— Дык от цяперака чуеш. Ну Саладуха быў камунiст, а мы ня ёсьцiка. Але, знаеш, чаго я нi разумею? Немцы-ж самi ня ведаюць мясцовых камунiстаў, iм-жа нехта даносiць. Ну як ты думаеш?
— Вядома свае пальцам пакажуць.
Аграном усьмiхнуўся.
— Што пакажуць пальцам — гэта праўда. Але свае цi чужыя?
На такое загадкавае пытаньне Антось ня ведаў як адказаць. Ён упарта глядзеў Падгайскаму ў вочы. Абое маўчалi.
— Чорт iх знаiць якiя чужыя…
— А вось давай, Антось, разам падумаем. Цi мала ў нас тут чужых, каторым многiя з нашых людзей нявыгадныя? Пра камунiстаў я цяпер нi гавару, бо яны ў норы пазалазiлi, або зьбянтэжаныя, ня ведаюць што рабiць… Але вазьмi паляч'ё. Ты думаў пра iх?
— Ды не. А што такое яны робяць? Яны-ж цэлы час крычалi, што Немцы найбольшыя iхныя ўрагi. Я думаю, што яны цяперака Немца баяцца, каб ня выдушыў iх.
— Наiўнасьць, наiўнасьць, Антось. Крычаць на немцаў яны маглi. Але нi забывайся, што паляч'ё ня будзiць спаць, а нешта рабiць возьмiцца. Ну й цяпер уявi, што Немiц дасьць нам, Бiларусам, як i належыцца, — бо гэта-ж наша зiмля, — дасьць, значыцца, нам школы й адмiнiстрацыю. I што Палякi будуць рабiць, падумай. Вып'ем яшчо?
— Давай яшчо па аднэй. Бог тройцу, казаў той, любiць.
Падгайскi налiваў гарэлку, а Антось задумаўся. Аграном назваў яго наiўным. А ён-жа думаў, што меў ненайгоршую галаву на плячох.
— Ну, знаеш Кастусь, з гэтымi Палякамi ты мяне ў тупiк паставiў. Чакай, абажджы… Няўжо-ж ты думаiш, што яны маглi-б разам зь Немцам пайсьцi, каб нас iзноў душыць? Страшна падумаць…
— Яно-ж сабе страшна, але падумаць трэба. Бо калi мы нi падумаем, Антось, дык хто будзiць за нас думаць? Праўда? Я табе зараз раскажу чаму я так мяркую, што можа здарыцца. Але раней прыпомню табе вось што: ты ведаеш, што я звычайна негаваркi, язык за зубамi ўмею дзiржаць. Праўда?
— А як-жа…
— Але я знаю дзе й калi язык трэба за зубамi дзiржаць. Пiрад табой магу быць адкрытым i таму я так усьцешыўся, што ты да мяне прыйшоў. Трэба пагаварыць i падумаць разам. Але цi ты знаеш, што я агульна пра жыцьцё думаю, чаму я такi а ня iншы?
— Ды не, нi саўсiм.
— Я заўсягды стараюся бяду прадбачыць. Гляджу на самыя чорныя колеры, рыхтуюся да найгоршага. От што мне памагаiць. Усё гэта, вiдзiш, што я меў, пакуль гэтыя нячысьцiкi, бальшавiкi, прыйшлi ды забралi, я здабыў цяжкай працай i навукай. А гэта таму, што на нiкога нi спадзяваўся. От, Антось… Каб нi расьцягваць, скажу табе проста, што трэба прадугледзiць самае горшае й цяпер, дый асаблiва цяпер. Я прыслухоўваюся што Палякi мiж сабой сюсюкаюць i пшэкаюць… Знаеш, ацiраюцца тутака каля мяне… Ну, ведаеш, свой, местачковы ну й гэтак далей. Вось-жа й чую сёе-тое. Скажу табе проста: ужо Палякi думаюць як прыспасобiцца, каб неяк уладу ў свае рукi пры Немцах узяць. Вядома, яны асьцярожна, бо ваенная ўлада яшчэ тут. Але паночкi ўжо адзiн аднаму на вуха, як, маўляў, уладзiцца, каб цэлымi быць дый сякую-такую ўладу мець. А ты падумай, ну, прашу цябе, падумай, што добрага для нас, калi паляч'ё тутака над намi верх возьмiць, га?
— Вядома што будзiць…
— Во, во, вядома, а як-жа. I ты знаеш, што трэба толька, каб мiж iх адзiн цi другi адважны ды з галавой найшоўся, сказаў, павёў, як яны ўсе на падтрымку яму. Што-ж, нi праўда?
— Праўда, мы iх знаем.
— От, Антось, чаго я баюся. Нашыя людзi, ведаеш, спакойныя, асьцярожныя, даўно пры ўладзе ня былi. Пакуль яны куды, дык гэтыя ўжо пазалазяць. Ну, скажам, Немiц будзiць палiцыю арганiзоўваць, на дапамогу сабе. Ну й пазалазяць туды Палякi… Значыцца яны будуць мець у сваiх руках стрэльбы. Ну й вядома, нi над Немцам-жа яны будуць начальнiкамi, а над намi…
— Гэта як ты, Кастусь, кажаш, так яно можыць i быць…
— А чаму-ж не? Знаеш, я ня ведаю i ты ня ведаеш, як яно запраўды будзiць, але-ж мы Палякаў знаем. Трэба прыглядацца, дзiржаць кантакт мiж сабой, каб у выпадку чаго адпор даць. Як ты думаеш?
— Табе, братка, вiдней. Я спадзяюся, што калi што важнае будзiць дык мне пiрадасi, каб мы сабе памагалi. Добра?
— А як-жа. Так мы i ўмовiмся. Ну дык на здароўе.
Выпiлi па трэцяй чарцы.
— А во, — сказаў Кастусь, — чуць нi забыўся, у мяне два вараныя яйкi ёсьць. Хочаш? Добра закусiць.
Ён падаў iх з шафы на стол. Антось узяў адно, пачаў абiраць.
— А што з Жыдамi будзiць, ты чуў? — спытаў гаспадара.
— Немцы ўсё кажуць, што «юдэ капут». Ну але як яны й што будуць рабiць, дык гэта ўвiдзiм. Цяперака нашыя мясцовыя бедныя жыдкi сiдзяць, як мышы пад мятлой. Надта-ж баяцца. Багацейшыя паўцякалi. Ад палячкоў чую, што ў Польшчы Немiц Жыдоў у «гетто» пазаганяў.
— Як гэта ты сказаў? Гет…
— Гетто. Гэта нямецкае слова. Як-бы па-нашаму сказаць — загарадзь; замкнутая цi адгароджаная часьць гораду цi мястэчка. Тамака зьбяруць усiх Жыдоў i дзiржаць пад вартай iх. Ганяюць на работу. Значыцца, волi Жыды нiякай нi маюць, яны саўсiм пад кантроляй.
— Гэта Палякi так расказвалi? Дзе гэта так ёсьць?
— У Варшаве, Лодзi ды ў другiх гарадох. Сюды-ж прыяжджаюць нiкаторыя Палякi, што працуюць на чыгунцы, дык от яны й прывозяць такiя навiны.
— А тутака ў дэпо хто цяпер працуiць?