Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

<p>Разьдзел чацьвёрты. У якім доктар Лютэр выкладае сваё меркаваньне пра жыдоў, а юны Айцэн якраз і сустракае аднаго такога, які робіцца яму прыкрым назолам</p>

А тым часам наш юны Паўлюс фон Айцэн каторага ўжо часу жыве ў Вітэнбэргу й спасьцігае ў магістра Піліпа Мэланхтона й іншых вучоных гераў дактароў унівэрсытэта божую навуку й гісторыю сьвету. Кватаруе, як загадзя наперад было ўмоўлена, у Лёйхтэнтрагеравым, фармальна Фрызавым доме, дакладней, на верхнім паверсе, і пачувае сябе досыць вальготна, амаль як дома ў свайго бацькі, толькі інакшым манерам. А ўсё якраз у гаспадары, які часам увечары за чаркай агністага віна гаворыць такія рэчы, якія дзіўна яго пераймаюць і якіх сабе яго шаноўны бацька, купец Райнгард фон Айцэн, палатно й шэрсьць, ніколі і ў мроях сказаць ня мог, а яшчэ залежыць на служанцы Маргрыт, якая прыносіць яму сьняданак, мые кашулі й апратвае пасьцель, калі занадта заядаюць вошы й блашчыцы. Пасьля гэтага яму спакойна ад паразітаў, але не ад сваіх думак, якія ад рана да позьняга круцяцца вакол плячэй і грудзей і сьцёгнаў, ну, і вакол, што ў Маргрыт крыху ніжэй і ззаду. Тут ужо яму не памагае, што ён падыходзіць да акенца пакоя, зь якога адкрываецца відок на дом настаўніка Мэланхтона, насупроць і крыху наўскасяк, і спрабуе ўспомніць выслоўі пабожнага мужа альбо вобраз дзевы Барбары Штэдэр, якая дажыдаецца яго ў Гамбургу; у галаве прыгожыя выслоўі роем раяцца й ператвараюцца ў чыстую тарабаршчыну, а яго ўспамін пра Барбару журботна цьміцца й больш ужо не аднаўляецца ў ранейшых рысах; і замест яе сваім унутраным зрокам ён бачыць нахабны рот і грыбатыя, пунсовыя губы Маргрыт.

Лёйхтэнтрагер даўно заўважыў, што зарупіла яго пастаяльцу.

— Паўль, — кажа ён, бо яшчэ ў Янаву ноч яны раптам кінуліся ў абдымкі й заключылі братэрскі хаўрус і з таго часу называлі адзін аднаго хрысьціянскімі імёнамі, Лёйхтэнтрагер юнага Айцэна Паўлюсам, а гэты Лёйхтэнтрагера Гансам; — Паўль, — кажа Лёйхтэнтрагер, — я лёгка патраплю табе ўсё зладзіць з Маргрыт; варта мне сказаць адно толькі слова, і яна поначы прыйдзе да цябе й так усё зафундуе, што пачуеш, як анёлы на небе сьпяваюць; яна ад прыроды адораная, яшчэ й я сяму-таму падвучыў.

Юнаму Айцэну запякло ў сьцёгнах, але ён кажа:

— Ай, ды што ты наўме носіш, Ганс, ты ж ведаеш, там у мяне ў Гамбургу… я ёй прысягаў на вернасьць.

— Вернасьць — гэта ў цябе ад галавы, — кажа сябар, — а тое, што надзіць у Маргрыт, яно зусім ад іншага месца; нельга мяшаць духоўнае зь цялесным, ну, дый дарога ў твой Гамбург далёкая, а з таго, што дзева Штэдэр нечагась ня ведацьме, ёй не забаліць… Але не таму я прыйшоў, а таму што гер магістр Мэланхтон паслаў слугу спытацца ў нас, ці ня зробім мы яму ласкі й прыемнасьці, склаўшы яму кампанію за вячэрай, якую ён мерыцца зладзіць доктару Марцінусу й ягонай мілай жонцы Катарыне й некаторым іншым гасьцям, усе людзі знакамітыя і вучоныя; фраў Катарына фундуе на вячэру барылку піва з уласных запасаў.

— Што, я? — кажа юны Айцэн і ўвесь праменіцца ад шчасьця за гонар, які яму так згопалу-зьнянацку прыпадае.

— Так, ты, — кажа Лёйхтэнтрагер, але змоўчвае пры гэтым, што ён сам прапанаваў Мэланхтону дадатковага госьця; сваё на ўме маючы; апрача таго ён ведае і Лютэра й Мэланхтона, абодвух іх, адзін аднаму ім сказаць ужо няма чаго, але калі яны выбіраюцца на публіку, якая разьзяўляе рот на кожную іхнюю мудрасьць, тады ўжо іх прарывае, і яны глаголяць не раўнуючы як сьвятыя апосталы, і, такім чынам, думае Лёйхтэнтрагер, вечарына можа атрымацца бяседная.

Да вялікай гадзіны юны Айцэн выпуцаўся шыкоўна; абуў новыя боты зь мяккай скуры й чорны са шліцам каптан з чорным шаўковым падбоем і нашмальцаваў валасы, каб прыгожа блішчалі; яшчэ ён добра абмазгаваў, як яму вытыкацца зь языком, калі гаварыць дойдзе да яго: будзе пра сваіх гамбургскіх і як яны ўпадаюць за шчырым божым словам; пры гэтым потайкам думае сабе, што калі раптам сам Лютэр дабраславіць яго, гэта мусова дойдзе да гамбургскай парафіі, а пазьней, можа, і да супэрінтэндэнтуры. А Маргрыт толькі сьмяецца, гледзячы, як важна ён спускаецца па лесьвіцы, і пытаецца, ужо ці не на запіткі да маладое вышыкаваўся юны герык, а Лёйхтэнтрагер кажа, што а куды ж бо яшчэ, але толькі да нявесты нябеснай.

Перейти на страницу:

Похожие книги