— Загінуць у бойцы за свайго сюзерэна — гэта доўг шляхціца! — павучальна сказаў пан Агалінскі.—І няма чаго дакараць прыўкрасных дам за тое, што яны карыстаюцца, чым Гасподзь надзяліў іх на нашую радасць і пагібель. Піў і буду піць з туфліка прыўкрасных дам, нашых галантных забойцаў! Вось аднойчы ў Нясвіжы на Масленіцу мы выпілі з бота пана Караля за ягоную фартуну — і няхай ягоная мосць пан Караль усю скуру з мяне заслужана злупіць за непавагу, але з туфліка… з маленечкага, расшытага золатам туфліка піць нашмат прыемней!
Пан Агалінскі таксама адпіў грогу і ўсміхнуўся бахусавым сваім успамінам.
— Калісьці я чытаў працы Андрэя Белаблоцкага, вучонага шляхціца і паэта, якога паклікаў у Маскву Сімяон Полацкі — адукоўваць тамтэйшы люд, незнаёмы ні з вершаскладаннем, ні з сучасным любамудрыем, — умяшаўся ментар-Лёднік. — Вядома, тады мяне найперш цікавіў трактат «Вялікая і найдзіўнейшая навука Богам высвечанага настаўніка Райманда Лулія». Лулій — вось хто золата варыў лёгка, як гаспадыня гарбузовую кашу… Але прачытаў я і «Пентатэўгум, альбо пяць кніг кароткіх пра чатыры рэчы апошнія, пра мітусню і жыццё чалавека». Там чуецца нашая беларуская мова, а ў аснове — творы нямецкіх паэтаў.
Блакітныя вочы панны Багінскай блішчэлі, як два сапфіры, ачышчаныя алхімікам да нябёснай празрыстай сінізны.
— Дакараеце дам за тое, што за іх кроў праліваецца? Бядуеце аб зняволенні пані Саламеі? А расказвалі вам пра лёс няшчаснай графіні Бельведэрскай? Яна надакучыла свайму мужу, таго намовіла палюбоўніца — і граф абвінаваціў няшчасную кабету ў здрадзе, і яна ўжо гадоў сем сядзіць пад замком. Ёй не дазваляюць бачыцца з дзецьмі, абкружылі самымі грубымі слугамі. Усе ведаюць, што графіня ні ў чым не вінаватая, усе бачаць, як яе муж жыве з іншымі кабетамі, але ніхто дапамагчы і не можа, і не спрабуе. А няшчасная Гальшка Астрожская! — на шчоках Паланэйкі ажно плямы гарэлі. — Яна засталася багатай спадчынніцай, за яе сварыліся жаніхі… Абвянчалася па каханні з Дзмітрыем Сангушкам — іх дагналі, Сангушку на яе вачах акрутна забілі… А потым няшчасную дзяўчыну проста кралі адно ў аднаго, пакуль прызначаны каралём жаніх, стары і сквапны, не ўзяў прыступам кляштар, дзе яна з маці хавалася, сілком з ёй ажаніўся… А калі небарака не захацела выявіць да нежаданага мужа любові — проста замкнуў яе на васемнаццаць гадоў у пакоі свайго замку, і нават слугам размаўляць з ёю забараніў. І дзядзька панны, вялікі гетман Канстанцін Астрожскі, рады не даў. А што ягоная мосць князь Геранім Радзівіл са сваймі жонкамі вытвараў! Тарэзу Сапегу ледзь бацька вызваліў, Магдалена Чапская сама да маці збегла, Анжаліку Мянчынскую брат, рызыкуючы жыццём, выкраў… У бяспраўных істотаў свае сродкі супраціву, панове. Я дасканала ўмею прыкідвацца, ліслівіць, інтрыгаваць, — Багінская нявесела пасміхнулася. — Я буду вельмі добрай жонкай. Думаеце, я не ведаю, што мяне чакае на радзіме? Я такі ж «прыз», як няшчасная Гальшка. Таго, хто ўхопіць мяне «не па рангу», чакае самая вартая жалю доля.
Пранціш і Амерыканец спахмурнелі, як восеньскі дзень.
— А мой жаніх… — панна Багінская тужліва глядзела, як уздымаюцца і рушацца ў каміне вогненныя вежы. — Магу спадзявацца толькі, што ён не будзе надта жорсткім. І не надта хітрым. І вяртацца цяпер… Пасля ўсяго перажытага… — Багінская ажно прастагнала скрозь зубы. — А падарожжа — хто ведае, што я была ў гэтым падарожжы? Па афіцыйнай версіі — я ў Гутаўскім кляштары бернардзінак, дарэчы, там жа, дзе пані Саламея Лёднік. Там і праўда цяпер сядзіць панна Паланэя Багінская, грахі адмольвае… Толькі цемнавокая і ціхмяная, як малако ў кубку.
Доктар ад згадкі пра жонку прыжмурыўся, як ад болю.
— Няўжо вашамосць паслала заміж сябе ў кляштар тую вашую камерыстку, як яе, Ганульку? — удавана абыякава прамовіў Пранціш, у якога ажно сэрца заходзілася ад безнадзейнасці, гневу і тугі.
— Менавіта! — жорстка ўсміхнулася Паланэйка. — Яна ж так закахалася ў вашу мосць, пан Вырвіч. Толькі вамі і трызніла. Ледзь да нярвовай гарачкі сябе не давяла. Адмовілася, між іншым, ад выгаднага шлюбу — адзін юрыста яе быў упадабаў. А я б дала варты яе становішча пасаг. Але для вас, пан Вырвіч, мая бедная Ганулька — занадта дробная птушка, ці не так?
Пранціш адвёў вочы. Ён і праўда не звяртаў асаблівай увагі на прыслугу княжны Багінскай — хоць і шляхцянка, і гожая, і ціхмяная. Але — хто ж згінаецца, каб сарваць маргарытку ля куста ружаў, калі вось яна перад вачыма — прыўкрасная, яркая ружа, няхай і калючая…
— Вось вас, пан Лёднік, муж вучоны, вой адважны, маг магутны, што найбольш абурае — што лэдзі Кларэнс такая нераскаяная грэшніца была, альбо што выбірала, вырашала, змушала — яна, жанчына, смелая, прыгожая і незалежная? Узяла вас, як цацку, пакарысталася — і адправіла з належнай платай, — Паланэйка дзёрзка чакала адказу.