Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Геру

праф. д-ру Doctor honoris causa Зігфрыду Байфусу

Інстытут навуковага атэізму

Бэрэнштрасэ 39а, 108 Берлін

German Democratik Republic

19 снежня 1979

Высокашаноўны гер калега!

Я атрымаў Вашу шматдастойную кніжку «Самыя вядомыя іудэа-хрысціянскія міфы ў святле прыродазнаўчага і гістарычнага пазнання» і прачытаў яе з вялікай цікавасцю. У многіх аспектах, асабліва там, дзе Вы ўдаяцеся ў мэты, якім на працягу доўгага часу служылі гэтыя міфы і часткова служаць яшчэ і сёння, я цалкам з Вамі згодзен. Нам, навукоўцам, вельмі залежыць змагацца з абалваньваннем масаў, якое, праўда, праз такія найноўшыя міфы, пашыраецца, выступаючы пад імем навукі, і мы павінны, наколькі можам, дзейнічаць у духу асветы.

Але дазвольце мне зрабіць і некалькі заўвагаў адносна фрагмента ў Вашай працы, якому Вы далі назву «Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда». Гэта найперш з тае прычыны, што я сам прысвяціў Агасферу — ён носіць і іншыя імёны — некалькі даследаванняў, папярэднія вынікі якіх я выклаў у прыкладзеным да пісьма перадруку з часопіса «Hebrew Historical Studies»; зроблены, бадай што, толькі крыху каструбаваты пераклад на нямецкую для Вашага прынагоднага выкарыстання, зроблены адным маім студэнтам, таксама знаходзіцца ў дадатку.

Вы пішаце, шаноўны гер калега, на стар. 17 Вашай працы: «Для светапогляду, які не прызнае ніякіх недаказаных і недаказальных рэчаў і якія паводле прынцыпаў навуковага мыслення не могуць быць прызнаныя, дапушчэнне існавання звышнатуральных істотаў (бог, сын божы, святыя і іншыя духі, гэтаксама як анёлы і чэрці) a priori немагчымае». Гэтым самым Вы катэгарызуеце і Агасфера як немагчымасць.

Каб не ставіць пад пытанне Ваш светапогляд, які Вы характарызуеце як светапогляд дыялектычнага матэрыялізму — ён несумненна мае свой мэрытум, — я хацеў бы, каб не дэталізаваць Вашыя далейшыя памылкі, па-сяброўску ўказаць на тое, што Вечны Жыд ёсць ані недаказальны, ані недаказаны. Ён існуе шматразова, трохмерна, як Вы і я, з сэрцам, лёгкімі, печанню і ўсёй трыбуховасцю, і адзінае ў ім, што можна было б акрэсліць як звышнатуральнае, гэта феномен яго надзвычайнай даўгавечнасці: ён проста не памірае. Ёсць гэта перавага ці не, я хацеў бы не абмяркоўваць; ён і сам, здаецца, па гэтым пытанні выказваўся мала альбо, можа, і зусім не выказаваўся, прынамсі, асабіста мне; падобна на тое, сваю доўгажыццёвасць ён успрымае як факт свайго жыцця, як некаторыя з нас успрымаюць крывапаласць альбо псарыяз.

Як вынікае з вышэйсказанага, я сам магу паслужыць жывым сведкам рэальна існуючага Агасфера. Яго памяць, што не ёсць дзіва ў святле і перад фактам мнагастайнасці ўражанняў, якія на працягу стагоддзяў, нават жа тысячагоддзяў маглі б зафіксавацца ў клетках яго мозгу, мае прабелы, але подзіву вартая яснасць, нават у дэталях, у асобных адрэзках яго доўгага жыцця — вы не маглі былі не чуць, як ён расказвае пра сваю сустрэчу з Ісусам Назарыцянінам, паведамленне, якому, дарэчы, я знайшоў пацвярджэнне ў апошніх расшыфроўках асобных фрагментаў Dead Sea Scrolls. Буду вельмі рады прадставіць іх у Ваша распараджэнне, як толькі яны будуць падрыхтаваныя да публікацыі.

Я спадзяюся, шаноўны гер калега, паслужыцца Вам гэтымі маімі радкамі, якія Вы пры магчымым новым выданні Вашай, як я ўжо сказаў, высока цанёнай мною кніжкі, маглі б узяць пад увагу. З гэтым застаюся, з выразам маёй найглыбейшай павагі

Ваш адданы

Ёханаан Лёйхтэнтрагер

Hebrew University

Jerusalem

Перейти на страницу:

Похожие книги