Перад солтысам паўстаў звычайна паўстрыманы, загадкавы, на язык войстры Антось Дзяркач. З гэтым дзяцюком нiколi надта блiзкiх адносiнаў не ўдалося наладзiць. I не ягоная-ж, Паўлоўскага, гэтта вiна. Вось Дзеркача на воку трымаць трэба. Ад польскае армii ўцёк i ад бальшавiкоў ледзь не з таго сьвету вярнуўся. Хiтранькая цаца. Слова лiшняга зь яго ня выцягнеш. Да Бураковай Нiны прылiзаўся. Вось пра гэтага трэба пранюхаць. Пакуль Немцы якiмi паперкамi заваляць, трэба многа пра каго й шмат чаго праведаць.
Ад такой канкрэтнай думкi Паўлоўскаму аж на сэрцы палягчэла. Ня схiльны быў да вялiкiх роздумаў. Згадалася тая абшмуляная, некалi за польскiх часоў аж па бакох працёртая «тэчка» й зухаваты, фанабэрысты капялюш. Гэныя атрыбуты калiшняга мясцовага аўтарытэту дзесьцi ў клецi, на дне жончынага пасажнага куфра ляжалi. Трэба паглядзець, можа чэрцi мышы дабралiся, цi моль якая. Спатрэбяцца яны, цi не?
Пры гэткiх думках Паўлоўскi ўзяў зь цьвiка ўжо засаленую, як казалi «абнародаваную» савецкую кепку, каторую зацягаў пры нядаўняй уладзе, калi наўмысна апусьцiўся, незаўважным стараўся быць, нiзкага профiлю трымаўся, на вочы людзям мясцовым рэдка паказваўся, каля гаспадаркi бэрсаўся, розныя «кулi» й «налогi» цягаў.
Нацiснуў кепку на лоб. Скрыпнулi дзьверы. На дварэ праз васеньнюю iмжаку намагалася выглянуць сонца. Весялей, здавалася, дзерлi глоткi на чубе Архiпа празяблыя вароны. З будкi выскачыў Мурза, кiнуўся Паўлоўскаму на жывот. Гаспадар пагладзiў сабаку. Пастаяўшы на ганку, памяркаваўшы, Паўлоўскi наважыў заглянуць да Зянькевiча. У лекара, як заўсёды, ня спынялася чарга нямоглых. А разам зь iмi плылi ў хату й навакольныя навiны. Калi ў каго, дык у дзядзькi Зянькевiча можна масу чаго даведацца.
14
Сьцюдзёнае, валавянымi хмарамi засланае, неба як мага хавала дзесь на паўднёвай акраiне Гаравацкай пушчы зьняможанае сонца. Сыпала дробнай белай пацярухай, а тонкi лёд намагаўся пакрыць разводзьдзе на лугах. Зазiмак выпрабоўваў сiлы. З усходу дзьмухаў пранiзьлiвы золкi вецер.
У гэткае надвор'е гаспадара знойдзеш пры познай малацьбе ў гумне, пры мялiцы зь лёнам або iншай хатняй працы. Трэба-ж абставiць кулямi саломы, каб ня ўлез зiмою ў хату нягоднiк вецер, — драўляныя сьцены хаты, абсыпаць кастрай нiз, пазатыкаць дзiркi ў падстрэшшах хлявоў, даць новы насьцвiл саломы для статку, упарадкаваць гаспадарскае земляробнае знарадзьдзе дый цi мала яшчэ чаго.
Жорны пайшлi ў рух незадоўга пасьля бальшавiцкага «вызваленьня» й выглядала, што ня будзе iм супыну. Млыны, некалi адабраныя бальшавiкамi ад сваiх уласьнiкаў, пераважна Жыдоў, цяпер апынулiся ў руках новага акупанта, якому селянiн ня зусiм давяраў. Рызыкоўным стаўся i давоз на млын зярна. Як нiколi раней, селянiн палягаў на сваю кемлiвасьць i прымiтыўныя прылады працы.
Амаль парвалася гандлёвая сувязь iз горадам. Жыдоў з Гацяў выгналi ў Глыбокае й прыйходзiлi весткi, што ўсiх глыбоцкiх i вакольных Жыдоў паселяць у аднэй часьцi места, якое будзе называцца «гетта», каб выпаласкаць рэшткi золата цi iншых каштоўнасьцяў.
Адсутнасьць прадуктаў першае патрэбы, перадусiм солi, цукру й нафты, хоць надта-ж дакучлiвая, ня была неперамагальнай. Чаго добрага, на бяду чалавек мог абыйсьцiся й бяз гэтага. А праныры рабiлi абмен тавараў на чорным рынку, за якiм акупант, заняты ваеннымi справамi, ня меў часу сачыць. На паўдзённым баку Гацяў, ля двух адножных чыгуначных шляхоў людзi знайшлi ўкопаныя ў зямлю цыстэрны, напоўненыя неачышчанай чорнай нафтай. Паспрабавалi палiць у лямпах. Капцiла надта, але гарэла. Асаблiва хутка згараў прасякнуты смалой кнот. Дый гэтаму далi раду. Пакуль агледзiўся акупант, мясцовыя сяляне бочкамi й вёдрамi выцягалi тую чорную нафту й толькi таму доўгiмi васеньнiмi вечарамi па вясковых хатах гарэлi лямпы.
У гэну суботу, абложаная алавянымi хмарамi, прыцярушаная сыпкай халоднай маннай вёска Лiтоўцы жыла гукам жорнаў, стукам набiльнiц на кроснах, вурчэньнем калаўротаў. Вёска ведала, так як i ўсе навакольныя вёскi, што й сяньня могуць зь мястэчка зьявiцца людзi, прывалачы якiясьцi транты-абноскi на харчы мянаць. I можа ня так з разьлiку, як зь лiтасьцi, не галадаць-жа тым у горадзе! — лiтоўскiя зробяць зь iмi якiсь «гяшэфт» i далей будуць прадаўжаць прасьцi, ткаць, малоць, малацiць, мяць, каб на нiкога iншага не спадзявацца, каб незалежнымi быць.
Гандляроў з трантамi спадзявалiся, як калiсьцi таго аднавокага Жыда iз надта скрыпучым i доўгiм возам, што за рызьзё жанчынам iголькi, мыла, гузiкi, стужкi й хусткi сулiў. Але нiколi не чакалi такiх наведвальнiкаў, што наблiжалiся з Гаравацкае пушчы, ды ў такой колькасьцi.