— Ды ў цябе, аказваецца, яшчэ больш нешта. I гэта надзвычайна важнае: пасьля таго, што ты бачыш, ты навучыўся бачанае аналiзаваць, па костачках разьбiраць. А гэта, трэба прызнацца, ужо нямногiм людзям дадзена. Бо, ясна, кажуць, што кажны чалавек разважае. Ну што-ж, яно-ж так… Але… I гэта вялiкае «але»: разважаць i разважаць — гэта дзьве розныя вялiчынi. Адзiн, i гэта адносiцца да бальшынi людзей, — мерыць усё на сваю мерку, цi, iнакш гаворачы, на свой капыл. У цябе, дзякуй Богу, гэтага недахопу няма. Бо гэта, — што тут будзем скрываць? — мерка на свой капыл ёсьць адсутнасьцю аб'ектыўнасьцi. Адныя людзi толькi бачаныя пераказваюць, iншыя-ж разважаюць, але толькi са сваей суб'ектыўнай пазыцыi. Гэткае разважаньне зламаны грош варта. Яно ня прыводзяць да правiльных выснаваў. У цябе, я бачу, выступае самае найлепшае, бо намагаешся разважаць аб'ектыўна, а гэта ўжо больш, чым у iншых.
— Ня ведаю якiя там настаўнiкi былi ў цябе ў вiленскай гiмназii. Зрэшты, ты там коратка быў. Мусiць, на цябе найбольшы ўплыў зрабiў наш мясцовы, — дай Бог яму здароўя, — гiсторык Сабалеўскi. I яшчо, ведаючы, што ты начытаўся многа й нешта пiшаш, дык ты, магчыма, прыдбаў гэту аграмадную цэннасьць аб'ектыўнага разважаньня сам сваймi намаганьнямi. Як-бы там нi было, выслухаўшы цябе ўважна, як толькi мог сьцьвярджаю гэты факт зь вялiкiм задавальненьнем. Ня думай, што я стараюся цябе пахвалiць. Нашто гэта? Я проста сьцьвярджаю гэты факт, вельмi й надта пазытыўны. Цяпер-жа, калi можна, затрымацца над тваймi думкамi, асаблiва тымi, як ты выказаўся, што прыйшлi табе ў галаву калi ты назiраў прысягу камандзераў Беларускай Самааховы на Пляцы Волi, а пасьля слухаў прэзыдэнта Астроўскага…
Падгайскi затрымаўся, стануў пасярод кухнi, прыглядаўся Януку, нешта доўга думаў.
— Можа вып'еш чарку? — раптам спытаў Бахмача.
Янук ня ведаў, што адказаць.
— Я, самi ведаеце, амаль нiколi ня пiў, але… можа пры такой нагодзе: першы раз на волi пасьля чатырох месяцаў катушка… Можа й вып'ю…
— Вось, вось яно, — падтрымаў Падгайскi, — вып'ем за тваю волю, цi лепш сказаць, вызваленьне. Ты прабач, што я табе раней выпiць не пасулiў, але гэта я з прычыны. Вiдзiш, ты згаладалы, дык на пусты жывот гарэлка шкодзiць. А цяперака, пасьля таго, як ты чарвяка першага замарыў, то можыш. Ды яшчо, братка, вазьмi й добра закусi. Гэта табе на здароўе пойдзiць.
Пасьля такое прамовы гаспадар выняў з шафкi шнапс i напоўнiў дзьве чаркi.
— Прызнаюся табе, што ў мяне ёсьць i другая прычына, каб ты выпiў, сказаў аграном.
Янук зiрнуў на яго зь цiкавасьцю.
— А гэта тое, што як ты сказаў, у вагоне цябе скразьняк праняў. Дык шнапс — гэта добры лек. Ня турбуйся. Вып'ем па чарцы, дам табе яшчэ й другую. Гэта табе на карысьць толька пойдзiць. Вось так. Значыцца, за тваё вызваленьне! — завяршыў аграном сваю прамову.
— Дзякую. За маё вызваленьне! — усклiкнуў весела Янук i адным глытком выпiў рудую вадкасьць.
— А цяперака адразу другую чарку, — налiў зноў Падгайскi. — Гэту прапаную за тваё здароўе.
Пасьля другой чаркi Янук спынiўся. Рэзкi пах гарэлкi зрабiў немалую сэнсацыю ў няпрывыклым да яе юнаковым носе, а цяпер суцэльным прыемным цяплом разьлiўся па ўсiм жываце.
— Бяры, братка, адразу закусвай, — спанукаў аграном, падсоўваючы да юнака тарэлку з вяндлiнай, сырам i хлебам. — Бяры, ня бойся, братка.
— Дзякую, дзякую, спадар Падгайскi. Вы за мной лепш глядзiцё, чымся некалi родная матка. Я да такой ласкi анiяк ня прывык, — гаварыў хлапец, бяручы мяса.
I далей, прадаўжалася, цiкавая гутарка. Адно Янук пасьля дзьвёх чарак куды пасьмялеў, пажвавеў ягоны язык. I запраўды шнапс падзеяў векльмi дадатна на ягоны настрой. Хоць i сьцiплай колькасьцi, ён сагрэў юнацкае цела, што амаль нiколi, за выключэньнем дрэннага вiленскага пiва, ня мела магчымасьцi пазнаёмiцца з алькаголем.
— Дык вось, прадаўжаем. Гэта я ўжо на тэму тваiх выснаваў, якiя як ты мне апавядаў, зрабiў ты на Пляцы Волi, — пачаў зноў аграном. — Прызнацца табе, я тут крышку зграшу, што ня буду скромным у сваей ацэне гэных тваiх выснаваў. Што-ж, прызнаюся табе, я iмi захоплены. Глыбiня думкi, абгрунтаванасьць. Ды гэта яшчо ня ўсё. Твае выражэньнi, параўнаньне дзьвюх, варожых нам, сiлаў да нейкiх машынаў цi сячкарняў, тых, што падпарадкоўваюцца толькi аднаму прыроднаму элемэнту — сiле. Вось гэта нешта! I гэта ўсё я чую з тваiх маладых, высушаных гэтымi бандытамi, вуснаў… Гэта, братка, на твае гады надта, надта многа!