Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Гэта здаецца Айцэну вельмі разумным, ён бярэ скрутак паперы ў руку, зрывае пячатку, разьвязвае стужку, разгортвае паперу й акідвае вокам зьмест: Мы, Адальф, абвяшчаем гэтым усім еt cetera et cetera што Мы высокашаноўнага й высокавучонага, Нашага дарагога, багавейнага й вернага et cetera et cetera Сьвятога Пісаньня доктар sub сёньняшняй dato назначылі на пасаду et cetera et cetera Нам і Нашым найперш у справах рэлігіі адказны et cetera et cetera парадай і чынам et cetera et cetera павінен трымаць да канца, што Мы яму даверылі et cetera et cetera за якія паслугі ён штогод 360 гульдэнаў з нашай палаты et cetera et cetera для абвяшчэньня гэтага Нашу Княскую пячатку et cetera et cetera Намі ўласнай рукою падпісана et cetera et cetera Адальф. І паколькі яму здаецца, што ў прыгожых пісьмёнах герцага ён пазнае руку тайнага радцы, ён кідаецца яму на шыю і ўсхліпвае:

— Трыста шэсьцьдзесят гульдэнаў! Дзеткі, найперш малютка Маргарэт, падзякуюць табе, Ганс! — але тут і запінаецца, бо столькі грошай абуджаюць у ім недавер; і ён хоча ведаць ад свайго сябра, ці не запатрабуе ён ад яго чаго-небудзь дадаткова, што было б звыш яго шчырадайнасьці й дапамогі ў будаўніцтве царства божага? Але Лёйхтэнтрагер адмахваецца: што гэта была б за дружба, кажа ён, дзе адзін плаціць за тое, што дае другі; яны абодва ў крэдыце адзін перад адным, і там відаць яно будзе, хто ў канцы каму колькі вінен. А цяпер за працу!

Але каму такое не вядома? Чарніла й белая папера пад рукою, пёры завостраныя, а ў галаве пісара — пустэльня. Вайна! думае ён. Вайна!.. І ў цьмяным сьвятле бачыць перад сабою поле бітвы, бачыць забітых у крыві, параненых, якія благаюць дапамогі альбо шэпчуць перад сьмерцю малітву, тым часам як палявы каплан на вачах у ворага адпявае й суцяшае іх пэрспэктывай раю, і Айцэн ціха дзякуе добраму Богу, што ня ён гэты палявы каплан, а ён будзе сядзець дома са сваімі сьвятымі кнігамі, чакаючы гадзіны, калі, павячэраўшы нанач у коле сям'і, будзе рыхтавацца да візыту графіні Эрэнтрой.

І ўздрыгвае, пачуўшы пакехекваньне сябра, і паказвае на ліст паперы, усё яшчэ белы, незапісаны, які ўсё яшчэ ляжыць перад ім, і ўздыхае:

— Я вучыўся ў Вітэнбэргу, цяпер я магістр і доктар, я ведаю пра божых анёлаў і Сьвятое Пісаньне й пра Вялікі й Малы катэхізісы, але як я павінен пасылаць чалавека на вайну, каб ён пайшоў суцешаны, гэтага я ня ведаю.

Лёйхтэнтрагер паціскае сваім горбікам.

— Зробіш, — кажа ён, — бо ты прымаеш гэта сур'ёзна. Але ты павінен думаць, што ў тых, на каго наш герцаг ідзе паходам, цяпер таксама сядзіць нехта такі, як ты, пакусвае пяро, складаючы малітву, і што так было спрадвеку, што чалавек прыставаў да Бога, просячы абароны й перамогі, выбіраючыся ў паход біць свайго брата. Але Бог ня чуе, яму ўсё адно, ён як сам час, які мінаецца для ўсіх, і як далёкія сузор'і, якія сьвецяць над абодвума, пераможцам і пераможаным. Таму й герцаг зьвяртаецца па тваю малітву, а ў яго заўтра галава яшчэ будзе гудзець ад таго, што за гэтую ноч выпіў, так што ён і ведаць ня будзе, дзе перад, дзе зад; валяй, я павяду тваю руку: усё правільна, што ты напішаш, пакуль яно кладзецца на пацеры.

І ба! як толькі ён кранаецца горбікам Айцэнавай рукі зь пяром, пяро адразу выскоквае на паперу й пакрывае яе пабожнымі словамі, паставіўшы апошні росчырк і апошняе «аман», бачыць, што ўжо й сябра няма, а ў дзьвярах стаіць графіня Эрэнтрой і пахне ўсімі пахошчамі ўсходу й салодкім галаском пытаецца:

— Вы ня хочаце запрасіць мяне ў ваш пакой, гер доктар?

У Айцэна сэрца ў грудзях падскокнула, што вось жанчына ў плоці будзе цалкам ягоная, уся, з гэтымі чорнымі, вабнымі вачыма й пухлымі губамі і ўсімі астатнімі прынадамі; толькі валасы, якія ў Маргрыт былі рыжавацейшыя, блішчаць як чорны францускі аксаміт і падколатыя па шляхетнай модзе; і ён так парывіста ўскоквае й ляціць да яе, што крэсла, на якім ён сядзеў, з грукатам коціцца дагары.

— Ах, фраў графіня, — кажа ён, — я самы шчасьлівы чалавек, бо я так прагнуў вас, з таго часу як мы анёлкамі так прыгожа музыцыравалі.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже