Читаем Бэзавы попел полностью

Было вернута права на скепсіс. На іронію. На парадаксальнае мысленне. Абнаўлялася рэчаіснасць. рабілася іншай літаратура. Дарэчы, не толькі ў разварушаным ідэёвымі віхурамі Савецкім Саюзе. I там, на Захадзе, з'явілася так званае раз'юшанае пакаленне: Джон Уэйн, Джон Осбарн, Джон Портэр. Там быў абвешчаны антыраман: Наталі Сарот, Алан Роб-Грые, Мішэль Бютор. Зноў па ўсім свеце пайшла мода на парадоксы Бернарда Шоў i Оскара Уайльда, усе сцэны былога сёння Soviet Union бралі ў палон „Варшаўская мелодыя” В.Зорына (пра нешчаслівае каханне полькі i рускага) i „Двое на арэлях” У.Гібсана (таксама — гісторыя кахання), праўда, гэта крыху пазней.

A ў сярэдзіне 50-х юнака са Слаўгарадчыны, з вёскі Сычын, у горадзе Менску сустрэлі сінкопы яшчэ мала дазволенага ў нас джаза, хаця рытмы класічнага дыксілэнда паўсюдна ўжо рваў на часткі пераможны рок-н-рол. На пляцоўцы ж паміж інтэрнатамі універсітэта на Бабруйскай i хім-i фізічным карпусамі акуратна вальсавалі „шэрачка з машэрачкай” учарашнія дзесяцікласніцы, смела пратоптвалі падэшвы вальс-бастонамі спрактыкаваныя танцоры, старанна-зухавата пераміналіся з нагі на нагу урбанізаваныя „элементы’, рытмічна млелі ў танга парачкі. „Домино, домино, будь веселым, не надо печали”, — гнаў распеўна радкі ўзмацняльнік. „Ты ходишь в галстуке, ты куришь сигареты”, — вясёла ці то папракаў, ці то канстатаваў нехта борздзенькім рытмам; пераможна-няголасна грымела: „Мишка, Мишка, где твоя улыбка...” А на юрфаку, дзе месціўся з канца 50-х i філфак (журналісты былі ў яго складзе), адбывалася нешта i зусім па тым часе забароненае: мясцовы аркестрык жвава „выдаваў” рэпертуар Элвіса Прэслі i Дзіна Рыда. I энергічна куляліся, скакалі юрысты, філалагіні i журналісты — ажно да вялікага гневу мясцовых камсамольскіх уладаў. Якія, дарэчы, у суполцы з рознымі актывістамі вялі цяжкія „ідэалагічныя” баі: якую шырыню павінны мець штаны ў савецкага маладзёна i як гэная шырыня адбіваецца на ягоным інтэлектуальным узроўні i патрыятычных пачуццях.

А насупраць філалагічна-юрыдычнага корпуса была наша сапраўдная Alma mater — Ленінка. Дзе мы i набывалі: па праграмах, а больш самапасам — адукацыю. Чыталі класікаў i някласікаў. Здаецца, Міхась Стральцоў Ленінку не вельмі наведваў, любіў спасцігаць мудрасць у больш камфортных хатніх умовах. Як i не быў зацятым тан­цорам. Але... i ён, i яго героі жылі ў тым часе. Дзе былі тыя ж захапленні, тыя ж гукі, тыя ж кнігі. (Наўмысна не цытую выказванняў Стрельцова з даведніка „Пра час i пра сябе” — яны ўсім вядомыя). А магчыма, больш неяк згадваецца ягоны „Свет Іванавіч, былы дон­жуан”, яго герой-равеснік: „Недзе на трэцім курсе я адпусціў доўгія валасы — тады гэта было можна. I падняў каўнер курткі — гэта таксама, здаецца, лічылася, што няблага. Тады катастрафічна, увачавідкі вузілі ў хлопцаў штаны, затое так прасторна было плячам пад шырачэзнымі пінжакамі. Праўда, гэта ўжо мяне не датычыла. Доўгія валасы — няблага. I падняць каўнер — таксама. Я чытаў тады французкія раманы. Эміль Бландэ, Люсьен Рубампрэ... Галантны век, дасціпнасць. І скепсіс”.

У кожнага з нас быў свой час спасціжэння „Страчаных ілюзій”. Я праглынула 13 тамоў Бальзака, якія толькі што выйшлі з друку, карычневыя асобнічкі, адзін да аднаго, недзе ў 9 класе, — прыблізна тады ж Стэндаля, Уайльда, Шоў, герой Міхася Стрельцова — на трэцім курсе. Некалі прачытаў ix i сам Стральцоў. Наша пакаленне адкарасквалася аб бабаеўскіх i кочатавых, мы мелі інтарэс да замежных раманаў: Рамэна Ралана, Томаса Мана, Ражэ Мартэна дзю Гара, Джона Голсуорсі... І тыя самыя раманы Філдзінга, Дзікенса, дзе „шматпакутныя героі пад эпілог сыходзіліся на ласкавы агонь камінка. За апушчанымі шторамі выў халодны восеньскі вецер. Камінак быў узнагародай. Цаной былой неўладкаванасці i нягод”. Ва ўніверсітэцкі i пазнейшы час пра ўсё гэта мы, як i герой Міхася Стрельцова, згадвалі з іроніяй. Самаіронія рабілася зброяй самаабороны, пафас быў „прыладай” састарэлай i штучнай.

У польскай перыёдыцы мы чыталі Пруста i Кафку. Тата Хэм, Олдзінгтон, Эрых-Марыя Рэмарк, Фіцджэральд Скот, — ix героі нішчылі ўсе ўяўленні пра свет i пра нас. Адчынялі старонку кнігі i чыталі: „А потым што мы рабілі? — спытаў ён”. Ніякіх табе тлумачэнняў, апісанняў, прэамбул. Мы адчувалі на сабе ўздзеянне таго самага таямнічага падтэксту, разуменне якого пазней зацягалі, заштампавалі, a ў нас, на Беларусі, так i не ўспрынялі, беручы пад увагу як адзіна магчымую, так бы мовіць, нацыянальную школу — апісальна-крытычны рэалізм, падрабязны, непаспешлівы, грунтоўны. Так, i толькі, усё астатняе ад нячыстага. Праўда, Міхасю Стральцову непадобнасць яго неяк даравалі. Ён пачынаў, не „расцякаючыся думкаю па дрэву”: „У тэлефоннай будцы былі двое, i я ненавідзеў ix”. Вы не знойдзеце такога пачатку ні ў кога з ягоных літаратурных равеснікаў. Хаця да ўсіх прыйшла літаратура, якую даўно ці наогул не друкавалі ў Саюзе. Хаця ўсе былі „дзецьмі XX з'езду”, „дзецьмі вайны”, амаль усе — „з хат”.

Перейти на страницу:

Похожие книги