Бутрым нарэшце ўсміхаўся — ягоны худы твар, на якім троху паглыбіліся за апошнія пару гадоў зморшчыны, усё яшчэ быў тварам моцнага разумнага чалавека, беларуса, які будзе ўставаць, як трыпутнік у каляіне, і рабіць сваю справу на гэтай зямлі.
— Ого, вашамосць пан Вырвіч, я і не ведаў, што ў вас такая падзея! — ажывіўся Давыд.
Пранціш зачырванеўся. Водгукі на ягоны опус пакуль былі. розныя. Адны казалі — занадта змрочна, другія — занадта сентыментальна. Асобны раздзел, у якім Пранціш змясціў вершы на народнай гаворцы, увогуле выклікаў у некаторых шаленства. Тым не менш паэт палез у кішэню і дастаў зялёную кніжыцу.
— Трымай, Бутрым. Толькі не здзекуйся.
Доктар беражліва, як найвялікшую каштоўнасць, пагартаў.
— «Згукі пекныя з Падняводдзя». Ого, нават паэма ёсць — «Прыгоды ліцвінскага Адысея».
Лёс для таго, хто вярнуўся з прайгранай вайны —
Толькі забыцца, як сталі з муроў — валуны.
Воя старога баяцца, бы смерць за плячмі
Носіць, як горб. Цені смерці ў яго пад вачмі.
Кажуць, ён доўга занадта па костках хадзіў,
Піў з чарапоў і на споведзі неяк схлусіў.
Воя старога не любяць пускаць у дамы.
Ён не ўсміхаецца, вечна маўчыць, як нямы.
Колькі ні просяць расповедаў з дзён баявых —
Вечна ў адказ толькі сумны, як могілкі, ўздых.
Гэткі сусед нам дастаўся. Маёнтак ачах.
Лётаюць чорныя цмокі туды па начах.
Белыя вершнікі носяць туды туманы.
Кажуць суседзі: няхай не прыйшоў бы з вайны.
А па начах над стамлёным схіляецца Бог:
«Ты перамог. Ты вярнуўся, і ты перамог».
Гэта ты пра мяне ці пра сябе?
Вырвіч адвёў вочы.
— Ды так, сімвалічна.
Полацкі Фаўст паклаў кніжыцу ў кішэню.
— Дзякую, Вырвіч. Гэта — тое, што не забудзецца. Гэта, магчыма, больш важна, чым усе навуковыя артыкулы.
Беларускае сонца залаціла чарапічныя дахі і саламяныя стрэхі, лахманы і жупаны аднолькавай пазалотай.
— Дык што, дзядзька Бутрым, зладзіш паветраную містэрыю?
У цёмных вачах Лёдніка бліснуў такі знаёмы агонь:
— Зладжу. Якраз нагода праверыць некалькі цікавых навуковых ідэек.
І ўсім трэба было жыць далей. Як жыла Беларусь.
Лучших из лучших призывает Ладожский РљРЅСЏР·ь в свою дружину. Р
Владимира Алексеевна Кириллова , Дмитрий Сергеевич Ермаков , Игорь Михайлович Распопов , Ольга Григорьева , Эстрильда Михайловна Горелова , Юрий Павлович Плашевский
Фантастика / Проза / Историческая проза / Славянское фэнтези / Социально-психологическая фантастика / Фэнтези / Геология и география