Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Айцэну не па сабе, з аднаго боку гэта прарок, які цытуецца на пэргаманце, з другога гучыць для яго блюзьнерча, і ён пытаецца ў самога сябе, кім маглі б быць тыя пастыры, якія рабуюць у сваіх жа статках, і каго прарок меў на ўвазе; але потым суцяшаецца ў думках, што гэта ж усё было даўным-даўно, і пастыры сёньняшняга дня людзі прыстойныя, яны гоняць дамоў свае статкі гаспадарам дакладным лікам, і ён успамінае пра свой крыжык, які хацеў паказаць.

Але гэты адварочваецца ад крыжыка, быццам ведае яго дастаткова й нічога да яго ня мае на ўме, зноў хавае свае скарбы ў торбачку, бярэ свайго каня і ўзмахвае ў сядло. І згары кажа юнаму Айцэну, які пасьпяшае да яго:

— Можаце пажыць у мяне ў Вітэнбэргу, геру студыёзус; у доме доктара Фрыза хапае памяшканьня, якое я ўспадкаваў, яно цяпер маё; з платай мы ўжо неяк памяркуемся, не закаштуе табе цэлага сьвету. — Прышчоўквае языком і мчыцца далей.

А Айцэн, даганяючы, думае, як яно ўсё божым промыслам разумна складваецца і ўсё сваім часам; толькі-толькі быў паспадзяваўся, што доктар Мэланхтон, да якога ён мае ліст ад цёткі, мог бы паспрыяць яму ў пошуках стала й кватэры, асабліва калі ён упішацца яму ў вучні; а так вось яно яшчэ й лепш, бо каля вялікага настаўніка й прыяцеля Лютэра пэўна ж аціраецца шмат усіх усякіх, сярод іх ёсьць і куды разумнейшыя, хай, можа, і не такія старанныя, як Паўлюс фон Айцэн з Гамбурга. І ўсё ж, думае ён, усё ж…

Але пасьля спахапляецца. Ня трэба занадта ўшывацца ў чалавечыя таемнасьці, ня трэба нават лезьці і ў душу сябра Лёйхтэнтрагера, які вунь, едзе паперадзе, якраз ў засланае хмарай вечаровае неба.

<p>Разьдзел трэйці. У якім рашуча сьцьвярджаецца, што тое, чаго не разумее школьная навука, ня можа йснаваць, нават калі яно ў жывой плоці перад вачыма</p>
Перейти на страницу:

Похожие книги