Iзь зьмешаннымi пачуцьцямi йшоў Янук з Пляцу Волi. Зайшоўся ў рэдакцыю «Беларускай Газэты», дзе пастукаў у зачыненыя дзьверы. Сьвята. Шкада. Ад апошняга разу, калi ў iх быў i атрымаў колькi марак, больш нiчога не атрымлiваў. А цяпер яму, слабому й худому, нейкiя грошы вось як памаглi-бы. Вечарам, пасьля доўгага чаканьня, Бахмач ад'ехаў цягнiком зь Менску.
35
Стук у дзьверы хаты Падгайскага ня выклiкаў нiякага водгуку й Бахмач пачаў разважаць цi пайсьцi дадому нацянькi праз пушчу, цi лепш гасьцiнцам. Зьлез зь цягнiка вельмi галодны й наважыў забегчыся да агранома, каб есьцi папрасiць. Балазе, ноччу, перамагаючы розныя нявыгады, нядрэнна выспаўся, навет пра бурклiвы страўнiк забыўся. Праўда дакучалi вошы, i iх, у вязьнiцы нажытых, трэба будзе пазбыцца адразу, дахаты вярнуўшыся. Крышку ў цягнiку скразьняк дзесьцi iз шчылiны прабраў. Каб, ня дай Божа, якая трасца-хвароба на хрыбет ня ўзьлезла!
Вылезшы зь цягнiка, доўга прыглядаўся, як жаўнеры, быццам мурашкi шнуравалi ля мясцовай кухнi. У носе казытаў запах нейкай эрзац-кафэ, маргарыны, чорнага хлеба, мармаляды. З лакомасьцю пазiраў у той, на хуткую руку да будынку вакзалу дабудаваны драўляны трысьцен, куды войска на «фрыштык» сьпяшыла. Там недзе, — прыгадаў Янук, — Марыя Iванаўна, калi нiчога нязвычайнага зь ёю не здарылася, пры працы пыхцела. Пiсала Дуня яму яшчэ ў Вiльню, што «гэны абiбок у партызаны пайшоў, каб яго трасца!» Гэта яна пра Януковага сваяка Ўладзiмера. Якая гаручка яго, дурня, туды панесла? Кажуць, што яблыка далёка ад яблынi не адкоцiцца. Ваўка ў лес цягне. Узгадаваны ў савецкiм духу юнак так i астаўся лёяльны атруце, яму змалку ўложанай. Што зробiш… Што з Марыяй Iванаўнай? Як гэта гаротнiца, сама-самюсенькая цяпер церпiць? А можа яе немцы за сына пакаралi? Варта было-б да яе зайсьцiся. А цi мае яна што есьцi? Можа й ёсьць якiя нямецкiя, прывалочаныя з кухнi, аб'едкi… Не, Янук, цяпер уздужэлы сьвежым паветрам, адразу цэлага барана зьеў-бы. Няпераможная маладосьць свайго дамагаецца. Лепш да Марыi Iванаўны ня йсьцi. Калi ўсё ў парадку дык яна напэўна на працы. А калi не… Лепш пайсьцi да Падгайскага. Гэта надзвычайны чалавек, ён, пэўне-ж, дома а харчоў у яго заўсёды ўволю.
Але чаму-ж ён дзьвярэй не адчыняе? Рашчараваны хлапец раптам прыгадаў, што чалавек можа быць дзесьцi працай заняты. Дзень удаўся, як золата: адлiжны, пагодны. Глядзi, неўзабаве жаўранкi над польнымi праталiнамi зазьвiняць. Цудоўная вясна наперадзе. I ў такi час у агранома працы столькi, што не пакладай рук.
Знайшоў яго Янук у цяплярнi мiж кучаў кампосту, ускапанай зямлi. З памочнiцамi. Дзьве жанчыны, якiх Янук ня ведаў, корпалiся пры нарыхтоўцы глебы. У гэным сэктары цяплярнi, дзе ня было зусiм зеленi, аграном, вiдаць, манiўся сеяць нейкую расаду. Янук увайшоў праз шырака рашчыненыя дзьверы, разглядаўся. Ягоную ўвагу зьвярнулi пышныя кветкi ў вазонiцах на сонцы. Каму аграном цяпер прадаваў гэтыя вазоны? Падгайскi, абапёршыся на вiлы, якiмi перакопваў чорную глебу, спынiў працу. На твары ягоным зьявiлася няўцямнасьць.
— Янук? — спытаў ён iз сумлевам у голасе.
— Памажы, Божа, у працы! — адказаў, як мага бойка, юнак.
— Дзякую, дзякую, браток, — распрамянiўся аграномаў твар. У кашулi бязрукаўцы, твар рыжай шчацiнай аброслы, мускулiстыя рукi, аграном зьзяў радасьцю й сiлай.
— Яй-Богу нi пазнаў! А Госпадзе мой, цi ты, юнак, вiдзiў, як ты выглядаеш? Скура ды косьцi. От шэльмы, гэтак хлапца высушыць! I абстрыглi-ж, баньдзюгi! Але чаго гэта я языком траплю? Ты толька цяпер зь цягнiка? Калi так, дык ты пэўне страшна галодны… Хадзi, братка, хадзi, дарагi мой госьцiк. Вялiкую радасьць прынёс ты мне ў хату. Хадзi, брацец, зараз мы цябе падлечым.
Гэтак гаворачы, Кастусь Падгайскi аж да болю сьцiснуў Янукову далоню, прытулiў хлопца да сябе.
— Братка дарагi, як я рад цябе бачыць! Хадзi-ж, хадзi!
Нейкай паўгадзiны пазьней Янук сядзеў за шчодра харчамi застаўленым сталом. Галоўнае месца на iм заняла сьвежа сьпечаная яечня, побач яе вяндлiна, розная квашаная гароднiна, малако, сыр, мёд, хлеб. Аж у галаве ў хлапца ад запаху харчоў закруцiлася.
— Не, не, не гавары, перш добра пад'еш. Еш, братка, пасьля пагаворым, мне свае прыгоды раскажаш. Цяпер, як кажуць, чарвяка замары. Гэта-ж падумаць, шэльмы, што з хлапца зрабiлi! Ах нягоднiкi, каб вы прапалi!
Сам аграном, прысеўшы зь Януком, толькi прыкiдваўся, што есьць, адно трымаў сяброўства.
— Бяры, братка, вяндлiны паспрабуй. Яшчо, яшчо. Бяры памiдоры квашаныя. Цяпер табе ўсякiя вiтамiны трэба. Яшчо хлеба бяры, сыр, мёд, пасьля малака добра напiся. Нi стыдайся, нi бядуй, у мяне ўсяго хапаiць.
Спанукаць юнака ня трэба было. Пабыўшы «у людзях», — як пасьля любiў жартаваць, — ён пазбыўся ведамай вясовай сарамлiвасьцi. Дзякаваў i еў. I наеўшыся зноў дзякаваў.
— Ня дзякавай, а бяры во яшчо, — спанукаў Падгайскi.
— Дзякую, ужо больш не магу, яй Богу!
— Ну добра. Калi ўжо так, то нiхай сабе. Цяпер апавядай, — зiрнуў глыбака Януку ў вочы аграном.
— Што апавядаць? Перш можа скажыце, як там мае, як Дуня?