Вось гад, здзекуецца — ведае дакладна, што Лёднік і быў тым Айсманам, і сапраўды адрамантаваў ляльку па імені Пандора, атрыманую ў спадчыну ад вялікага гетмана Міхала Казіміра Рыбанькі... Вось толькі лэдзі Кларэнс забілі зусім іншыя людзі... I ці не тыя, ад каго ў паскудніка дэ Варда гэтыя звесткі? I ці не прысутнічае Пранціш у якасці міжвольнага памагатага пры тым, як зашчоўкваецца хітра і доўга ладжаная пастка на адмысловага, але надта натурыстага майстра, лекара ды знаўцы навук таемных Баўтрамея Лёдніка? Барон не хаваў задавальнення:
— Што ж, месье Лёднік, не хочаце заставацца на баку гаспадароў — калі ласка, у рабы! Напішаце жонцы ліст, што адпраўляецеся заўтра на Яву... Шэвалье дэ Перэс, пацвердзіце пасля гэта.
Чарнявы шчуплы пан у вялізным парыку — галава як дзьмухавец — коратка пакланіўся. Пранціш успомніў, што нейкі доктар Перэс сапраўды мусіў раніцай адплываць у экспедыцыю.
— Вы знікнеце для ўсяго свету. Страціце імя і аблічча. Мы будзем называць вас... Як?
— Ды ён да Скарамуша падобны! — выгукнуў пагардліва шчакасты пан у раскошна вышытым камзоле — здаецца, банкір з Манпелье?
Вырвіч, каб у другіх абставінах, хіхікнуў бы — сапраўды, персанаж мясцовага тэатра масак Скарамуш, худзючы, насаты, чарнявы, задзірысты ваяка, на якога сыпаліся бясконцыя кухталі ды палачныя ўдары, страшэнна нагадваў полацкага Фаўста.
— Ну вось, месье Лёднік, як Скарамуш, вы назаўсёды застанецеся ў гэтым доме. А ваша сям’я, разам з нахабным маладым чалавекам, будзе мірна вас чакаць, потым забудзецца на збеглага мужа і бацьку... Затое шаноўны доктар захавае свае прынцыпы.
Лёднік упарта сціснуў вусны. Пранціш памятаў, як калісьці, калі доктар адмовіўся ад магіі, алхіміі і астралогіі, ягоны крэдытор пан Агалінскі цэлы год не мог ніякімі бізунамі і кухталямі змусіць неслухмянага раба складаць гараскопы.
— Я згодны. Толькі адпусціце хлапца і не чапайце маю сям’ю.
— Тады вы павінны самі вырашыць свой лёс. Здзелка мусіць быць сумленнай!
Па знаку барона звераваты слуга ў чорным балахоне з нашытымі залатымі змеямі з галовамі пеўняў паднёс Баўтрамею просты драўляны куфэрак.
— Ну, смялей, Скарамуш! — весяліўся барон, людзі ў зале ажно выцягнулі шыі, назіраючы драматычнае відовішча, як у тэатры.
Лёднік адкінуў накрыўку і на імгненне застыў. У куфэрку ляжаў разамкнуты жалезны ашыйнік.
— Можа, усё-ткі лепей — вялікія грошы, слава, тытул баранета, цікавыя навуковыя доследы, шыкоўныя ўборы для гожай жонкі і бліскучая адукацыя для дзетак? — мякка папытаўся дэ Вард. Пранціш замыкаў, як мог, заварушыўся, хоць сам не ведаў, што ў такой сітуацыі падказаць. У цёмных вачах Лёдніка мільгануў жах — Вырвіч ведаў, наколькі доктар, пабыўшы ўжо рабом, цаніў волю, — але рукі ягоныя не дрыжэлі, калі ён узяў з куфэрка ашыйнік і зашчоўкнуў яго на сваёй шыі.
А далей зноў карцінка перад вачыма драгуна знікла, і пачалася выратавальная цемра, нігрэда, якое здаецца бясконцым, у якім только горыч ды гніенне.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
Як Пранціш Сарацынам зрабіўся
Кажуць, што язмін прынесла на зямлю багіня Афіна... I надае ён мудрасці. Праўда, калі герцаг Тасканы, якому належаў адзіны ў Італіі куст язміну, забараніў прадаваць яго парасткі, садоўнік закахаўся і... куды тая мудрасць ды асцярога дзяюцца, калі закахаешся? I ззяюць цяпер сузор’і белых кветачак па ўсіх гародчыках свету...
Пранціш Вырвіч, аднак, адчуваў, што больш язмінавы куст з вохкімі кветкамі не выкліча ў яго рамантычных пачуццяў. Пранціша Вырвіча ванітавала.
Ці ад зелля з язмінавым пахам, ці ад таго, што ўспомніў.
Саламея клапатліва абцерла драгуну, які ледзь прыўзняўся з падлогі, твар мокрай анучкай і падхапіла пад руку.
— Паспрабуйце ўстаць, пан Вырвіч... Што, так кепска вам?
— Кепска? Мне? — Пранціш сплюнуў на падлогу і горка, страшна засмяяўся. — У параўнанні з нашым мудрым Бутрымам — я проста ўладальнік папараць-кветкі! На зоры, халера, ён глядзіць з палубы... Па джунглях гуляе...
Арыстоцеля звычайная гетэра змусіла вазіць яе на спіне — мудрасць бяссільная перад чалавечымі слабасцямі. Пранціш, хапаючыся за збалелую галаву, хадзіў туды-сюды перад уражанымі слухачамі.
— Так што ўсе гэтыя цуд-аперацыі за Бяскоўскага робіць Лёднік. На ўсялякі выпадак — раптам пацыент ачомаецца — змушаюць яго захутвацца да вачэй... А вось колер яго воч не памяняеш. Упэўнены, што й тое вынаходніцтва з падкаленнай анеўрызмай ён сваім гаспадарам аддаў.
— А я думаў, чаго гэта раптоўныя пробліскі генія ва ўсялякіх няздараў! — з горыччу прамовіў Жылібер. — На тым тыдні яшчэ адзін, гэткі доктар Баландзоне з камедыі масак, парадаваў дакладам пра асаблівасці крывацёку. Таксама з Таварыства прагрэсіўных нягоднікаў...
— I ў нас дэкан факультэта хваліўся, што ў Таварыстве прагрэсіўнай медыцыны пра новае ўжыванне аканіту даклад будуць рабіць, і яго запрасілі паслухаць, — ціха дадаў будучы фармацэўт Давыд Ляйбовіч, бледны прыгорблены юнак з вечна здзіўленымі цёмнымі вачыма — ён увогуле гаварыў усё ціха, нібыта ўслухоўваўся ва ўласныя словы. — А я ведаю, што доктар Лёднік яшчэ ў Полацку пра аканіт артыкул напісаў.