Дык прыехаў гэты хлопец — Міхась Стральцоў — у сталіцу парой, якую пазначаюць „хрушчоўскай адлігай”. У сярэдзіне 50-х гадоў. У пару ашаламляльнага сацыяльна-грамадскага прарыву. Было вернута натуральнае права на ўспрыняцце сапраўднай, існуючай рэальнасці, а не фантомнага сёння дзеля светазарнага заўтра. Праўда, неўзабаве нам паабяцалі, што мы будзем жыць пры камунізме. Аднак скептычнае наша пакаленне (рамантызм спакойна суседнічаў з самаіроніяй i скепсісам) успрыняла гэтую дэклярацыю як дэклярацыю — не больш. Затое мы займелі права на самавыяўленне. На сумніва. „Нас вырастил Сталин...” — догма нашага дзяцінства была абвержана, мы вярнуліся да натуральнай высновы, што гадавалі нас бацькі, больш маці (таты нашага пакалення ці не праз аднаго загінулі на вайне), бабкі, дзяды, цёткі. Дзіцячыя дамы... „Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышит человек...” — гэтая прыемная ілюзія таксама знікла пасля першых афіцыйных звестак пра рэпрэсіі. Неаспрэчнае веданне пра тое, што ў нас усё — самае лепшае, руйнавалася самой рэчаіснасцю. Нашы паркалёвыя „футболкі” пэўна не маглі канкурыраваць нават з немудрагелістымі світэрамі якога шатландскага вырабу — з'явіліся першыя пасылкі „адтуль”, з-за кардону. Пачаў аказвацца „імпарт”, слова, што даўно, мабыць, не было ў абыходку. Лаліта Торэз спявала з экранаў пра цудоўны горад Паімбру таксама не ў лахманах, a Ліз Тэйлар то i ўвогуле ў „Рапсодыі” не так выконвала ролю i іграла на фартэпіяне (па ролі — яна піяністка), як дэманстравала сваю бездакорную постаць у недасягальна-шыкоўных строях. Надавалі сацыяльнай самаўпэўненасці хіба што італьянскія неарэалісты — ваша галеча на нашу галечу: хто, так бы мовіць, перасягне.
Галоўнае ж — пасля пасляваенных гаротных нашых пайкоў: i ў прамым, i ў пераносным сэнсе, было чым жывіцца. Стаўся ўжо нейкі харч, наедак, i — хлеб духоўны: пасля ўсіх „Кавалераў залатой зоркі”, „Кубанскіх казакоў”, усіх класных i пазакласных „вольналюбівых i патрыятычных матываў”, пасля рэпрадуцыраваных „шэдэўраў” выяўленчага мастацтва накшталт „Ленін i Сталін у Горках”, пасля па-сутнасці суцэльнай забароны жывога слова i жывой думкі — Хемінгуэй i Рэмарк, Олдзінгтон i Дос-Пасас, Салжаніцын i Залыгін, Брыль i Быкаў, займелі зноў літаратурныя i чалавечыя правы Уладзімір Дубоўка i Ян Скрыган, Анна Ахматава i Марына Цвятаева... Пачалі з'яўляцца i згадвацца творы Сент-Экзюперы, Сартра, Камю, Ануя, Гамсуна, Както... З'явіліся фільмы Де Сіка, Феліні, Уайлера, Фішэра, Стэнлі Крэмера, Марселя Карнэ, Лукіна Вісконці... З цэлым гуртам зорак: Жан Габэн, Ален Дэлон, Жэрар Філіп, Жан Марэ, Сімона Сіньярэ, Бэт
Дэвіс, Анук Эмэ, Марлен Дзітрых, Марына Уладзі, Віўен Лі, Одры Хэпбёрн, Грэгары Пэк, Максіміліян Шэл...
Мы глядзелі „Ляцяць журавы” Р.Калатозава i „Баладу пра салдата” Р.Чухрая, „Гамлета” Р.Козінцава i „Звычайны фашызм” М.Рома. З'явіліся новыя творы А.Твардоўскага. Усіх скалануў „Адзін дзень Івана Дзянісавіча” А.Салжаніцына. Пачалі друкаваць І.Буніна... Пісаў сваю новую прозу В.Катаеў: „Святы калодзеж”, „Трава забыцця”...
Пасля бясконцых рэпрадукцый „Раніцы ў сасновым лесе” (на узроўні клішэ на цукерачных абгортках) мы захлыналіся „Гісторыяй імпрэсіянізму”, кнігай Ліянела Вентуры „Ад Манэ да Латрэка”, публікацыямі пра Пабла Пікаса i Сальваторэ Далі... Хапалі, як гарачыя піражкі, польскую прэсу, пільнавалі „Иностранную литературу” i „Новый мир”.
У Саюзе візытавалі замежныя зоркі Іў Мантан i Жэрар Філіп... А Гелена Лаўбалава ў Менску, у атракцыйнай чырвонай сукенцы, фацэтна какетавала галаском з мілым акцэнтам: „Кръасную ръозочъку, кръасную ръозочъку я тебье дарью...” На рэнтгенаўскую плёнку запісвалі Булата Акуджаву i Уладзіміра Высоцкага... Зачытваліся Максімам Багдановічам, адкрываючы сабе наноў гэтага „хрэстаматыйнага” паэта. Даведваліся пра тое, што ў беларускай культуры былі Браніслаў Тарашкевіч, Мікола Шчакаціхін, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Ядвіга Ш., Зоська Верас... Антон Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік... Але тут дзверы зачыняліся. Нельга, не дазволена, не пажадана.
Канец 50-х — пачатак 60-х... Ілюзіі, надзеі, спадзявапні...
Было вернута права на лірыка-філасофскую прозу. На інтымную тэму. На камернае, так бы мовіць, светаўспрыманне. Хаця ўвесь час афіцыйная перавага аддавалася эпахальнаму, маштабнаму, падкрэслена сацыялагічнаму. І ўсё ж... З'явіліся новыя творы Янкі Брыля, Юрыя Нагібіна, Валянціна Катаева. Пачыналі пісаць Юры Казакоў, Георгі Сямёнаў, Алег Бітаў, Міхась Стральцоў, Уладзімір Караткевіч.
Падавалі — упэўнена i па-ранішняму свежа — галасы Рыгор Барадулін i Анатоль Вярцінскі, Яўген Еўтушэнка i Андрэй Вазнясенскі... Бэла Ахмадуліна, Вера Вярба. (Славутых сёння Іосіфа Бродскага, Уладзіміра Сакалова мы прачыталі пазней.)
Александр Исаевич Воинов , Борис Степанович Житков , Валентин Иванович Толстых , Валентин Толстых , Галина Юрьевна Юхманкова (Лапина) , Эрик Фрэнк Рассел
Публицистика / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Эзотерика, эзотерическая литература / Прочая старинная литература / Прочая научная литература / Образование и наука / Древние книги