Цi мала чаго бачыў лiтоўскi гасьцiнец! Калi пайсьцi далёка назад, дык бадай цi ня ўсе ваякi, што за гэту зямлю змагалiся, — пераможцы й пераможаныя, — гэтта праходзiлi-валачылiся. У пазьнейшыя часы маскоўскi штык у далёкую й зьненавiджаную Сiбiр сыноў гэтае забранае зянлi тут гнаў… Дзiва няма, што такую прошласьць за сабой меўшы, нiчым, здавалася, таго гасьцiнцу ня зьдзiвiш. Кагадзе «вызвольнiкi» бравурна й фанабэрыста з крыкам «да здравствует» на захад iмчалiся. Пазьней заходнiя «вызвольнiкi» дзесьцi верхам прагудзелi-праляцелi, а гэтта адно сьцiплая колькасьць машын праехала. Падбiтыя шыпамi боты нямецкiх жаўнераў зямлi гасьцiнцу бадай не дакраналiся. Але цi спадзяваўся, калi-б споадзявацца мог, гасьцiнец такога, што нахлынула на яго ў тую сыботу?
Iх пачулi й спасьцераглi тады, калi пры бесьперапыннай лаянцы канвойных, браханьнi сабак-ваўчараў i стрэлах для постраху высыпалi яны тысячамi зь зяпы Гаравацкае пушчы. Ведама, пачулi-б i ўгледзiлi-б iх i бяз вэрхалу канвойных гарлапанаў. Не пачуць нельга было.
Цi даводзiлася вам калi, у вандраваньнi па нашай грэшнай плянэце, зьведаць блiзкасьць мора тады, калi яно ад вас яшчэ аддаленае? Магчыма вы першы раз асэнсоўвалi прысутнасьць нечага ледзь не бязьмежнага, стыхiйнага й магутнага, хоць фiзычна вы былi яшчэ воддаль. Лiтоўскiя сяляне маглi-б пасьля даводзiць вам, што яны здалёку пранюхалi прыблiжэньне масы савецкiх палонных, што ледзь не спантанiчна выбеглi тады да гасьцiнцу, але здарылася гэта куды прасьцей.
Занемагла Пiлiпава Аксеня. Пярыў яе, як у дошку, сухi кашаль. Папрасiла яна сына Арсеня, каб зьбегаў ды папрасiў зёлак у бабкi Апрасiньнi, што на другi бок гасьцiнцу на ўзьлесьсi Гаравацкае пушчы жыла. Гэтак шустры Атсень, — аж дрыгаў яму зь вялiкага iмпэту чуб, — сьпяшыў дадому на помач матцы. У руцэ трымаў шэры кужэльны мяшочак. Хуткi ягоны крок спынiў шырокi й разьлiўны гоман, што пачуўся зь нетраў пушчы. Не, гэта ня быў гоман, а нешта iншае. Галасоў, як такiх, ня чуваць было, а магчыма яны зьлiлiся ў адзiн прыдушаны, прыглушаны гул… Арсень пабажыўся-б вам, што такога нiколi ня чуў i ня мог-бы, пры найлепшым жаданьнi, навет яго акрэсьлiць. Адно пэўнае: у адзiн момант юнак зразумеў, што на гасьцiнцы тысячы людзей i што яны ў руху. Тады пачуў браханьне сабак, адзiн, другi, трэцi стрэл рэхам ускалыхнулi пушчу. Гвалтоўна бiлася сэрца, зь перапалоху дрыжэлi лыткi. На гасьцiнцы паказалiся дзясяткi, сотнi твараў. Шэрых, змучаных. Як прывязаны, трымаюэчыся за камэль дрэва, з-за гольляў пазiраў на гэты дзiўны вобраз юнак. Крыкi канвойных, як нажы. I сабакi… Адзiн зь iх, здалося Арсеню, спасьцярог яго. Больш iнстынктам, чымся развагай, хлапец лiтаральна нырнуў у гушчу дрэў. Ззаду пачулася заўзятае браханьне. I крыкi… I стрэлы… Галiна куста балюча сьцёбнула па твары. Пальцы нешта лiпкае намацалi. А ногi на злом галавы нясьлi. Адно каб гасьцiнец перабегчы. Перад гэным жахлiвым вужам, каб ня выпаўз наперад, не паглынуў… Такога перапалоху ня ведаў хлапец, як жыве.
Душаная кашлем Аксеня, чакаючы хлопца, закiпяцiла ў малым кацялку ваду, адставiла яго на прыпечак i паставiла вiлы ў качарэжнiк. Гвалтоўна рашчынiлiся дзьверы, ветрам уварваўся ў хату сын.
— А божачкi мае, сыночак! Што з табой, хто цябе? — жахнулася матка.
Сын, з закрываўленым тварам, дрыжэў, ня мог злавiць паветра. Ён шпурнуў мяшочак зь зельлем на стол i асунуўся на лаву. У куце, заваленым хламам абноскаў, на нiзкiм табурэце, над калодай Пiлiп падняў галаву.
— Дай…, - сiлiўся Арсень, — дай, мама, духу злавiць.
Аксеню зноў узяў кашаль. Яна зграбла мяшочак са стала, разьвязала яго, падыйшла да прыпечку й сыпала ў вар зельле.
— Iдуць… тысячы йдуць, мусiць! — голасна выбухнуў Арсень.
— Хто йдзець? Што з табой? Хто табе твар падзёр, што ўвесь у крывi? Ты ў люстэрка паглядзiся.
Аксеня намачыла канец ручнiка ды падбегла да сына, узялася выцiраць закрываўлены твар.
— Гэта я, мусiць, у лесе, калi на iх глядзеў, а пасьля ўцякаў ад сабакi ды мне нейкi куст падзёр…
— На каго ты глядзеў?
— Бальшавiкоў… Немiц гонiць. Тысячы, тысячы iх, нi канца, нi краю. Я надта спужаўся…
Пах зваранага зельля прыемным араматам напоўнiў паветра.
— Я цяпер, мамачка, пабягу! — наглiў Арсень.
— Куды ты, сынок, пабяжыш? Ай-яй, божачкi мае! Што ты гэта гаворыш? Пярхi-пярхi! — кашаль напаў на Аксеню. — Раскажы, што ты вiдзiў.
— Ну што там расказваць? Кажу-ж, Немiц па гасьцiнцы бальшавiкоў гонiць. Як сьцяна, на зьлiчыць, нi канца, нi краю. А Немцы па бакох iз стрэльбамi i аўтаматамiды ваўчарамi сабакамi. I страляюць. Ох, як страху нагналi, яж лыткi дрыжаць, як я ходу даў!
— Гэта, мусiць, палонных. А куды ён iх?
— Ды ў Гацi. Чорт яго знаiць, куды. Ну дык, мамачка, я пабягу.
— А куды ты пабяжыш? Стой, шрам трэба во ёдам замазаць. Жарцiкi, гэтак разадраў.
— Пабягу людзям наказаць, каб паглядзець iшлi.