады жыцця.
Вось якой моцнай аказалася дзiцячая памяць i любоў да роднай зямлi! Дапамаглi юнаму паэту таксама беларускiя кнiжкi з бацькавай бiблiятэкi, а потым i газета «Наша Нiва», якая выходзiла ў Вiльнi.
Адама Багдановiча сынавы беларускiя вершы не надта ўзрадавалi. Ён чамусьцi лiчыў, што родная мова будзе перашкаджаць Максiмавым поспехам у навучаннi.
Але Максiм не пагадзiўся з бацькам. Ён моцна любiў Беларусь i ўпарта iшоў сваёй дарогай. Неўзабаве юны творца перажыў шмат шчаслiвых хвiлiнаў. Віленская газета «Наша Нiва» ў адным з нумароў надрукавала ягонае апавяданне «Музќка», а пазней i вершы.
Акрылены поспехам, Багдановiч пiсаў новыя, усё больш дасканалыя творы. Ён яшчэ не ведаў, што яго падпiльноўвала страшная i невылечная тады хвароба — сухоты (туберкулёз лёгкiх). Дактары паведамiлi пра яе, калi сям’я Багдановiчаў пераехала ў iншы расейскi горад — Яраслаўль.
Сустрэча з Беларуссю
Здаецца, нiчога ў сваiм жыццi Максiм не чакаў так, як паездкi ў Беларусь. Туды пасля заканчэння гiмназii яго запрасiлi супрацоўнiкi газеты «Наша Нiва» Iван i Антон Луцкевiчы. Гэтыя выдатныя дзеячы ўжо разумелi, што юнак з Яраслаўля надзелены вялікім лiтаратурным талентам i можа шмат зрабiць для адраджэння Беларусi.
Прыехаўшы на Бацькаўшчыну, Максiм амаль два месяцы жыў у Ракуцёўшчыне, паблiзу Маладзечна. Там малады паэт упершыню сустрэўся з хараством беларускай прыроды. Нiбы чыстую ваду, ён пiў жывую беларускую мову. У Ракуцёўшчыне яго амаль не пакiдала паэтычнае натхненне. Там ён напiсаў дзве паэмы i шаснаццаць цудоўных вершаў.
Максiмаў «Вянок»
Максiм марыў вывучаць беларускую мову ва унiверсiтэце. Аднак ягоныя спадзяваннi перакрэслiла невылечная хвароба. Апрача таго, i бацька не ўхваляў сынавага намеру. Замест улюбёнай справы паэт мусiў паступiць у юрыдычны лiцэй. Пераехаць у Менск ён змог толькi ў 1916 годзе.
На Бацькаўшчыну Максiм Багдановiч вярнуўся ўжо знакамiтым паэтам. За тры гады да гэтага ў вiленскай друкарнi Марцiна Кухты выйшаў Максiмаў зборнiк «Вянок». Гэтая кнiга стала адной з найлепшых у беларускай паэзii XX стагоддзя.