А хто гэныя людзi ў чорным? Патрыёты, цi пазадкi? Чым матывавалiся яны, калi йшлi на службу? Няўжо-ж адным патрыятызмам? Якi гэта патрыятызм? На Янукоў юнацкi, да чырвана, здавалася, распалены патрыятызм гэныя тучненькiя «обэрмэншы»-таптуны халоднай вады лiнулi. Праўда, тлела ў сэрцы iскра. А вунь, мiж афiцэраў на Пляцы Волi спасьцярог Янук i высокага, стройнага, прыкладна-вытрыманага ў рухах маёра Чмяля. Твар яго спакойны, самазадаволены, жэсты вывучаныя. Сямейка ягоная на Пляцы Волi сабралася. Гаспадар паклiкаў. Як выглядаў гэты маёр Чмель, калi громам абрушыўся ў сваiм бюро на Лявона Загорнага, пагражаючы яго арыштаваць, калi той прыйшоў помачы Бахмачу шукаць? Зiрнi, якi ён паслухмяны-гiбкi перад гаспадаром. Што гэта за чалавек? Цi можна яму даверыць свой лёс, як камандзеру, якi павёў-бы цябе на змаганьне на сьмерць i жыцьцё з ворагам? Цi дзялiў-бы ён з табой гразь i золь у вакопах, цi перавязаў-бы табе рану, цi падаў-бы табе мiску гарачае стравы, цi спатолiў-бы цябе цёплым словам?
Парываньнi, натхненьне, патрыятызм… Яны можа яшчэ былi, але агiдны сьвет няволi, у якiм Янук амаль не загiнуў з голаду й хваробы, узброiў, насьцярожыў, пасеяў недавер да раней высокiх, у юнацкiм уяўленьнi беззаганных аўтарытэтаў. Яшчэ аставалася вера, хоць i яе разьядаюць сумлевы…
Калi гэта, што маладому Януку давялося спазнаць, пабачыць, пачуць, рэальнасьць, дык чым тады займаецца Бог? Чаму народ, якi даў сьвету Сьвятую Афрасiньню Прадславу Полацкую, Сьвятога Кiрылу Тураўскага, Скарыну, Дастаеўскага, Калiноўскага, Багдановiча, Купалу й шмат iншых выдатных людзей, чаму народ, якi амаль зьлiўся з прыродай i нiкому крыўды не рабiў, пакiнуты сiламi нябеснымi на зьдзек i глум iншых? Чаму тапталi яго ўсе, як той прыказачны гарох пры дарозе?
Побач касьцёл. На яго дзьвярох, зьедзеныя непагодай, парваныя ветрам, шматкi паперы. Ледзь разьбярэш:
Калiшнi Генэральны Iнспэктар Беларускiх Школаў. Родная школа — вялiкая кузьня беларускасьцi, аграмадная работа для вялiкага чалавека. Чалавека зь вялiкай лiтары. Гаротнiка-апостала, што пехатой прывалокся дзесь з Варшавы тады, як яшчэ курылi руiны спаленых гарадоў… каб «будаваць беларускi дом». Мусiць з занадта вялiкiм размахам браўся будаваць. Вырас, узмужнеў, народным, нявыгадным для акупанта аўтарытэтам стаўся. Молах загадаў яго прыбраць. У руках латыскiх забойцаў-эсдэкаў, сваякоў калiшнiх бальшавiцкiх стралкоў, цi ня ў Рызе ахвярнае й пакутнае жыцьцё скончыў. Гэта рэальнасьць.
Колька можна вырасьцi за чатыры месяцы? Цi льга аж на столькi перайначыцца, каб запярэчыць самому сабе, ранейшаму? Выглядае, што так. Юнак у шэрай, паўсуконнай сьвiтцы, бледны, слабы, худы, што цяпер стаiць пры дзьвярох касьцёлу на Пляцы Волi й прыглядаецца войску, ведае горыч рашчараваньня, безнадзейнасьць няволi, пагрозу цёмнае пропасьцi, што магла праглынуць яго ў нябыт. Вытрымаў. Цяжка сказаць, як гэта ўсё адаб'ецца на ягонай душы: цi прывядзе да моцнага й трывалага гартаваньня характару, цi ня дай, Божа, — да ўпадку. У сэрцы — сумлевы, недавер. Цяжар усьведамленьня, што свой чалавек не абавязкова зьяўльяецца тваiм памочнiкам. Можа быць i ваўком. Iржа сумлеву разьядае кволую тканiну маральнае асновы юнацкага характару.
Дзесьцi над Дняпром тысячамi вогненных зяпаў выпальвае сабе дарогу другая пачварная машына.
«Даёш Бярлiн!»
Тая, што зглумiла мiлiёны людзей на Салаўках, у Сiбiры, Беламорканале, Калыме. Ледзянавокi, з васпаватым твара, таксама як i «обэрмэншы», дзеiць правамi прыроды. Ён — абсалют, пачатак i канец, i найвышэйшы судзьдзя, i пракурор абвiнавальнiк, ён i прысуд. Ён — альфа й амэга ўсяго, што пад ягонай уладай дыхае й варушыцца. Ён разьвяжа ўсе Гордыевы вузлы, усе складаныя пытаньнi жыцьця ў якiх блыталiся мудрацы ўсiх народаў i пакаленьняў ад пачатку сусьвету. Непакорным прынясе вечны супакой… у магiлах, а апрычнiкам дасьць прылады забойства й шчодра ўзнагародзiць iх, каб прадаўжалi сваё нiкчэмна-подлае iснаваньне на ягонай службе. I мiлiёнамi распаўзуцца забойцы па цэлым сьвеце, каб гордае, вольнае й непакорнае выкаранiць, а падатнае пад сваю ўладу ўзяць.
Нiкчэмнiк тыран прыпрог у сваю калясьнiцу найбольш агiднае, антычалавечае, антыбоскае. Вунь ягоныя пасланцы, перапоўненыя гневам i нянавiсьцю да высокага й шляхотнага, забiваюць у менскiх руiнах. Калi не сваiмi рукамi, дык правакацыямi, рукамi працiўнiкаў. Колькi Беларусаў перабiлi! Цяпер вайна, што ня ведае нiякае меры й лiтасьцi. Цяпер бандыты страляюць ва ўпор. А раней? На «мiрным будаўнiцтве» выдушылi цьвет беларускае iнтэлiгэнцыi, моладзi. Каб больш нiяк i нiколi ня змог на ногi падняцца зьняможаны, зьнявечаны, зганьбаваны народ. Душу яму адабраць i так адурманiць, каб рабом, для заваяваньня iншых, у тую вялiкую калясьнiцу падпрогся…