Дзень сяньняшнi, сераду 25-га сакавiка, — ведаў Янук, прыгадваць будзе доўга. Вось неўзабаве, мо за якую гадзiну, узыйдзе ён на гэну рудую, што даўно па хварбе зажурылася, сцэну, стане перад гэтымi, цяпер гаманлiвымi, як пчолы ў вульлi вечарам, людзьмi ды прадэклямуе свой, не бяз поту напiсаны верш, прысьвечаны таму далёкаму гiстарычнаму здарэньню, што адбылося некалi ў Менску Беларускiм. Сотнi сялянскiх вачэй уп'юцца ў яго, спасьцерагуць кажны ягоны рух, а мiлiёны мурашак распаўзуцца па целе, ды цi не перасохне ў горле. Узварушыцца й некуды пасьпяшыць сваiм пампаваньнем сэрца, а ў скронi пачнуць татахкаць рытмiчныя малаточкi. Млосна. Памажы, Божа!
Што гэта раiў яму дырэктар Сабалеўскi, калi на школьным конкурсе, у якiм узялi ўдзел найвыдатнейшыя вучнi, каб напiсаць верш, прысьвечаны 25-му Сакавiку, узяў ён першае месца?
— Перад самым выступам, калi маеш выйсьцi на сцэну й асаблiва калi ўжо станеш тварам перад людзьмi, будзеш моцна хвалявацца. Усе хвалююцца перад выступамi, навет уежджаныя артысты й прамоўцы, каторыя ўжо многа практыкi знаюць. Я таксама, калi маю выступаць перад вялiкай аўдыторыяй, спакою не магу ўтрымаць… А каб не хвалявацца, дам табе добрую раду: зусiм ня думай пра тое, што маеш выступаць, а думай пра нешта табе мiлае, навет сьмешнае выпадак-абразок iз свайго жыцьця. Во гэтак…
Янук намагаўся пра нешта зусiм адменнае думаць, але яно, як на злосьць, уцякала й трацiлася ў тым страхоцьцi, што наступiць мела. А сьмешнага прыгадаць нiяк нельга. Побач сiдзела прыхарошаная, прыгожа зачэсаная румяненькая Дуня.
— Янучок, табе ня страшна? — шапнула яму на вуха.
— Лыткi дрыжаць, мурашкi па целе бегаюць, — перасалiў юнак.
Зiрнуў у ейныя блакiтныя, крыху прыжмураныя вочы, мусiць спадзяючыся там бадзёрасьць знайсьцi, але замiж яе ў дапытлiвых вачох-васiлькох спасьцярог ледзь заўважны цень трывогi. I блiзкасьць Дунiна ня спрыяла ўспакаеньню. Гэныя ўяўныя мурашкi цяпер, здаецца, iнвазiяй хлынулi на галаву. Вось-вось да самых мазгоў дабяруцца.
— А табе? — спытаў. Ледзь зварухнуўся перасохлы язык.
— I мне таксама, — кiўнула галавой дзяўчына.
Янук моцна ўздыхнуў. Недзе ззаду хтосьцi глумiў самасейку, бо нос едкi смурод трывожыў.
— Што табе! — хмыкнуў Янук. — Прачытаеш напiсанае, а ты-ж выдатна чытаеш. Абы адвага. От мне… Гэта-ж трэба свой верш казаць. А калi забудуся? Абсьмяюць.
Дуня мела вельмi ўрачыста прачытаць тэкст Акту 25-га Сакавiка. Яе выбралi, як найлепшую, пасьля чытаньня ў школе. А выступiць яна мае калi дабярэцца да таго ў сваiм дакладзе дырэктар.
Як гэта адважыцца? Дух займала. Нiколi-ж раней перад людзьмi, апроч вучняў у клясе, ня выступаў. А там на залi ў гэнай гушчы нагамi на падлозе шоргаючых i насамi сморгаючых сялян сядзеў недзе ззаду ягоны бацька, а ў iншым месцы й смаркуль Стась i ўжо дзяцюк Уладзiк, i брат Мiкола. Няхай адно запнецца, цi ня так добра скажа, дык ужо хто як хто, а Стась на ўсю глотку зарагоча.
Дзесьцi ў куце чулiся вясёлыя дзявочыя галасы, i агульна ледзь прыцiшаны гоман, якi не нагадваў таго, што некалi чуў на калгасных сходах. Гэтта — весялосьць i вольнасьць, там прыдушаная асьцярожнасьць, адсутнасьць сьмеху. Перад тымi сходамi зьнеахвочаных i працай змучаных людзей навiнчывалi розныя цiвуны, наводля Сабакевiча цi Лявона Шпунта, а сюды людзi прыйшлi з добрай волi й зь вялiкiм зацiкаўленьнем. Як-нiяк, маюць сьвяткаваць сваiм-жа народам, такiмi, як яны, цёткамi й дзядзькамi, створанае нацыянальнае сьвята, вялiкi гiстарычны дзень. А праграму сьвята таго стварылi, пад кiраўнiцтвам дырэктара Сабалеўскага, вучнi гацкай сямiгодкi. Тут маюць быць i сьпевы, i вершы, i даклад. I ўсё гэта ў роднай, усiм зразумелай мове, бяз прымусусу зьненавiджаных чужых палiтрукоў.
— Янучок, ня бойся. Табе трэба ганарыцца, што ты паэта. Iз цэлай школы цябе сам дырэктар выбраў. Ты саўсiм сабе не пашкодзiш, калi якую слабасьць пакажаш…