Дарэчы сказаць, высокія чыны i ўвогуле мала хто займаў з нашага пакалення. Калі займалі — досыць позна. Напачатку лічылася — занадта маладыя, „сталінская гвардыя” моцна трымала пазіцыі, сядзелі ва ўсіх чыноўніцкіх крэслах гэтак жа цвёрда, як у крамлёўскіх. „Не магу без працы” — гэта было праўдай, гэта было i трагедыяй. Было трагедыяй таго пакалення — i наступных. Ці не ў першую чаргу — нашага. Бо калі прыйшоў да ўлады Гарбачоў, было пазначана спачатку неаспрэчна: старыя — у архіў. Хаця крыху пазней наша пакаленне аказала сябе вельмі актыўным, вырашаюча актыўным — i пад час так званай перабудовы, i пад час пазнейшых падзей. Але гэта ўсё рэплікі „ўбок”, як пазначаюць драматургі. Большасць — не імкнулася да пасад. „Не прымяраў мундзіраў”, — гэта пра сябе мог сказаць не толькі Рыгор Барадулін (яго словы), a i Уладзімір Караткевіч, i Васіль Сёмуха, i Арсень Ліс, і, безумоўна, Міхась Стральцоў. „Для пісьменніка няма іншай кар'еры, акрамя творчай”, — словы таго ж Хемінгуэя. I яно заўсёды было так, ва ўсе часы. Але на нашу пару — пачынаючы ад 30-Х гадоў — адукаваныя мецэнаты зніклі, за кіраўнічыя сталы траплялі вельмі рэдка людзі дасведчаныя i талерантныя, а звычайна з трафарэтным i ваяўніча выпрастаным уяўленнем. Хаця — літаратурнаму пакаленню Стральцова пашанцавала: у „Полымі” на пачатку ix літаратурных спроб быў Максім Танк, у „Маладосці” — Пімен Панчанка. Прозу Стральцова бласлаўляў Янка Брыль. Аднак — у выдавецтве, што выпускала мастацкую літаратуру, тады рабілі дырэктарамі К. Майхровіч i З.Матузаў. Гэта пры ix грамілі i рассыпалі набор твораў Уладзіміра Караткевіча. Гэта пры ix рассылаліся загады i вердыкты — што можна, што трэба i што не трэба пісаць.
Міхась Стральцоў выбраў сабе шлях, які ў 60-я, 70-я гады ніхто не забараняў i ніхто асабліва не заахвочваў. Не лаялі, а так, пашкрэбвалі словам: немаштабна, камерна, неактуальна. Лірычна-філасофская проза. Крытычная проза. Пазней — паэзія. Тут было выратаванне. Тут была трагедыя.
Наша пакаленне ў відавочныя маразы пасля „адлігі” „залегла” ў рамантычна-аналітычны дрэйф. „А я еду, а я еду за туманом, за туманом, за туманом и за запахом тайги”, — гэтую немудрагелістую мудрасць — хай даруюць мне таўталогію — падхапілі невыпадкова. Бегчы — было яшчэ магчыма. I не толькі за мяжу (гэта было досыць складана, між іншым). Хаця, зразумела, выяўлялася, што ў тайзе або каля праліва Лаперуза тое ж самае, што ў роднай Беларусі ці дзе-небудзь у так званай сярэдняй паласе нашай былой неабсяжнай. „Вясёлую планету” Калыму, здаецца, так актыўна ўжо не асвойвалі, аднак трапіць у псіхушку ці проста ў спісы неблаганадзейных было вельмі проста. Узварухнулася, абудзілася было надзея на ўзнаўленне, калі не Адраджэнне, беларускасці — i пайшла пад лёд пасля „адлігі”. Адлучэнне ад беларускага ішло неўпрыкметку нібыта, але запланавана, няўхільна. Паводле прадпісанняў i тэорый пра адміранне нацый. З'явіліся „ліберальныя” паслабленні: хочаш — вучы: не хочаш — не вучы. У навучальных установах знікала мова. На ўсіх узроўнях. Забываліся на мову тыя, хто яе ведаў: нашы равеснікі. Які ж інжынер, якая лекарка мелі нармальную магчымасць гаварыць па-беларуску? Пісалі пра нашу мову Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, даводзілі выдатныя ўзоры літаратурнага існавання яе Вячэслаў Адамчык, Іван Чыгрынаў, Анатоль Кудравец. Пакутна раздумваў пра „загадку Шамісо” Міхась Стральцоў у „Загадцы Багдановіча”. Тут было выратаванне. Тут была трагедыя. У канцы 80-х гэтае пакаленне папракалі. Шмат. Жылі ў застоі. У турму не ішлі. Штандар нязгоды не выкідвалі. На мітынгі не выходзілі (далёка не зайшлі б, між іншым). Адным словам, мелі нахабсгва — існавалі. Паслухмяна запісвалі ў анкеты: „Не быў”, „Не ўдзельнічаў”, „Не маю”... Так.
I захоўвалі свабодны дух. Хаця „ламаліся” нашы равеснікі, тыя, хто нарадзіўся ў канцы 30-х — пачатку 40-х, часцей, як больш старэйшыя ці маладзейшыя. Адны, старэйшыя, набылі жыццёвага вопыту i маўклівага скепсісу яшчэ пры „правадыру ўсіх народаў”. Маладзейшыя — набывалі імунітэт самазахавання ў брэжнеўскія часы. Мы, загартаваныя ў дзяцінстве лозунгам i накшталт „За справу Леніна — Сталіна будзьце гатовы!” — „Заўжды гатовы!”, у гады сталення i ўзроставага максімалізму паверылі „назаўсёды”: культу асобы не будзе, таталітарызму не будзе, хлусні не будзе... Рамантызм, высокія ідэалы, іронія, скепсіс, вера i нявер'е — усё перакруцілася ў няпросты скрутак. А тут пачалося — інверсіі, эўфемізмы: „быў рэпрэсіраваны”, праз пару гадоў — „трагічна загінуў”, яшчэ праз нейкі час — дабрачынна „памёр”. Пра ўсіх ахвяр 30-х гадоў. Прывучаныя да аскетызму як да нормы жыцця, існавання, мы бачылі, што гэтыя прынцыпы ў пару „развітога сацыялізма” не маюць цаны, увогуле пачаліся масавыя „абмены” — купля-продаж на масавым, прымітыўным, i нейкім бессаромна-танным узроўні.
Александр Исаевич Воинов , Борис Степанович Житков , Валентин Иванович Толстых , Валентин Толстых , Галина Юрьевна Юхманкова (Лапина) , Эрик Фрэнк Рассел
Публицистика / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Эзотерика, эзотерическая литература / Прочая старинная литература / Прочая научная литература / Образование и наука / Древние книги