Міхась Стральцоў часам, не толькі ca мною, уголас даводзіў думкі свае, асабліва ў якую роспачную хвіліну. У лістах ён пісаў нават такое: „Усе мае (амаль усе — бо не паверыш) кволыя літздольнасці i скупыя вольныя хвіліны забіраеш ты...” (12.VI.82). (Маюцца на ўвазе лісты.) Я тады не паверыла i зараз не даю веры. Былі шматлікія абставіны, былі своеасаблівасці характару, была, здаецца, калі не лянота, дык хісткая самадысцыпліна. Было i такое: „А каму гэта трэба?” Сапраўды, талент тонкі, ламлівы, элітарны. Не з тых, якім захапляюцца хатнія гаспадыні i дзяўчаткі з універмага. Ці хлопцы з ПТВ. Я не збіраюся прынізіць ні тых дзяўчатак, ні тых хлопцаў. Там таксама, між іншым, ёсць выключэнні. Але ж каб слухаць Баха, трэба мець хаця б прыродную схільнасць да гэтага. Сякую-такую падрыхтоўку, накіраванасць Менталітэту — пачуццяў. Ну, i ўсё ж нейкія ўмовы i перадумовы. I Гегеля не ўхопіш, прызвычаіўшыся чытаць выключна дэтэктывы. I Поля Валеры наўрад ці агораеш, калі вока i розум шукаюць адно: хто каго любіў, хто каго забіў. Патрэбны чытач, што ўмее размежаваць побытавую i пазазвычаёвую свядомасць.
Чытаць Міхася Стральцова — таксама трэба мець i пэўныя схільнасці, i пэўныя ўмовы. Гэта пісьменнік для людзей падрыхтаваных. Разумова i духоўна. Пісьменнік вытанчанай, празрыстай умельствам сваім мовы. Беларускай мовы. На рускай мове, хай не пакрыўдзяцца ягоныя перакладчыкі, таго Стральцова, якога ведалі мы, ужо не было. I Міхась Стральцоў фатальна рабіўся пісьменнікам для вельмі вузкага кола людзей. Хто ведае? Хто чытае? Была, мне здаецца, i яшчэ „стрэмка”. Ці, хутчэй, стрыжнявая „зацыкленасць”. Натура, якая міласцю сваёй вялікай, Боскай, дорыць талент, „выдае” да яго i бясконцага сумніву, i нездаволенасці сабою i іншымі, i прагу абсалюту. Абсалюту ва ўсім. У стасунках высокага розуму i пачуццяў. У звычайных побытавых з'явах. У адносінах з людзьмі — увогуле. З сябрамі. З жанчынамі. Абраннікі Боскія ствараюць вобразы. Прагнуць гармоніі. A рэчаіснасць падсоўвае мітусню i сурагаты. Замест сапраўдных пачуццяў. Высокіх ідэяў. Бездакорных адносін.
I поўзае чыноўнае вока па выпакутаваных радах, дзе словы — выяўленыя ў фразах, у літарах: i міласць, i дараванне, i дабро, i зло, i пакуты, i шчаслівы крок лёсу. Расчыненая Кніга Быцця. I чалавечае „я” сціскаецца ад гэтых позіркаў, ад чужой знешняй сілы, бунтуе супраць ахвяравання, супраць парушэння існасных сувязей. I супраць мітуслівага нібыта клопату тых, хто побач, хто перашкаджае існаванню на ўзроўні вышэйшых сутнасцяў. I Чалавек, Творца бяжыць ад усяго, i недзе знікаюць, раструшчваюцца думкі, праекты, ідэі.
Няпростыя адносіны звычайна складваюцца ў творцаў з уладамі (не будзем лічыць „лукавых царедворцев” стваральнікамі сапраўднага). Невыпадкова, мабыць, Міхась Стральцоў меў тую сталую схільнасць да рускай „усадебной культуры’. Яму патрэбны былі незалежная адстароненасць, магчымасць размысліць, быць вольным. Мастакі ці не заўважаюць уладароў, ці бягуць ад ix — калі гэта магчыма. Ці ўваходзяць у канфлікт. Ці адкрыта змагаюцца. Але не будзем перабольшваць. Безліч — тых, хто пакутаваў, хто загінуў, хто пісаў у пекле ці пасля пекла, хто меў творчасць як зямны крыж i як зямное збавенне, хто зведаў здраду i ўціск. Але „спісваць” усё на сацыяльныя варункі — ці то ў часы Мікалая I, ці то пад час сталыпінскіх рэформаў, ці то ў часы сталінізму, ці ў часы так званага застою — таксама вульгарызатарства i спрошчанасць. Прыгонны лад, царскія сатрапы, паўстанні, перавароты i рэвалюцыі, сталінскі ГУЛАГ, брэжнеўскія „ўшчыльніцелі духу” — было. Усё гэта некага змусіла да подзвігаў пяра, некаму прысудам зрабіла духоўную смерць, некаму — зрабіла прымусам немату. Але — былі i заўсёды застануцца — пры ўсіх уладах: i ў самым росквіце эканамічным i палітычным — i чалавечая зайздрасць (досыць заўсёды акуратна i абмежавана здольных Сальеры, i так мала таленавітых, ад Бога — Моцартаў), i пэўныя абставіны лёсу, i цяжкае ўжыванне ў свет чалавека, для якога норма — адыход ад нормы, a ўзлёты мяжуюць з наканаванасцю бездані, урэшце — чалавек — гэта не толькі прыродна-грамадскае існаванне, гэта існаванне самога з сабой, рознага, добрага i злога, высокага i нікчэмнага, прыгожага i страхотлівага, У сваёй неад'емнай залежнасці ад людзей i ў сваёй суцэльнай экзістэнцыі, калі ў самыя роспачныя, цяжкія хвіліны чалавек застаецца сам-насам, i ніхто не можа яму дапамагчы: ні спрыяльныя сацыяльныя абставіны, ні каханне жанчыны, ні прыязнасць сяброў, ні прывілеі службовыя, ні дарункі фартуны. Лёсу. Hi усмешка дзіцяці. Ён сам-насам у сваёй Ладдзі Роспачы (паводле Караткевіча), сам сабе прысуд, сам сабе суддзя, сам сабе выратавальнік. Праз што? Праз вялікае ўзрушэнне. Праз якую драбязу. Праз нейкі патаемны імпульс. Праз... Тут у кожнага сваё. Мне так, прынамсі, здаецца. Але ад гэтага залежыць — здзейсніліся задумы ці не. Спраўдзілася дараванае Богам ці не.
Загадкі. Загадкі... Загадка Багдановіча. Загадка Купалы. Загадка Стральцова.
Александр Исаевич Воинов , Борис Степанович Житков , Валентин Иванович Толстых , Валентин Толстых , Галина Юрьевна Юхманкова (Лапина) , Эрик Фрэнк Рассел
Публицистика / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Эзотерика, эзотерическая литература / Прочая старинная литература / Прочая научная литература / Образование и наука / Древние книги