Вырвіча ажно скаланула. Эх, кругом шпегі… Гэта ж ён учора ў карчомцы, дзеля якой адклаў на дзень спатканне з Юдыцкім, сустрэў аднакурсніка родам з-пад Гуты, дый пачаў распытваць пра Гутаўскі кляштар, і ці ёсцека там прыгожыя мнішкі. Гаворка пасля пары-тройкі куфляў зрабілася куртуазнай і гучнай, перацякла ў другую карчомку, потым у трэцюю… Сябрук гучна абвяшчаў, што ягоны таварыш пан Пранціш Вырвіч — самы што ні на ёсць дабрадзейны і збіраецца ў паломніцтва… Карацей, Пранціш цьмяна памятаў падрабязнасці. Так што цяпер уся Вільня тэарэтычна магла ведаць, што драгун Пранціш Вырвіч збіраецца ў Гуту.
Юдыцкі паклаў відэлец, павольна перажагнаўся.
— Рэдка, рэдка сярод моладзі сустрэнеш такую ўхвальную пабожнасць.
Пранціш сціпла апусціў вочы, успомніўшы, як у карчомцы яны крычалі, што трэба ратаваць манашак, і якім чынам гэта належыць рабіць. Ці шпегі данеслі Юдыцкаму ўсё недакладна, альбо сам суддзя хітрыў, але Вырвіч пастараўся надаць твару выраз патрэбнай ступені пабожнасці.
— Хачу з панам Вырвічам параіцца, — мякка сцяліў суддзя. — Ёсць у мяне далёкі сваяк… Хварэе, небарака, пасля перанесеных няшчасцяў, і не толькі цялесна, але і, так бы мовіць, разумова. Няшчасце адно блізкім назіраць за ягонымі пакутамі. Адзінае выйсце — цуд Божы… Таму і вырашылі мы адвезці яго напачатку ў Менск, да цудатворнага абраза Маці Божай, з’яўленага на беразе Свіслачы і пісанага апосталам Лукою. Вы ж, пан Вырвіч, праваслаўны, гэты абраз таксама шануеце?
Пранціш старанна заківаў галавою. З якога перапуду везці хворага на галаву з Вільні ў Менск, прамінаючы іншыя святыні? Для старца міля не круг? Юдыцкі задаволіўся маўклівай згодай слухача і працягваў:
— А тады і ў Гутаўскі кляштар, дзе зараз захоўваецца дзясніца святога Лукініяна. Таму як пачуў пра намеры васпана, палічыў гэта знакам Божым. З Божай дапамогай сваяка майго перастрэнуць і давязуць да рымскага прастолу, дзе, магчыма, пан і будзе ацэлены. Але карэту трэба суправадзіць. А дзе знайсці надзейнага чалавека, які гэта зробіць? Апекуны хворага гатовыя такому заплаціць дзвесце дукатаў.
Вырвічу ажно дух заняло. Менавіта за дзвесце дукатаў Лёднік калісьці і запрадаў сябе ў рабства — запазычыўшыся на рэдкія інгрэдыенты для здабывання філасофскага каменю. Пасля гэтыя грошы князь Багінскі ахвяраваў Лёдніку, каб той выкупіў сябе на волю і ў падзяку палез разам з Саламеяй у полацкія сутарэнні, здабываць рэліквію для будучага караля. Якім, вядома, павінен быў стаць Міхал Багінскі. За дзвесце дукатаў многа можна купіць! Гэта два гадавыя заробкі падхаружага Вырвіча!
— Думаецца, які —небудзь малады драгун мог бы і ўзяцца, — задумліва прамовіў Пранціш. — Плата някепская… Толькі…
Юдыцкі, які звык аrgenteis hastis pugnare, змагацца срэбнымі дзідамі, па-свойму растлумачыў ваганні маладога госця і дадаў:
— Прабачце, ваша мосць, маю някемнасць… Вядома, мне трэба было адразу назваць плату ў трыста дукатаў!
Вырвіч няпэўна хмыкнуў, спрабуючы схаваць узрушэнне. І мімаволі прыпомніў папярэджанне Лёдніка, што самы смачны кавалачак сала гаспадар кладзе ў пастку. Успамін пра доктара тут жа матэрыялізаваўся, бо Юдыцкі зноў лісліва ўсміхнуўся бледнымі адтапыранымі вуснамі, словы яго ліліся, як мёд на заручынах непрыгожай старой дзеўкі:
— Ваш камандзір ацэніць, калі выканаеце гэтую справу, дарагі пан Вырвіч, магчыма, і наконт вашага павышэння па службе справа зрушыцца. Але вось незадача… Для суправаджэння хворага патрэбны не толькі вой, але і доктар. І самы таленавіты. Вось бы такі майстар, як ваш сябар, прафесар Лёднік! Для яго была б і цікавая практыка, і ганарар шчодры! Але, выбачайце, я разумею, што гэта немагчыма, прафесар заняты, да таго ж, не дужа прыслухоўваецца да маладзейшых… — Юдыцкі перабольшана сумна ўздыхнуў. — Наўрад пан Вырвіч мае на яго цяпер нейкі ўплыў. Не думаю, што доктар — а ён цяпер такая важная персона — згадзіўся б паехаць з панам Вырвічам, простым драгунам, у Гуту.
Вырвіч раздражнёна прыкусіў губу. Юдыцкі што, лічыць, быццам сын полацкага гарбара цяпер настолькі ўзняўся над нашчадкам Палямона?
— Вось яна, сваволя Фартуны… — пацягваў Юдыцкі, робячы выгляд, што не заўважае перайманняў госця. — Учорашні слуга сёння камандуе сваім панам… Хаця, між намі кажучы, — голас Юдыцкага зрабіўся агідна-змоўніцкім, — зараз шаноўнаму прафесару лепей за ўсё таксама на час з’ехаць з Вільні. Пасля ягонага вельмі смелага дакладу.